Армэнія і Азэрбайджан дамовіліся аб узаемным прызнаньні тэрытарыяльнай цэласнасьці

Нікол Пашыньян і Ільхам Аліеў, каляж.

Армэнія і Азэрбайджан дамовіліся аб узаемным прызнаньні тэрытарыяльнай цэласнасьці, заявіў прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на пасяджэньні рады ЭАЭС.

Пашыньян падкрэсьліў, што Армэнія гатовая разблякаваць усе транспартныя і эканамічныя калідоры, а таксама адкрыць рэгіянальныя камунікацыі з Азэрбайджанам.

Як паведамляе «Настоящее время», у сваю чаргу кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што «ёсьць магчымасьць выхаду на мірную дамову Баку і Ерэвана, тым больш улічваючы, што Армэнія прызнала Карабах часткай Азэрбайджану». Ён таксама зазначыў, што Азэрбайджан ня мае тэрытарыяльных прэтэнзій да Армэніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мірная дамова «не за гарамі». У ЗША прайшлі перамовы кіраўнікоў МЗС Армэніі і Азэрбайджану

Па выніках перамоваў, як піша «Коммерсант», кіраўнікі Армэніі і Азэрбайджану падпішуць два дакумэнты: адзін — аб разблякаваньні транспартных камунікацый, другі — сумесную заяву Аліева, Пашыньяна і Ўладзіміра Пуціна аб узаемным прызнаньні тэрытарыяльнай цэласнасьці дзьвюх краінаў. Такую заяву, як адзначае выданьне, кіраўнікі Армэніі і Азэрбайджану падпісваюць пяты раз.

У панядзелак, 22 траўня, Нікол Пашыньян заявіў, што Армэнія гатовая прызнаць тэрыторыю Нагорнага Карабаху часткай Азэрбайджану пры ўмове, што Баку дасьць гарантыі захаваньня там правоў армянскага насельніцтва.

У той жа час парлямэнт самаабвешчанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікі асудзіў заяву прэм’ер-міністра Армэніі пра гатоўнасьць прызнаць Карабах часткай Азэрбайджану. Дэпутаты абвінавацілі Пашыньяна ў тым, што ён груба парушае палажэньні армянскага заканадаўства адносна статусу Нагорнага Карабаху. У прыватнасьці, яшчэ ў 1992 годзе Вярхоўны Савет Армэніі пастанавіў, што любы міжнародны або ўнутрыдзяржаўны дакумэнт, у якім Карабах будзе пазначаны ў складзе Азэрбайджану, лічыцца непрымальным для Рэспублікі Армэнія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія заявіла аб гатоўнасьці прызнаць Нагорны Карабах тэрыторыяй Азэрбайджану і выйсьці з АДКБ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аліеў заявіў, што армяне, якія жывуць у Нагорным Карабаху, павінны прыняць грамадзянства Азэрбайджану або «абраць іншае месца жыхарства»