У Малдове ствараюць нацыянальны цэнтар для барацьбы з гібрыднымі пагрозамі і дэзынфармацыяй

Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду. Архіўнае фота

Цэнтар будзе называцца «Патрыёт».

Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду ініцыявала стварэньне Нацыянальнага цэнтру барацьбы з прапагандай.

Як паведаміў урад Малдовы, адпаведны законапраект будзе ўнесены ў парлямэнт у чэрвені, а цэнтар будзе называцца «Патрыёт».

Цэнтар будзе выконваць дзьве асноўныя функцыі: публікаваць праўдзівую інфармацыю, павышаць устойлівасьць грамадзтва да дэзынфармацыі, выяўляць і ацэньваць дэзынфармацыю, а таксама ліквідоўваць рызыкі, зьвязаныя з гібрыднымі пагрозамі для нацыянальнай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова спыніла вяшчаньне расейскіх і прарасейскіх каналаў

Летась у сьнежні Камісія ў надзвычайных сытуацыях ураду Малдовы прыпыніла дзеяньне ліцэнзій шасьці тэлеканалаў за некарэктнае асьвятленьне падзей на Ўкраіне.

У лютым 2023 году прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што Расея плянуе пры дапамозе іншаземных грамадзян з вайсковай падрыхтоўкай ажыцьцявіць у Малдове дзяржаўны пераварот, каб цалкам падпарадкаваць краіну Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Малдовы: Расея хоча зрабіць у нас пераварот пры дапамозе іншаземцаў, у тым ліку беларусаў

У красавіку Эўрапейскі парлямэнт ухваліў рэзалюцыю, у якой рэкамэндаваў да канца 2023 году пачаць з Малдовай перамовы аб яе далучэньні да Эўразьвязу.

18 траўня прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што сяброўства ў Эўразьвязе — найлепшы спосаб для краіны абараніцца ад патэнцыйнай расейскай агрэсіі, а яе цяперашні статус нэўтралітэту заўсёды можа быць перагледжаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове абвясьцілі аб першых супольных з Францыяй, Румыніяй і Вялікай Брытаніяй вайсковых вучэньнях

Першага чэрвеня ў Малдове пройдзе першы саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, створанай летась прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам для паляпшэньня супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і краінамі, якія не ўваходзяць у яго склад.

Сёлета ў траўні парлямэнт Малдовы ініцыяваў працэдуру выхаду зь Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова разглядае сяброўства ў Эўразьвязе як шчыт ад расейскай агрэсіі, — прэзыдэнтка Санду