Сьцісла:
- Ствараецца ўражаньне, што Пуцін і Лукашэнка спрабуюць нас, Захад, запалохаць, паказаць, што яны разам, што не жартуюць.
- Я ня думаю, што Пуцін раптам перадасьць кіраваньне ядзернай зброяй у рукі Лукашэнкі.
- Разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, якая даўно знаходзіцца пад поўным кантролем Масквы, асабліва ў вайсковай сфэры, кардынальна не мяняе карціны.
- Беларусь цяпер аддае Расеі адзін з апошніх чыньнікаў сваёй незалежнасьці.
— Як мяняецца стратэгічная ваенна-палітычная сытуацыя ў сувязі з разьмяшчэньнем ядзернай зброі ў Беларусі? Міністры абароны Беларусі і Расеі падпісалі адпаведныя дакумэнты, Лукашэнка ў размове з расейскім журналістам неяк загадкава прызнаўся, што ня ведае дакладна, ці пачалося ўжо перамяшчэньне ядзерных боепрыпасаў у Беларусь. Ці можна дакладна гаварыць, што гэта ўжо ня блеф, не ілюзія, і расейская ядзерная зброя на самой справе зьявіцца ў Беларусі?
— Папраўдзе, карціна даволі неадназначная. З аднаго боку, як вы згадалі, міністры сапраўды падпісалі адпаведную дамову. З другога боку маем дзіўныя выказваньні сталага прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова, які некалькі дзён таму сказаў, што гэта толькі заявы, «нічога ў практычным пляне не было зроблена». Зь ягоных заяваў вынікала такая карціна, што Беларусь ня вельмі зацікаўленая ў гэтым.
Ды і сам Лукашэнка, як вы сказалі, у сваім загадкавым своеасаблівым стылі кажа, што яшчэ ня ведае, ці пачалося ўжо перамяшчэньне ядзерных боепрыпасаў у Беларусь. Ствараецца ўражаньне, што абодва спадары, Пуцін і Лукашэнка, спрабуюць нас, Захад, запалохаць, паказаць, што яны разам, што не жартуюць. А на самой справе да практычнага выкананьня гэтых дамоўленасьцяў яшчэ далёка.
— Падчас падпісаньня дакумэнтаў міністар абароны Расеі Шайгу даволі адназначна заявіў, што «Расея не перадае Беларусі ядзернай зброі: кантроль і рашэньне аб прымяненьні застаецца за расейскім бокам». Ці гэта сапраўды так? Або Лукашэнка, вярнуўшыся ў Менск, зноў можа заявіць, што гэта «наша агульная ядзерная зброя»?
— У гэтым пытаньні ў мяне акурат няма сумневаў. Расея не дазволіць, каб гэта была «агульная» зброя. Гэта ня ў стылі сёньняшняга Крамля. І нават з прагматычнага гледзішча: ніякая дзяржава не жадае з кімсьці дзяліцца такім ключавым чыньнікам, як ядзерная зброя. Я ня думаю, што Пуцін раптам перадасьць кіраваньне ядзернай зброяй у рукі Лукашэнкі. Тым больш што поўнага даверу паміж імі няма. Яны цяпер, вядома, у адной лодцы, але гэта ня сто працэнтаў даверу.
Так што я ўпэўнены, што ядзерная зброя, калі і будзе разьмешчаная на тэрыторыі Беларусі, застанецца пад кіраваньнем Расеі. Лукашэнка можа гаварыць, што хоча, але рэальнасьць будзе такая, як я сказаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-намесьнік міністра абароны Польшчы заклікаў падрыхтавацца да магчымага паўстаньня ў Беларусі— Як можна патлумачыць пакуль даволі спакойную рэакцыю Захаду на паведамленьні аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі? Проста пакуль чакаюць больш канкрэтнай інфармацыі ці ўвогуле ня бачаць тут вялікай праблемы?
— Захад сапраўды рэагуе даволі спакойна, бо сытуацыя ўсё роўна ўжо кепская. Калі б мы мелі сытуацыю, у якой Беларусь — мірная і нэўтральная краіна, якая не зьяўляюцца саюзьніцай агрэсара, не дапамагае Расеі, то тады разьмяшчэньне там расейскай ядзернай зброі было б шокам.
Але ў рэальнасьці ўсе ў NATO і так ведалі, і да гэтага пагадненьня, што Лукашэнка падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны, дае тэрыторыю Беларусі. Многія самыя жорсткія санкцыі ўжо былі ўведзеныя і застаецца вельмі мала інструмэнтаў, якія яшчэ можна ўжыць. Можна, напрыклад, цалкам закрыць мяжу. Можна разарваць дыпляматычныя адносіны. Гэта ўжо нейкія самыя апошнія крокі, у якіх палітыкі пакуль ня бачаць сэнсу.
— Ці можа разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі ажывіць дыскусіі ў Варшаве наконт ідэі разьмяшчэньня амэрыканскай ядзернай зброі на тэрыторыі Польшчы?
— Такія дыскусіі заўсёды могуць быць. Гэтае пытаньне могуць падымаць журналісты, палітолягі, экспэрты. Але на гэты момант я не адчуваю, што можна будзе хутка і рэзка вырашыць гэтае пытаньне.
Трэба разумець, што Беларусь даўно разглядаецца як частка ваеннай прасторы Расеі. Практычна разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, якая даўно знаходзіцца пад поўным кантролем Масквы, асабліва ў вайсковай сфэры, кардынальна не мяняе карціны. Любы вайсковец скажа, што ў ваенна-стратэгічным сэнсе гэта мала што мяняе.
Беларусь цяпер аддае адзін з апошніх чыньнікаў сваёй незалежнасьці. Але я ўражаны, што некаторыя экспэрты і нават беларускія палітыкі зьдзіўляюцца, што такое адбываецца. Бо ў кантэксьце зьменаў у Канстытуцыі, прынятай на рэфэрэндуме ў лютым 2022 году, ужо было зразумела, што юрыдычная база падрыхтаваная. Улады прыбралі з Канстытуцыі палажэньне аб імкненьні да бязьядзернасьці. І зараз Лукашэнка адмяняе апошнія прыкметы незалежнасьці дэ-факта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вось такі сувэрэнітэт. Лукашэнка ня ведае, што расейская ядзерная зброя ўжо разьмяшчаецца ў Беларусі— У Беларусі даволі гарачую дыскусію выклікала заява былога намесьніка міністра абароны Польшчы. Генэрал Вальдэмар Скшыпчак заклікаў падрыхтавацца да магчымага паўстаньня ў Беларусі. Гучаць розныя вэрсіі: альбо гэта думка, блізкая да настрояў ва ўладзе (аднак яе выказаў чалавек, далёкі ад улады), альбо гэта выключна ягоная думка, якая ня мае нічога агульнага з пазыцыяй афіцыйнай Варшавы...
— Думка спадара Скшыпчака ніякім чынам ня блізкая да афіцыйнай пазыцыі Варшавы. Ня блізкая і да маёй пазыцыі як аналітыка. На экспэртным грунце я ня бачу ніякіх перадумоваў для такога разьвіцьця падзеяў.
І трэба сказаць, што для польскай выбарчай кампаніі пытаньне магчымасьці беларускага паўстаньня ня мае ніякага значэньня, яно не зьяўляецца ў дыскусіях. І ня зьявіцца. Адзінае, што можа стаць элемэнтам кампаніі — гэта становішча польскай меншасьці ў Беларусі. Гэта заўсёды важна, асабліва для кіроўнай кааліцыі.
Гэта асабістая думка генэрала, які, як мне падаецца, ня вельмі разьбіраецца ў беларускіх рэаліях.
— Аднак у многіх прыхільнікаў пераменаў у Беларусі гэтая ягоная заява выклікала пэўны рэзананс і нават надзеі.
— Беларусам лепей ведаць, ці гатовыя яны да паўстаньня. Гэта пытаньне да беларусаў, а не да таго, што нейкі польскі генэрал будзе іх у гэтым пераконваць. Я асабіста думаю, што без радыкальных зьменаў у Расеі, бяз крызісу ўлады і аслабленьня Расеі, безь яе паразы ў вайне з Украінай зьмены ў Беларусі немагчымыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы гатовы. Няхай прыходзяць». Лукашэнка пракамэнтаваў заяву польскага генэрала аб магчымым паўстаньні ў Беларусі