«Зафіксавалі перамяшчэньне вайсковай тэхнікі». Украінскія памежнікі зноў пажартавалі зь беларускіх калег. ВІДЭА

На ўкраінскай часты мяжы зь Беларусьсю вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. Архіўнае фота

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны абнародавала відэазапіс, зроблены з выведнага бесьпілётніка ў паветры на тэрыторыяй Беларусі.

На ім беларускія памежнікі з месца на месца перамяшчаюць свой аўтамабіль.

Гэты запіс украінцы суправаджаюць іранічным камэнтаром:

«Пагроза зь Беларусі⁉️ Дрон украінскіх памежнікаў зафіксаваў перамяшчэньне вайсковай тэхнікі непадалёк ад мяжы».

Украінскія памежнікі пэрыядычна публікуюць свае відэазапісы, зробленыя на мяжы зь Беларусьсю. Сярод іх як жартаўлівыя з пудзілам, так і як аб разьмяшчэньні вялікіх плякатаў з інфармацыяй аб расейскай агрэсіі супраць Украіны і бел-чырвона-белых сьцягоў. Былі факты, калі ўкраінцы сьпявалі гімн Украіны і іншыя песьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі паскардзіліся на пудзіла «Валеру» і іншыя «правакацыі» на ўкраінскай мяжы

У беларускіх памежнікаў гэтыя дзеяньні з украінскага выклікаюць абурэньні. Яны называюць іх правакацыямі «з мэтай нейкага запалохваньня і псыхалягічнага ціску на вайскоўцаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы павіншавалі беларускіх памежнікаў з 9 траўня плякатамі пра перамогу над «рашызмам» і гімнам Украіны

У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы на мяжы зь Беларусьсю пачалі трансьляваць відэазапіс аб злачынствах расейскіх вайскоўцаў у Бучы

Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне праціўніка зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь спыніла пагадненьне з Украінай пра тэхнічную абарону інфармацыі