BEROC: Беларуская эканоміка адаптуецца да санкцый

Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі ў красавіку павялічыўся на 4% да аналягічнага месяца мінулага году і на 0,8-0,9% у адносінах да сакавіка 2023 года, што гаворыць аб «адаптацыі эканомікі да санкцый».

Такія дадзеныя прыводзіць дасьледчы цэнтар BEROC у апублікаваным 22 траўня экспрэс-аналізе нацыянальнай эканомікі. Разам з тым красавіцкі аб’ём ВУП «усё яшчэ не дацягваў да сярэднямесячнага ўзроўню 2019 года».

Па дадзеных BEROC, найбольшы ўнёсак у рост ВУП у мінулым месяцы зрабіў гандаль — ён вырас на 15,5% у гадавым вымярэньні.

Пры гэтым прыбаўку ў «аптовым сэгмэнце» забясьпечылі «нарошчваньне экспарту калію, транспартных сродкаў і, магчыма, дзеяньні схем рээкспарту тавараў у Расею праз Беларусь».

У сваю чаргу «дынаміка прамысловай вытворчасьці прытармазіла», падкрэсьліваюць аналітыкі BEROC.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ільнозавод, вытворчасьць вагонаў і кансэрваў. Як і чаму банкрутуюць дзяржаўныя заводы ў Беларусі

У прыватнасьці, экспэрты фіксуюць зьніжэньне выпуску нафтапрадуктаў у Гомельскай і Віцебскай абласьцях. У першым выпадку гэта тлумачыцца «рамонтнымі працамі на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе і, верагодна, зьяўляецца часовай зьявай».

«Прычыны моцнага падзеньня ў Віцебскай вобласьці не ясныя, але пакуль больш дарэчным бачыцца меркаваньне, што гэта кароткатэрміновы спад вытворчасьці. Разам з тым нельга выключаць узьнікненьне збояў у экспартных ланцужках паставак беларускіх нафтапрадуктаў», — лічаць экспэрты.

Стрымлівае павелічэньне ВУП «слабасьць IT-сэктара», канстатуюць аўтары справаздачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская эканоміка дасягнула дна і спрабуе адштурхнуцца», — эканаміст Зьміцер Крук

«Маштаб спаду ў IT працягне зьніжацца ў бліжэйшыя месяцы, але можа заставацца значным аж да трэцяга квартала 2023 года, пасьля чаго магчымая стабілізацыя выпуску альбо яго невялікае аднаўленьне», — прагназуюць эканамісты.

У траўні BEROC чакае працягу павелічэньня ВУП у гадавым вымярэньні. Паводле Белстата, за студзень — красавік ВУП зьнізіўся на 0,6%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэхналягічнае разьвіцьцё Беларусі паставілі на паўзу». Эканамістка пра санкцыі і ад’езд спэцыялістаў