У ноч на 29 траўня расейскае войска выпусьціла па тэрыторыі Ўкраіны да 40 крылатых ракет, паведаміў галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Валеры Залужны.
Паводле яго, атака была накіраваная на вайсковыя аб'екты і абʼекты крытычнай інфраструктуры.
«Праціўнік выпусьціў з раёну Касьпійскага мора да 40 крылатых ракет паветранага базаваньня Х-101/Х-555 зь дзевяці стратэгічных самалётаў Ту-95МС. Праціўнік атакаваў з поўначы і поўдня з іранскіх БПЛА Shahed-136/131. Усяго 35 ударных бесьпілётнікаў», – сказаў Залужны.
Ён дадаў, што войскі СПА адпрацавалі ў зонах адказнасьці ўсіх авіяцыйных камандаваньняў ВПС: «Цэнтар», «Усход», «Поўдзень» і «Захад».
Паводле Залужнага, сіламі супрацьпаветранай абароны было зьнішчана 67 паветраных цэляў:
- 37 крылатых ракет Х-101/Х-555,
- 29 ударных бесьпілётнікаў Shahed-136/131,
- адзін выведвальны БПЛА апэратыўна-тактычнага ўзроўню.
Аб працы супрацьпаветранай абароны таксама паведамілі адміністрацыі Львоўскай, Хмяльніцкай, Віньніцкай і Адэскай абласьцей.
15-я паветраная атака на Кіеў
Паводле Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі, мэта такіх нападаў — зьнясіленьне рэсурсаў украінскай супрацьпаветранай абароны, а таксама «ўтрыманьне у глыбокай псыхалягічнай напрузе мірнае насельніцтва».
«Гэтай ноччу зноў былі дроны — паводле папярэдняй інфармацыі, вораг ужыў бояпрыпасы Shahed. Практычна адначасова з атакай БПЛА, з раёну Касьпійскага мора варожыя ТУ-95МС зьдзейсьнілі запускі крылатых ракет, верагодна Х-101/555. Таму атака на сталіцу была камбінаванай, па розных напрамках. Агулам сіламі і сродкамі нашай СПА было выяўлена і зьнішчана больш за 40 паветраных цэляў», — напісаў кіраўнік Кіеўская гарадзкая вайсковая адміністрацыя (КГВА) Сяргей Папко.
Па дадзеных КГВА, удараў па Кіеве не было. Канчатковыя зьвесткі будуць апублікаваныя Паветранымі сіламі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея працягвае інтэнсіўныя начныя атакі на Кіеў і Дніпро. Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці скардзіцца на абстрэлы з УкраіныУ Падольскім раёне абломкі прабілі дах жылога дома, пацярпелых няма. Раней мэр горада Віталь Клічко паведамляў, што ў Сьвятошынскім раёне абломкі ўпалі на бязьлюдны будынак і выклікалі пажар.
Паводле падрабязных зьвестак Генштабу, раніцай 28 траўня расейскія войскі запусьцілі над Украінай 59 ударных дронаў, 58 зь атрымалася зьбіць.
Па зьвестках гарадзкіх уладаў сталіцы, абломкі беспілотнікаў сталі прычынай пажараў у Галасееўскім і Дарніцкім раёнах. Таксама пашкоджана крама у Дарніцкім раёне. Раней мэр горада Клічко паведамляў пра аднаго загінулага і аднаго параненага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна за ноч зьбіла 35 бесьпілётнікаў, якія расейцы накіравалі на Кіеў. Ёсьць пацярпелыя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін упершыню пракамэнтаваў атаку Крамля бесьпілётнікаміВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.