«Папярэдзілі, што пасадзяць і жывым зь вязьніцы ня выйду», — успамінае актывіст Ян Дзяржаўцаў свой перадапошні дзень у Беларусі. Сёлета ў канцы сакавіка Ян Дзяржаўцаў выйшаў зь Віцебскага ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе адбыў сем дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за распаўсюд «дэструктыўнай інфармацыі». На збор рэчаў і перасячэньне мяжы патраціў усяго дзень.
Стаяў у пікетах супраць АЭС
Ян Дзяржаўцаў — былы прадпрымальнік. У Віцебску, дзе ён пражыў вельмі шмат гадоў, зарабляў будаўніцтвам. Больш за 10 гадоў таму пайшоў на пэнсію. Пакуль актывіст спыніўся ў Вільні. «Ніколі ня мог уявіць, што ў свае 72 гады апынуся ў эміграцыі, што лёс разлучыць зь сям’ёй і Бацькаўшчынай. Калі зможам узьяднацца, яшчэ ня ведаю», — кажа ён.
У Яна Дзяржаўцава вялікі стаж палітычнай барацьбы. Яшчэ ў канцы 90-х гадоў разам зь віцебскімі актывістамі стаяў у пікетах супраць саюзнай дзяржавы з Расеяй, пратэставаў супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі, быў назіральнікам на некалькіх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах. Некалькі разоў Яна Дзяржаўцава затрымлівалі, каралі «суткамі». У Віцебску Дзяржаўцаў сябруе зь легендарным мясцовым актывістам Барысам Хамайдам, праваабаронцам Паўлам Левінавым, добра ведаў нядаўна памерлага актывіста Хрыстафора Жаляпава. Але ў Беларусі Дзяржаўцаў найбольш вядомы як заснавальнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» — па назьве вёскі пад Віцебскам, дзе выявілі месца расстрэлаў сталінскімі карнікамі больш як пяцісот чалавек, так званыя «віцебскія Курапаты».
Стыль НКВД — стралялі ў патыліцу
Пра тое, што ва ўрочышчы Хайсы ў канцы 1930-х гадоў сталінскія карнікі расстрэльвалі невінаватых людзей, Ян Дзяржаўцаў даведаўся ад выпадковых знаёмых. Чаму не прайшоў міма? Прызнаецца, што да гэтай тэмы быў падрыхтаваны ўсім жыцьцёвым досьведам.
«Абодва мае дзяды, Максім і Васіль, былі зь Лёзьненскага раёну. Зь дзяцінства чуў ад іх аповеды пра часы рэпрэсій. Як арыштоўвалі працавітых сялян і заможных гаспадароў, як хапалі мясцовых палякаў, латышоў і габрэяў, а потым расстрэльвалі ўсіх па падвалах, па лясах. І вось лёс зьвёў мяне з братамі Кудзінавымі, Іванам і Сяргеем, жыхарамі вёскі Лужасна, што непадалёк ад Хайсоў. Абодвух ужо няма сярод жывых, але яны пасьпелі расказаць самае важнае. Іван паведаміў, што ў лесе каля Хайсоў у канцы 30-х гадоў адбываліся расстрэлы, як у Курапатах. Па начах прывозілі на грузавіках цывільных людзей і забівалі іх стрэламі ў патыліцу. А Сяргей паказаў месца, дзе тых забітых людзей закопвалі. Пра гэта ў іх вёсцы шмат хто ведаў, яшчэ жылі сьведкі. Мы зь імі таксама размаўлялі», — расказаў Ян Дзяржаўцаў.
Першымі раскопкі ва ўрочышчы Хайсы ў 2015 годзе зрабілі вайскоўцы з 52-га пошукавага батальёну — адзінай арганізацыі, якой афіцыйна дазволена праводзіць у Беларусі раскопкі ў тых месцах, дзе ішлі баі падчас Другой сусьветнай вайны ды іншых ваенных канфліктаў. Але знойдзеныя парэшткі больш як 500 чалавек дасьледчыкі 52-га батальёну вызначылі як ахвяраў вайны. Між тым актывісты ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» з такой высновай не пагаджаліся. Ян Дзяржаўцаў з аднадумцамі апыталі больш за 40 мясцовых жыхароў, і ў выніку ім удалося пацьвердзіць, што расстрэлы ва ўрочышчы праходзілі не ў часы вайны, а раней, з 1937 па 1941 год.
