Паэтка Ганна Комар: «Якога колеру прайгранае паўстаньне?»

Ганна Комар

Ганна Комар — адна з самых яркіх маладых беларускіх паэтак, якая была актыўнай удзельніцай пасьлявыбарных пратэстаў у Беларусі ў 2020-м. Зазнала перасьлед і турэмнае зьняволеньне, пра што шмат пісалі ў прэсе і сацыяльных сетках. Цяпер жыве ў Лёндане.

«У параўнаньні зь цяперашнімі катаваньнямі маё зьняволеньне было „санаторыем“»


— Давайце пачнем з успамінаў. Ці засталося нешта па-за кадрам з таго вашага асабістага чыну ў 2020-м, пра што цяпер вы ўжо можаце, не асьцерагаючыся нашкодзіць сабе ці іншым, расказаць?

— За гэтыя два з паловай года я шмат пераасэнсавала, час ад часу мне сорамна за тое, якой я была наіўнай, а часам здаецца, што рабіла ня тое і ня так. Але ўсё адно я вяртаюся да таго, што мы ўсе рабілі тое, што маглі ў той сытуацыі.

Што да зьняволеньня, то пра мае дзевяць сутак цяпер нават несур’ёзна ўспамінаць на тле таго, як штодня людзей затрымліваюць дзясяткамі і на якія велізарныя тэрміны асуджваюць. У параўнаньні зь цяперашнімі катаваньнямі маё зьняволеньне было «санаторыем»... Але дакумэнтальную кнігу прозы, якую я пачала пісаць пра той досьвед, спадзяюся аднойчы завяршыць і выдаць. Мне здаецца, яна нам патрэбная — каб памятаць, якімі мы былі і як праходзілі тыя выпрабаваньні, пакуль гэта ня стала страшнай паўсядзённасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улада моцна баіцца творчых людзей». Што кажуць паэты, якія выступаюць у дварах

— Цяпер вы ў Лёндане. Як і чаму вы там апынуліся? Чым напоўненае вашае там жыцьцё?

— Я атрымала стыпэндыю і прыехала ў Лёндан навучацца пісьменству ў магістратуры. З часам я зразумела, што вяртацца дадому небясьпечна; мае наіўныя чаканьні, што сытуацыя палепшыцца, не апраўдаліся. Каб працягваць рабіць нешта карыснае і разьвівацца ў сваёй сфэры, пасьля магістратуры я паступіла ў асьпірантуру. Мая тэма гучыць так: «Як паэзія можа дапамагчы беларускам расказаць пра свой досьвед хатняга і дзяржаўнага гвалту: аўтаэтнаграфічны падыход». У Беларусі я б не змагла пісаць такую працу, мне проста не дазволілі б, а тут я маю шмат свабоды, моцную падтрымку маіх навуковых кіраўніц і акіян літаратуры, да якой маю доступ.

Пакуль што я працую, таму што не атрымліваю стыпэндыі, і паралельна займаюся сваім дасьледаваньнем. Мне пашанцавала сустрэць цудоўных людзей зь мясцовых літаратурных супольнасьцяў, таму час ад часу я ўдзельнічаю ў дабрачынных чытаньнях дзеля Ўкраіны і ў іншых паэтычных імпрэзах. Таксама працягваю займацца грамадзка-палітычным актывізмам на карысьць Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Ганна Комар

«Катэгорыі „старая“ і „новая“ эміграцыі часьцей разьдзяляюць нас»

— А ці вялікая ў Лёндане новая беларуская эміграцыя? Ці выяўляецца нейкім чынам яе там прысутнасьць? Што можаце расказаць пра справы суайчыньнікаў у новым месцы іх жыцьця? Спробы захаваць самаідэнтыфікацыю, мова(ы) зносінаў, настроі на (не)вяртаньне?

— Апошнім часам я спрабую вызначыць для сябе, што такое новая беларуская эміграцыя, што значыць гэтае «новая», і чым больш я разважаю, тым менш мне хочацца карыстацца гэтымі катэгорыямі. Ёсьць беларусы і беларускі, якія прыехалі сюды па працоўных візах яшчэ да 2020 году і актыўна ўключыліся ў жыцьцё супольнасьці ў 2020-м альбо не ўключыліся. Ёсьць палітычныя ўцекачы. Ёсьць студэнты, якія прыяжджаюць вучыцца і застаюцца. І шмат іншых гісторый. Гэта ня нейкі маналіт, які можна апісаць простым сказам. Для свайго магістарскага дыплёму я напісала эсэ, у якім паспрабавала зразумець сама і расказаць іншым, як беларусы ў Лёндане жылі да 2020-га і пасьля. Эсэ на ангельскай мове можна знайсьці па спасылцы. https://skaryna.org/belarusian-community-in-london-before-and-after-summer-2020/

— У Лёндане, як і ва ўсёй Ангельшчыне, была адна з самых моцных суполак беларускай эміграцыі пасьля Другой сусьветнай вайны. Актыўнае Згуртаваньне беларусаў Вялікай Брытаніі, беларуска-ангельскае таварыства і, галоўнае, унікальная бібліятэка імя Францішка Скарыны, багаты музэй пры ёй, грэка-каталіцкая царква, беларускія дамы і шмат што іншае са справаў дыяспары вядомае далёка па-за абрысамі туманнага Альбіёну. Ці наладзіліся там вашыя і іншых уцекачоў зь Беларусі сувязі са старой беларускай эміграцыяй? Ці атрымалася пераемнасьць?

— І зноў жа мы прыходзім да катэгарызацыі «старая» і «новая» эміграцыя, якая, з майго досьведу, найчасьцей разьдзяляе нас, але не тлумачыць пра нас нічога, акрамя часу, калі мы прыехалі ў Брытанію. Пералічаныя вамі арганізацыі розныя па ступені адкрытасьці і па накіраванасьці сваёй дзейнасьці. Я асабіста трымаю кантакт з усімі гэтымі арганізацыямі ў рознай ступені і з рознымі людзьмі, якія прыехалі ў розны час пры розных абставінах, але цікавяцца Беларусьсю альбо робяць штосьці для Беларусі тут, працягваюць беларускую справу. Нямала ўцекачоў завітваюць на розныя культурныя імпрэзы ці палітычныя дэманстрацыі, якія тут ладзяцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам прыемна, што мы змаглі абʼяднаць беларусаў». Беларуская царква ў Лёндане перамагла ў народным галасаваньні

Ці можам мы гаварыць пра пераемнасьць? Мне здаецца, хутчэй не. Справа ў тым, што проста прыходзіць, каб пабыць разам, гэта ня тое самае, што быць сябрамі арганізацый, вакол якіх і гуртавалася зазвычай так званая «старая» эміграцыя. З розных прычынаў большасьць людзей ня бачаць для сябе патрэбы ў сяброўстве ў арганізацыях. Але камунікацыя ёсьць, і гэта важна.

«У Лёндане жыве нямала беларусаў і беларусак, якія ня пойдуць на лекцыю ці дэманстрацыю»

— Нядаўна вы напісалі на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што арганізавалі сацыяльны івэнт, накіраваны на пашырэньне і ўзмацненьне беларускай супольнасьці ў Лёндане. Як вы гэта рабілі? І ці ўдалося дасягнуць задуманага? І ўвогуле, што ня так зь беларускай супольнасьцю ў Лёндане, раз вам захацелася яе пашырыць і ўзмацніць?

— Аднойчы са мной у творчых справах зьвязалася беларуска, якая жыве ў Лёндане. Мы разгаварыліся, і яна падзялілася сваім бачаньнем таго, што ў Лёндане жыве нямала беларусаў і беларусак, якія ня пойдуць на лекцыю ці дэманстрацыю, але з радасьцю патусілі б разам зь іншымі. То бок ёсьць патрэба ў нефармальнай камунікацыі, якая не нясе прамых палітычных мэтаў, напрыклад. Гэтую ідэю я выношвала, і вось мы сабраліся камандай маладых людзей і прыдумалі фармат, які назвалі «беларускі бранч-пікнік». Нам падумалася, што гэта клясна, сучасна і цікава нам самім. Мы спадзяваліся прыцягнуць тых людзей, якія не прыходзяць на сходы іншага характару. І ў нас атрымалася.

Згуртаваньне Беларусаў Вялікай Брытаніі валодае Беларускім домам. Там ёсьць цудоўнае памяшканьне з кухняй, а таксама прыгожы прасторны сад. Мы атрымалі дазвол выкарыстаць гэтае месца для бранч-пікніка. Напяклі сырнікаў, каб пачувацца, як дома, агульная атмасфэра была сяброўская, хоць многія людзі там сустрэліся ўпершыню. Нам проста важна быць разам, гэта відавочна. Калі хопіць энэргіі, будзем ладзіць такія сустрэчы яшчэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ўсё, чым хочаш займацца прафэсійна, дае табе заробак». Размова з кіраўніком выдавецтва Skaryna Press у Лёндане

«Мой твар заўжды павернуты ў бок дому»

— Пры ўсім пры тым кім вы сябе цяпер адчуваеце? Беларускай навукоўцай у Брытаніі, грамадзкай дзяячкай дыяспары, паэткай?

— Я сябе адчуваю Ганнай Комар, беларускай паэткай і актывісткай, якая ня можа пакуль што вярнуцца дадому і робіць тое, што рабіла б у любым іншым месцы — прыкладае сваю энэргію і навыкі, каб рабіць сябе і сьвет вакол трошкі лепшымі. Але мая ідэнтычнасьць беларускай паэткі дужа трымае мяне ўвесь гэты час далёка ад дому, ад родных і сябровак. Навукоўцай пакуль не адважуся сябе назваць, бо толькі пачала сваё дасьледаваньне і вагі ў гэтай сфэры ня маю.

— Ці адчуваеце настальгію па радзіме? Ці мо ўжо ўдалося інтэгравацца і пазбавіцца гэтага мінорнага настрою?

