Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея працягвае інтэнсіўныя начныя атакі на Кіеў і Дніпро. Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці скардзіцца на абстрэлы з Украіны


Наступствы расейскіх абстрэлаў украінскага горада Дніпро. 22 траўня 2023. Архіўнае фота
Наступствы расейскіх абстрэлаў украінскага горада Дніпро. 22 траўня 2023. Архіўнае фота

Крытычных разбурэньняў няма.

Расея ў ноч на 26 траўня атакавала ракетамі і баявымі дронамі Ўкраіну. Найбольш пацярпелі Кіеў і Дніпро. Шмат разбурэньняў, але абышлося без ахвяр.

У Кіеве і Кіеўскай вобласьці пацярпелі прыватныя будынкі і прадпрыемствы

Начальнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко паведаміў, што пашкоджаньні адбыліся ў выніку падзеньня зьбітых ракет і бесьпілётнікаў. Паводле яго, у Абалонскім раёне Кіева пацярпеў адзін з гандлёвых цэнтраў і паркоўка з аўтамабілямі, а ў Шаўчэнкаўскім — прыватны будынак.

Крытычных разбурэньняў няма, інфармацыя аб імаверных пацярпелых удакладняецца.

Паводле абласных уладаў, у двух раёнах пашкоджаньні атрымалі 7 прыватных дамоў. Без ахвяр.

«Пашкоджаньні нязначныя — дахі, унутранае і вонкавае аздабленьне фасадаў, пасечаны сьцены. Жыхарам, чые дамы пацярпелі, акажам усю неабходную дапамогу», — падкрэсьліў кіраўнік Кіеўскай абласной адміністрацыі Руслан Краўчанка.

У Дніпры паліцыя дакумэнтуе наступствы расейскай атакі

У Дніпры адбылося некалькі моцных выбухаў. Ад абстрэлаў разбураны адно транспартнае прадпрыемства, дзьве прыватныя кампаніі, пашкоджана запраўка, аўтамабілі, прыватныя будынкі. Улады паведамілі аб адным пацярпелым.

На месцы выбухаў працягваюць працаваць апэратыўныя групы паліцыі.

Паветраныя сілы Ўкраіны зьбілі 25 з 31 запушчанага Расеяй дрона

Як паведаміла камандаваньне Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны, Расея працягвае атакаваць з паветра і зямлі. З раёну Касьпійскага мора самалёты Ту-95МС выпусьцілі 10 крылатых ракет Х-101/х-555, усе яны былі зьбітыя.

Апроч таго, Расея актыўна выкарыстоўвае ўжо акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны для абстрэлу тылавых гарадоў. У прыватнасьці, з тэрыторыі Запароскай вобласьці расейскія войскі запусьцілі 7 зэнітных ракет С-300/ С-400. Пэўна, адтуль абстрэльваўся горад Дніпро.

Камандаваньне Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны паведаміла, што дронамі Расея атакавала краіну з паўднёвага і паўночнага кірунку. Сродкі супрацьпаветранай абароны Украіны зьбілі 25 з 31 бесьпілётнікаў.

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Расеі заявіў аб начных абстрэлах з Украіны

Кіраўнік Белгарадзкай вобласьці Расеі Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што ўначы ад абстрэлаў нібыта з украінскай тэрыторыі пацярпелі тры раёны рэгіёну.

Паводле яго, найбольш пацярпела Грайваранская гарадзкая акруга, у якой некалькі дзён таму адбыліся баявыя сутыкненьні расейскіх добраахвотнікаў з падразьдзеламі арміі Расеі.

Паводле губэрнатара, у выніку абстрэлаў пашкоджаньні атрымалі адміністрацыйныя будынкі, прыватныя дамы, газаправод і лінія электраперадач.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG