Пра тое, што цяпер адбываецца з Палінай, расказаў Свабодзе яе муж Андрэй Шарэнда, які знаходзіцца ў Літве. Андрэй спасылаецца на дасьведчаныя крыніцы ў Беларусі.
«Паліна напісала заяву аб адмове ад беларускага грамадзянства. Гэта яе пратэст супраць катаваньняў. Яна адмаўляецца ад беларускага пашпарта са сталінскім гербам на вокладцы і больш ня хоча мець нічога агульнага з рэжымам, што ўсталяваўся на Беларусі. Рэжымам, які зьнішчае незалежнасьць Беларусі, які ўдзельнічае ў вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязьняў у турмах. Пасьля таго, як яна напісала такую заяву, яе этапавалі з калёніі № 24 для праходжаньня судова-псыхіятрычнай экспэртызы.То бок гэта фактычны адказ сыстэмы на яе пратэсты. Дзе яна цяпер, мы зь дзецьмі ня ведаем», — сказаў Андрэй Шарэнда.
Муж актывісткі расказаў, што яму вядома пра ціск, які працягваецца на жонку ў калёніі.
«Паліну фактычна ўвесь час трымаюць у штрафным ізалятары. Толькі за апошнія 5 месяцаў яна правяла ў жудасных умовах карцару 120 дзён, а ўсяго за няпоўны год знаходжаньня ў калёніі № 24 — больш як 200 дзён. І гэта без уліку месяцаў, праведзеных у ПКТ, дзе ўмовы ня значна лепшыя за штрафны ізалятар. Паліну марудна, але мэтанакіравана забіваюць. Арганізм Паліны настолькі зьнясілены, што ёй ужо цяжка хадзіць. Праз адсутнасьць сонечнага сьвятла зрок у Паліны моцна сапсаваўся».
Андрэй Шарэнда просіць міжнародныя гуманітарныя і праваабарончыя арганізацыі сачыць за лёсам ягонай жонкі і зрабіць усё магчымае для вызваленьня яе і ўсіх палітзьняволеных.
Актывісту вядома, што некалькі дзён таму да ягонай цешчы вярнулася мэдычная бандэроль з прэпаратамі для Паліны. Гэта ўжо ня першы раз, калі лекі не даходзяць да палітзьняволенай. Сваякі Паліны Шарэнда-Панасюк непакояцца, што ўжо больш за год яна не прымае патрэбных для функцыянавання пячонкі мэдыкамэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паліну ня выпусьцяць». Вялікая размова з Андрэем ШарэндамНа Паліну Шарэнду-Панасюк завялі новую крымінальную справу. Спачатку яе засудзілі на 2 гады калёніі, у 2022 годзе за так званыя «парушэньні» ў калёніі дадалі яшчэ год. Пасьля супраць Шарэнды-Панасюк распачалі новую справу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». У кастрычніку 2022 года яе зьмясьцілі на паўгода ў ПКТ і рэгулярна кідаюць у штрафны ізалятар. За апошнія 10 месяцаў яна правяла там 180 сутак.
- Грамадзкую актывістку зь Берасьця Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году.
- 9 чэрвеня 2021 году яе асудзілі на два гады пазбаўленьня волі, абвінаваціўшы ў прымяненьні гвалту ў дачыненьні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі.
- У красавіку 2022 году Паліну Шарэнду-Панасюк зноў судзілі — у выніку яна атрымала яшчэ адзін год калёніі за «Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньнем адміністрацыі папраўчай установы» (ч. 2 арт. 411 КК). Паліна была першай палітзняволенай жанчынай у Беларусі, асуджанай па гэтым артыкуле.
- Паліну Шарэнду-Панасюк утрымліваюць у 24-й жаночай калёніі ў Зарэччы, гэта паміж Гомлем і Рэчыцай. Як казаў раней Свабодзе Андрэй Шарэнда, на ягоную жонку «фізычна і псыхалягічна ціснуцьм у калёніі.
- На волі Паліну чакаюць два няпоўнагадовыя сыны.