Аб гэтым са спасылкай на крыніцы піша карэспандэнт расейскай газэты «Коммерсантъ» Андрэй Калесьнікаў. Са слоў журналіста вынікае, што Пуцін распавёў аб «пралёце» аднаго дрона, а ня двух, заявіўшы, што ў апараце, які выбухнуў, «няма нічога асаблівага».
Крэмль паведаміў аб выбуху двух бесьпілётнікаў у Крамля 3 траўня. У раёне купала Сэнацкага палаца, вядомага таксама як першы корпус Крамля, з прамежкам прыкладна ў 16 хвілін узарваліся два робаты, якія прыляцелі з супрацьлеглых кіранкаў. Аб сваёй датычнасьці да здарэньня ніхто заяўляць ня стаў. Масква назвала гэта спробай тэрактаў і замаху на Пуціна і абвінаваціла ў нападзе Кіеў. Украінскія ўлады гэта адмаўляюць.
Пуцін сытуацыі зь бесьпілётнікамі публічна не камэнтаваў, нягледзячы на тое, што ў атакаваным будынку знаходзяцца яго працоўны кабінэт і крамлёўская кватэра.
Пуцін закрануў гэтую тэму 8 траўня на закрытай сустрэчы з кіраўнікамі рэдакцый.
Як піша Калесьнікаў, на пытаньне пра «дрон, які некалькі дзён таму пралятаў міма купала», Пуцін расказваў, што «нічога ў гэтым дроне асаблівага»; ён «зроблены з дроту і сучасных, праўда, матэрыялаў і што такія самаробныя дроны заляталі на базу Хмеймім у Сырыі, так што знаёмыя, і што ў ім было ўсяго, здаецца, 400 г трацілу». Паводле Калесьнікава, Пуцін «не надаваў таму, што адбылося, таго значэньня, якое яму надаваў увесь астатні сьвет».