Сярод усіх юрыдычных асобаў у Беларусі 7,2% — гэта замежныя кампаніі (на пачатак 2023 году). Праз палітычны крызіс і вайну ва Ўкраіне зь Беларусі сышлі вядомыя міжнародныя брэнды. Сярод іх такія, як Siemens, McDonald’s, Ikea, Shell, H&M, MAN, EA Games ды іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Siemens пакідае БеларусьІнвэстар «Лідзкага піва» — фінская кампанія Olvi PLC вырашыла сысьці зь беларускага рынку яшчэ ў сакавіку мінулага году, аднак беларускія ўлады забаранілі інвэстарам прадаваць завод. Пазьней інвэстара яшчэ і аштрафавалі на 35,8 млн рублёў (€12 млн эўра па курсе Нацбанку на 20 лютага). Olvi PLC з гэтай прычыны вырашыла судзіцца зь беларускімі ўладамі. Спрабуем разабрацца, як шмат інвэстараў сышлі зь Беларусі і наколькі гэта кепска для эканомікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінскім уладальнікам «Лідзкага піва» не далі прадаць бізнэс, а цяпер аштрафавалі прадпрыемства на 12 млн эўраІнвэстыцыі скараціліся на 3 мільярды даляраў
У палітычна спакойным 2019 годзе замежныя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку склалі крыху больш за 10 мільярдаў даляраў, у 2022 — пасьля палітычнага крызісу і пачатку вайны — 6,9 мільярда даляраў, то бок скараціліся на 3 мільярды, вынікае з дадзеных Белстату.
Падзеньне інвэстыцый бачна па асобных краінах. Напрыклад, у 2019 годзе Вялікая Брытанія інвэставала ў эканоміку Беларусі 1,8 мільярда даляраў, а ў 2022 — толькі 40 мільёнаў. Падзеньне ў 45 разоў.
Інвэстыцыі з Польшчы за гэты час упалі ў 4,5 раза, з Аўстрыі — у 3,8 раза, зь Літвы — у 1,7 раза, з Латвіі — у 1,6 раза. Зьнізіліся нават інвэстыцыі з Расеі — з 4,5 мільярда даляраў у 2019 да 3,9 мільярда ў 2022 годзе, то бок больш як на паўмільярда даляраў. За гэты час зьнізіліся і фінансавыя паступленьні з Кітаю — у 1,5 раза, і з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў — у 1,1 раза.
Якія замежныя арганізацыі найперш сыходзяць зь Беларусі
Найперш зь небясьпечных краін выводзяць свае актывы кампаніі, якія каціруюцца на біржы. Пра гэта кажа экспэрт у інвэстыцыях, які кансультаваў кампаніі ў Беларусі, Даніэль Крутцына.
«У Беларусі ніколі не было масавай прысутнасьці замежнага капіталу, як, напрыклад, у Расеі. У Беларусі многія кампаніі былі прадстаўленыя праз дыстрыб’ютара. Таму іх сыход ня так заўважны. Сыход замежнага капіталу найбольш закрануў буйныя міжнародныя кампаніі, якія каціруюцца на біржы. За імі ўважліва сочыць грамадзтва, што ўплывае на акцыі. Яскравы прыклад тут McDonaldʼs, які хутка сышоў зь Беларусі, Siemens, які найперш перастаў працаваць зь беларускімі дзяржаўнымі кампаніямі», — кажа Даніэль Крутцына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Керамін», Miory Steel, McDonald's. Як беларускія ўлады «махалі рукой інвэстарам»Другая катэгорыя замежных кампаній у Беларусі — бізнэс сямейнага тыпу.
«Такія кампаніі ня так хутка прымаюць рашэньні. На іх ня так моцна ўплывае думка грамадзкасьці. Я чуў няшмат прыкладаў, каб такія кампаніі наогул сыходзілі зь Беларусі. Калі для іх гэта выгадны бізнэс, то яны застаюцца», — кажа Даніэль Крутцына.
Трэці варыянт — гэта «псэўдазамежныя кампаніі», яны зарэгістраваныя за мяжой, але па сутнасьці беларускія. За такімі кампаніямі, на думку экспэрта, стаіць беларускі капітал, і сыходзіць яны асабліва не зьбіраюцца, «асабліва калі за імі стаяць набліжаныя да беларускай улады людзі».
З пачатку году беларускія ўлады ўнесьлі ў адмысловы сьпіс каля 2 тысяч замежных кампаній, якім забаранілі прадаваць бізнэс у Беларусі. Паводле Даніэля Крутцыны, гэта ня спыніць інвэстараў ад сыходу з рынку.
«Калі беларускі рынак ня грае істотнай ролі, то кампанію можна проста ліквідаваць. Часьцей за ўсё інвэстары карыстаюцца такім спосабам — продаж бізнэсу мясцоваму гульцу, мясцовы партнэр дзякуючы адміністратыўнаму рэсурсу атрымлівае дазвол на такую ўгоду. Тады кампаніі прыбіраюць з „забароненага“ сьпісу. Такіх выпадкаў шмат», — мяркуе Даніэль Крутцына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 2 тысячы: улады пашырылі сьпіс кампаній з замежным капіталам «недружалюбных» дзяржаўНа ягоную думку, асноўная праблема сыходу замежнага бізнэсу для Беларусі — гэта страта тэхналёгій.
«Пастаўкі заходняга абсталяваньня цяпер пад вельмі вялікім пытаньнем. Пастаўка такога абсталяваньня спатрэбілася для мадэрнізацыі дзяржаўных заводаў. Не ва ўсіх сэктарах такое абсталяваньне навучыліся рабіць у Расеі і ў Кітаі. Гэта мае тэхналягічныя наступствы. Другая праблема — гэта фінансаваньне. Заходняе фінансаваньне было для Беларусі вельмі добрым інструмэнтам для той жа мадэрнізацыі прамысловасьці», — дадае экспэрт.
Кампаніі якіх краін працуюць у Беларусі
З 2021 па 2022 год колькасьць кампаній з замежным капіталам у Беларусі зьнізілася на 4,2%. Апошнія зьвесткі пра колькасьць замежных кампаній датуюцца 2021 годам, пазьнейшыя афіцыйныя крыніцы не публікавалі. Паводле іх, найбольш замежных кампаній у Беларусі было з:
- Расеі — 2240
- Літвы — 491
- Кіпру — 442
- Польшчы — 303
- Украіны — 299
- Нямеччыны — 298
- Латвіі — 288
- ЗША — 187
- Вялікай Брытаніі — 172
- Кітаю — 166