З магілёўскай «хіміі» вызваліліся двое палітвязьняў. Іх амніставалі незадоўга да завяршэньня тэрмінаў

Ілюстрацыйнае фота.

25 і 26 траўня з папраўчай установы адкрытага тыпу № 43 у Магілёве выйшлі на волю Аляксандар Аграйцовіч і Дзьмітрый Таратун, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Дзмітрый Таратун

Дзьмітрый Таратун быў асуджаны на 3 гады «хіміі» паводле ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) за тое, што разьмясьціў малюнкі «грамадзка-палітычнага зьместу».​ Цяпер яму 40 гадоў.

Аляксандар Аграйцовіч. Архіўнае фота.

Аляксандр Аграйцовіч, назіральнік за выбарамі, быў асуджаны за паклёп на прадстаўнікоў выбарчай камісіі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, ён апублікаваў на сваім youtube-канале «Дзёньнікі назіральніка» у траўні 2020 года загадзя ілжывыя зьвесткі пра чальцоў выбарчай камісіі, якія зьнеслаўляюць іх гонар і годнасьць. У відэа Аграйцовіч адзначыў, што яны зьяўляюцца фальсыфікатарамі выбараў і ў пэрыяд датэрміновага галасаваньня зьдзейсьнілі падробку дакумэнтаў. Цяпер Аляксандру 39 гадоў.

Абодва палітвязьні былі вызваленыя па амністыі незадоўга да заканчэньня іх тэрмінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральніка на парлямэнцкіх выбарах асудзілі на 2 гады «хіміі» за паклёп на сябраў выбарчай камісіі