— У сваім апошнім вершы я напісала: «Мой твар заўжды павернуты ў бок дому» — па аналёгіі са сланечнікам, чый «твар» заўжды павернуты ў бок сонца. Я засынаю і прачынаюся з думкамі пра Беларусь, сны мае таксама пра яе, звычайна трывожныя. Але я даволі гнуткі і адкрыты чалавек, мне цікавае месца, дзе я жыву, і розныя людзі, якіх сустракаю, ня толькі зь Беларусі. Лёндан — вялікае багацьце ў пляне людзей. Я актыўна цікаўлюся тут тэатральнай, паэтычнай сцэнай, сюды прыяжджаюць фантастычныя калектывы і гурты. Гэта значыць, я не змагла і не хацела б замыкацца толькі на Беларусі. У мяне ёсьць мары, што я прывязу тое, чаму навучуся, жывучы тут, у Беларусь празь некалькі гадоў, і там гэта будзе патрэбна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты быццам працягваеш жыць у Беларусі дыстанцыйна». Паэтка Ганна Комар выдала зборнік дакумэнтальных вершаў

«Я яшчэ не вярнулася, а ўжо плачу»

— А што пішацца? Можа, падзеліцеся з нашымі чытачамі сваімі эмігранцкімі творамі?

— Амаль ня пішацца, шчыра кажучы. Апошнія два гады, асабліва пачынаючы зь лютага 2022-га, мне мову заняло, і часта здаецца, што я столькі сказала, які сэнс пераліваць з пустога ў парожняе? Але нядаўна атрымаўся новы верш, праўда, па-ангельску. Я напісала яго для творчай калябарацыі з ангельскім паэтам Майклам Сатанам, якую мы прадставілі на фэстывалі ў Лівэрпулі ў траўні. Я пераклала яго на беларускую мову.

1

«Сланечнік — украінскі», —
напісала Кларыс Ліспэктар,
чые бацькі ўцяклі ў Бразылію
ад пагромаў
ва Ўкраіне ў 1920-х,

якую я чытаю
ў самалёце,
што вязе мяне ў краіну,
куды мне не патрэбная віза.

А сланечнік,
зь якім я маленькай гулялася
ў бабуліным агародзе
на захадзе Беларусі,
таксама ўкраінскі?
...
І чые тады межы?
...

Паветра ў порах зямлі
ўнутры чарвяка, што перасякае мяжу
без дазволу,
незаўважаны,
не азначаны колерам пашпарта,
колерам.

Якога колеру прайгранае паўстаньне?

Я хачу быць зямлёй унутры чарвяка, што перасякае мяжу.

Паветрам у ягоных порах, кантрабандай пранесеным
бяз пашпарта,
без праверкі пашпарта на чалавечнасьць,
без прыніжэньня,
якое адчувае ўдзельнік
прайгранага паўстаньня

Адкуль ты? Адкуль ты
вяртаесься? Калі ты
вернесься адтуль,
адкуль ты?
Што ты?
назоўнік?
займеньнік?
злучнік? прабел? коска? сланечнік на мяжы?

Чарвяк, разрэзаны надвое
лапатай, што капае магілу...

2

Я праглынула менскія вуліцы,
захады сонца над дахамі,
адбіткі ў вокнах,
і

Я праглынула каробкі з маімі кнігамі,
улюбёную сукенку,
аналізы на гармоны
і

Я праглынула праблемы з бацькамі,
прабелы ў сямейнай гісторыі,
пусткі ў памяці.

Сланечнікавыя семачкі ў маміных руках...

Калі я вярнуся,
мы расплачамся.

Калі я вярнуся,
нам падасца, што я не зьяжджала.

Калі я вярнуся,
ты таксама вернесься —
калі захочаш,
калі ты зьехаў,
калі для цябе засталося там штосьці,
калі ты

таксама мова.
Страчаная і знойдзеная,
зьнікае і зноў зьяўляецца — зямля
ўнутры мяккага цельца.

Ня ведаючы,
але верачы.
Галава павернутая ў бок сонца, бы сланечнік.

Калі я вярнуся,
я буду глядзець, як
маміны пальцы лузаюць
семкі
ў нашай кухні.

У яе кухні.

Семачкі зьнікнуць у яе роце,
як дні, што мы пражылі ня побач. Мы
ня будзем гаварыць пра
жыцьцё, што прайшло
паміж

3

Што адбываецца з чарвяком, якога разрэзалі на часткі?
Што адбываецца з пашпартам, які парвалі?
Што адбываецца зь мяжой, калі краіна перастае існаваць?

Галоўка сланечніка складаецца з дзьвюх тысяч дробных кветачак...

У чарвяка — пяць сэрцаў.

Мой твар заўжды павернуты ў бок дому.

Я яшчэ не вярнулася,
а ўжо плачу...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім паэтам Ганьне Комар і Дзьмітрыю Строцаву ўручылі нарвэскую прэмію «За свабоду слова»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі сьвет падзяліўся канчаткова і назаўсёды». Пісьменьнікі пра беларускую рэвалюцыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня можа ўвесь час балець». Беларускія паэты расказалі, ці варта пісаць вершы падчас вайны