Аляксандар Лукашэнка заявіў, што заява колішняга намесьніка міністра абароны Польшчы Вальдэмара Скшыпчака аб магчымым паўстаньні ў Беларусі пацьвярджае раней атрыманую беларускім бокам інфармацыю аб падрыхтоўцы «мяцяжу».
«Вы, напэўна, ведаеце, што я некалькі месяцаў таму гаварыў пра тое, што яны рыхтуюцца да паўстаньня, рэвалюцыі... Я ня ведаю, да чаго яны ў Беларусі рыхтуюцца. А тое, што рыхтуюцца ў нас да нейкага, можа быць, мяцяжу чарговага, мы гэта ведаем даўно», — сказаў Аляксандра Лукашэнка ў Маскве ў камэнтары тэлеканалу «Россия».
«Мы адсочваем гэтых хлопцаў, пра якіх гэты хворы генэрал, калі я разумею, што пра гэта гаварыў, што там ствараюцца харугвы, цэлыя палкі, батальёны... Ну яны так гэта называюць. А насамрэч... Мы ведаем, дзе яны знаходзяцца, і па імёнах ведаем усіх. Мы гатовы. Няхай прыходзяць», — заявіў Лукашэнка.
23 траўня экс-намесьнік міністра абароны Польшчы заклікаў падрыхтавацца да магчымага паўстаньня ў Беларусі.
«Маем прычыны дапамагаць беларусам так, як украінцам. Давайце падрыхтуемся да паўстаньня ў Беларусі, таму што яно адбудзецца», — сказаў генэрал Вальдэмар Скшыпчак у эфіры тэлеканалу Polsat.
«У выпадку посьпеху ўкраінскага контранаступу тыя ўзброеныя беларусы, якія ўваходзяць у склад украінскай арміі, не складуць зброі, — заявіў Вальдэмар Скшыпчак. — Яны паедуць у Беларусь. Я спадзяюся, што гэта выкліча паўстаньне ў Беларусі, Лукашэнка гэтага баіцца».