Увесну стала вядома пра выхад на волю некалькіх палітвязьняў паводле закону аб амністыі ад 7 сьнежня 2022 году. Яго павінны выканаць цягам паўгода, да 7 чэрвеня 2023 году. Камусьці з вызваленых заставалася сядзець некалькі месяцаў да канца тэрміну, а камусьці — некалькі тыдняў. Прынамсі над некаторымі ўстанавілі нагляд, яны мусяць рэгулярна адзначацца ў міліцыі працяглы тэрмін.
Як ананімна расказаў адзін зь нядаўна вызваленых палітзьняволеных, ва ўстанове, дзе ён адбываў пакараньне, ледзь не палова асуджаных сёлета выйшлі на волю па амністыі, але палітвязьняў сярод іх адзінкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшаў Пётр Зіневіч: гэта першы вядомы выпадак вызваленьня палітвязьня па цяперашняй амністыіПраваабаронца Павал Сапелка патлумачыў Свабодзе, што ёсьць толькі адно наступства для вызваленых паводле амністыі.
«У наступны раз амністыю могуць не прымяніць. Гэта звычайна пазначаюць у тэксьце закону аб амністыі, што яна звычайна не прымяняецца цягам нейкага тэрміну ў дачыненьні да людзей, да якіх яе ўжо прымянілі раней, і яны зноў учынілі злачынства», — кажа Сапелка.
Паводле закону «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства» ад 7 сьнежня 2022 году, амністыя не распаўсюджвалася на людзей, да якіх прымянялі амністыю або памілаваньне цягам 2019–2022 гадоў і якія зноў зрабілі наўмыснае злачынства падчас нязьнятай судзімасьці.
Са словаў Паўла Сапелкі, увядзеньне прэвэнтыўнага нагляду не залежыць ад амністыі. Над некаторымі былымі вязьнямі яго ўводзяць, над некаторымі не.
Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч мяркуе, што выхад кожнага чалавека з-за кратаў дае палёгку, аднак для былых палітвязьняў цяжкасьці застаюцца.
«Тут ёсьць двайная гульня. Па амністыі кагосьці вызваляюць, але чалавека пакідаюць пад жорсткім наглядам, пад патэнцыйным перасьледам далей. У значнай ступені іх стараюцца выпхнуць з краіны. Многія вымушаныя ехаць», — пракамэнтаваў Хільмановіч.
На ягоную думку, выхад палітвязьняў, з аднаго боку, азначае вызваленьне, а з другога — дыскрымінацыю ва ўсіх правах.
«Гэта дыскрымінацыя ў праве знаходзіцца на сваёй роднай зямлі, працаваць у сваім родным горадзе ці мястэчку. Таму палёгкі асаблівай людзі не адчуваюць», — мяркуе праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плюс поўная і безумоўная капітуляцыя. Чаго хоча дамагчыся Лукашэнка, робячы прапанову «зьбеглым» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьняў Лукашэнка добраахвотна не амністуе, а вось прадаць ці абмяняць можа. Як ужо зараз ратаваць людзей з турмаў?