Мастакі зь Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Малдовы і Ўкраіны прадставілі ўласнае асэнсаваньне працэсаў, якія адбываюцца ў іх краінах у выніку экспансіянісцкай палітыкі Расеі.
Выстава мае назоў «Белы сьцяг» — паводле назвы зробленай беларускай мастачкай Руфінай Базловай выявы штандару прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі на белым фоне, што можа ўспрымацца як капітуляцыя імпэрыі.
![Постэр выставы «Белы сьцяг»](https://gdb.rferl.org/01000000-0aff-0242-5dde-08db5c8f7a8b_w1080_h608_b_s.jpg)
Постэр выставы «Белы сьцяг»
Найбольшая экспазыцыя выставы прысьвечаная менавіта беларускім палітычным вязьням. У межах праекту #FramedinBelarus партрэты Алеся Бяляцкага, Міколы Статкевіча, Алеся Пушкіна і іншых палітвязьняў разьмясьцілі на пляншэтах (наведнікі могуць прагартаць інфармацыю). Кожнаму палітвязьню прысьвечаная вышыўка паводле эскізу Руфіны Базловай.
Выстава «Белы сьцяг» у Празе
Нядаўна Руфіна Базлова прэзэнтавала строі, на якіх былі вышытыя імёны 1142-х беларускіх палітвязьняў, а таксама тых, хто загінуў у змаганьні за свабоду падчас пратэстаў 2020 году і пазьней. Летась прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі выступаў са зваротам да народу ў «вышыванцы» колеру хакі з арнамэнтам ад Руфіны Базловай.
Выставу арганізаваў праскі Цэнтар грамадзянскай супольнасьці, яна экспануецца па адрасе Прага, Hybernská 4.