Новы прысуд MozgON-у
У судзе Ленінскага раёну Магілёву 10 красавіка блогера Ўладзімера Цыгановіча асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі). Судзьдзя Тацяна Касьцюк прызначыла палітвязьню яшчэ адзін год калёніі ў дадатак да 15 гадоў зьняволеньня, прысуджаных раней.
У сьнежні 2021 году Ўладзімера асудзілі ў «справе Ціханоўскага», а пазьней узмацнілі пакараньне і перавялі з калёніі на турэмны рэжым.
Цыгановіч — блогер, аўтар youtube-каналу MozgON. На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадзкія, а потым і палітычныя навіны, стаў весьці трансьляцыі з розных акцыяў — ня толькі зь пікетаў Сяргея Ціханоўскага. У 2019 годзе пачаў выказвацца супраць дарожнага падатку і росту цэнаў на бэнзін. Упершыню выказаўся пра Ціханоўскага восеньню 2019 году — абурыўся ягоным затрыманьнем і заклікаў прыйсьці на суд над ім. 31 траўня 2020 году правёў трансьляцыю пікету з Камароўкі, перад якім затрымалі Мікалая Статкевіча.
У няволі блогер з 9 чэрвеня 2020 году.
28 красавіка год калёніі дадалі Алене Гнаўк — палітзьняволенай з Пружанаў. Яе таксама судзілі па артыкуле за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі.