Балы, якія бачныя ў асабістым кабінэце на сайце Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў (РІКВ), зьяўляюцца дакладнымі. Пералічваць іх ня будуць, заявіў БелТА дырэктар РІКВ Юры Міксюк.
«Пераліку вынікаў ЦЭ ня будзе. Тыя балы, якія абітурыенты бачаць у асабістым кабінэце на сайце РІКВ, актуальныя, правільныя. Яны пойдуць у сэртыфікат ЦЭ», — цытуе яго дзяржагенцтва.
Паводле яго слоў, у РІКВ працуе гарачая лінія для навучэнцаў і іх бацькоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля першага дня ЦТ у матэматыцы яго заданьні апынуліся ў сецівеРаней сайт Zerkalo напісаў, што ў выпускнікоў узьніклі пытаньні да балаў, атрыманых на цэнтралізаваным экзамэне. На погляд некаторых, налічаныя балы не карэлююць з колькасьцю правільна выкананых заданьняў. Таксама ў некаторых тых, хто здаваў, адлюстроўваліся вынікі, большыя за 100 балаў — 101 і 103 балы.
На ЦЭ за кожнае заданьне налічваецца пэўная колькасьць першасных балаў. Затым іх сума пераводзіцца ў тэставы бал па спэцыяльнай формуле.
Раніцай Мінадукацыі паінфармавала, што на 100 балаў першы ЦЭ па расейскай/беларускай мове напісалі 895 адзінаццаціклясьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра атрыманьне вышэйшай адукацыі ў Беларусі гаворкі ўжо няма». Што стала з прыватнымі школамі і садкамі пад канец навучальнага году