На Парлямэнцкай асамблеі NATO Ціханоўская будзе гаварыць пра «барацьбу за дэмакратычную будучыню Беларусі ў кантэксьце вайны»

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота.

У рамках вясновай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі NATO Сьвятлана Ціханоўская выступіць на пасяджэньні палітычнага камітэту гэтага органа Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Пра гэта паведаміў старшы дарадца лідэркі дэмакратычных сілаў Франак Вячорка.

Сэсія адбываецца з 19 па 22 траўня ў Люксэмбургу, выступ Ціханоўскай заплянаваны на раніцу 21 траўня. Тэма яе выступу — «Барацьба за дэмакратычную будучыню Беларусі ў кантэксьце вайны Расеі з Украінай».

Паводле слоў Вячоркі, у праграме візыту таксама перамовы з міністрам замежных спраў Люксэмбурга Жанам Асельборнам, прэзыдэнтам нацыянальнага парлямэнта Фэрнанам Этгенам, дэлегацыямі Люксэмбурга, Вялікабрытаніі, Партугаліі, Канады, Італіі, прэзыдэнтам ПА NATO Жаэль Гар’ё-Майлам, а таксама з дэпутатам Полам Галем, які сёлета ў студзені быў прызначаны адказным за падрыхтоўку даклада «Вырашэньне канкрэтных праблем беларусаў у выгнаньні».

Папярэдні раз Ціханоўская і Галь сустракаліся 30 сакавіка ў Вільні. ПАРЭ абмяркуе даклад у кастрычніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Радзе Эўропы заклікалі адрозьніваць рэжым Лукашэнкі ад народу Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вячорка: «Рэжыму Лукашэнкі вельмі баліць, гэта іх правал». Што дасьць удзел Ціханоўскай ў саміце Рады Эўропы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO ўпершыню з часоў халоднай вайны ўхваліць пляны рэагаваньня на магчымую агрэсію Расеі