Былы палітвязень, які сядзеў з Цыгановічам, паведамляе пра ўзлом Youtube-канала блогера «MozgON»

Палітвязень Уладзімер Цыгановіч.

Як паведаміў Свабодзе былы палітвязень Уладзімер Патокаў, невядомыя ўзламалі Youtube-канал палітвязьня Ўладзімера Цыгановіча і пачалі там выкладваць відэа. «Ані Ўладзімер, ані яго сваякі пароляў і доступу да канала нікому не давалі!», — сьцьвярджае Патокаў.

Грамадзянін Расеі Ўладзімір Патокаў адседзеў амаль два гады ў зьняволеньні ў Беларусі і напісаў кнігу «Нараджэньне герояў», у якой расказвае пра нялюдзкія ўмовы зьняволеньня і пра палітвязьняў, зь якімі разам быў за кратамі. З Цыгановічам Патокаў пазнаёміўся ў кастрычніку 2020 году на «Валадарцы».

Сёлета ў красавіку блогера Ўладзімера Цыгановіча асудзілі «за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі». Судзьдзя Тацяна Касьцюк прызначыла палітвязьню яшчэ адзін год калёніі на дадатак да 15 гадоў зьняволеньня, прысуджаных раней.

У сьнежні 2021 году Ўладзімера асудзілі па «справе Ціханоўскага», а пазьней узмацнілі пакараньне і перавялі з калёніі на турэмны рэжым.

Цыгановіч — блогер, аўтар Youtube-каналу MozgON. На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадзкія, а потым і палітычныя навіны, стаў весьці трансьляцыі з розных акцыяў — ня толькі зь пікетаў Сяргея Ціханоўскага. У 2019 годзе пачаў выказвацца супраць дарожнага падатку і росту цэнаў на бэнзін. Упершыню выказаўся пра Ціханоўскага восеньню 2019 году — абурыўся ягоным затрыманьнем і заклікаў прыйсьці на суд над ім. 31 траўня 2020 году правёў трансьляцыю пікету з Камароўкі, перад якім затрымалі Мікалая Статкевіча.

У няволі блогер з 9 чэрвеня 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сядзеў са Знакам, Латыпавым і Цыгановічам». Расеец напісаў кнігу пра свой досьвед за кратамі ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: аўтару Youtube-каналу «MozgON» Цыгановічу прысудзілі яшчэ год калёніі