Рэчы, знойдзеныя ў магілах, указвалі менавіта на той пэрыяд. Пра тое, што расстрэлы рабіліся сталінскімі карнікамі, сьведчылі гільзы і кулі ад савецкай зброі, кажа Дзяржаўцаў. Яшчэ адным доказам стаў спосаб масавых расстрэлаў, тыповы для НКВД, а не для гітлераўцаў — стрэлам у патыліцу. Тыповы быў і спосаб пахаваньня ахвяр — у глыбокіх ямінах, навалам у некалькі слаёў. З тым, што Хайсы — месца расстрэлаў рэпрэсаваных грамадзян Беларусі, пагадзіліся і навукоўцы з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі, якія таксама бралі ўдзел у раскопках і дасьледаваньнях.
«Вынікам гэтых дасьледаваньняў і сталі помнікі і крыжы з імёнамі пэўных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якія мы паставілі ў Хайсах. Сумненьняў быць ня можа», — кажа Ян Дзяржаўцаў і паказвае на сваім тэлефоне здымкі часоў дасьледаваньняў магілаў ва ўрочышчы Хайсы.
«Як зьехаў — зьнішчылі яшчэ некалькі крыжоў»
На некаторых здымках Дзяржаўцава чарапы і косьці зь ямаў, у якіх у пяць слаёў ляжалі ахвяры. На другіх фотах — крыжы і памятныя шыльды, усталяваныя на месцы расстрэлу актывістамі ініцыятывы. Актывіст таксама паказвае ў тэлефоне новыя здымкі: вось гэты стэнд з інфармацыяй пра трагедыю нядаўна быў разламаны, вось тут зьнішчылі таблічку на крыжы.
«Гэтак было ўжо мінулай восеньню. А з часу, як мне давялося выехаць зь Беларусі, зламалі яшчэ некалькі крыжоў». На думку Дзяржаўцава, тое, што цяпер адбываецца з народным мэмарыялам у Хайсах, — гэта сыстэматычнае зьнішчэньне на загад уладаў.
«Зламалі ня толькі стэнд з інфармацыяй, паказальныя таблічкі, шыльды з надпісамі на вялікіх крыжах, яшчэ 20 крыжоў у лесе. Але такая дэталь: тоўстыя мэталічныя стойкі паказальнікаў зьнішчылі з дапамогай зварачнага апарата. А каб у лес прывезьці генэратар для апарата, патрэбен трактар. Альбо яшчэ дэталь: плястык з таблічкі выбілі ня ўдарам кувалды, а акуратна, долатам. І аскепкі сабралі і вывезьлі. Таму я і думаю, што гэта не самадзейнасьць нейкага вандала-адзіночкі, а дасканала падрыхтаваная акцыя. Гэта помста ўсёй нашай грамадзе, зьнішчэньне калектыўнай народнай памяці, запалохваньне актывістаў. А без дазволу ўладаў такія рэчы ня робяць», — мяркуе актывіст.
Your browser doesn’t support HTML5
«Выводзілі ў калідор і білі па нагах»
17 сакавіка 2023 году ў кватэру да Дзяржаўцавых уварваліся шэсьць міліцыянтаў у цывільным. На руках у сілавікоў быў толькі ордэр на вобшук, але паводзілі яны сябе так упэўнена і жорстка, што актывіст адразу зразумеў — без затрыманьня не абыдзецца. Так і выйшла. Акрамя гаспадара, з кватэры ў РАУС міліцыянты прыхапілі таксама ягоны кампутар, ноўтбук і тры мабільныя тэлефоны. У райаддзеле міліцыі Ян Дзяржаўцаў патрабаваў выклікаць адваката, але міліцыянты гэта рабіць адмовіліся і празь некалькі гадзін нібыта знайшлі ў мабільніку доказы таго, што яго ўласьнік распаўсюджваў экстрэмісцкія зьвесткі. Ян Дзяржаўцаў у пратаколе сваёй віны не прызнаў, назваў высновы міліцыянтаў «хлусьнёй і падробкай», але суд ня стаў на ягоны бок. 72-гадовага пэнсіянэра адправілі ў вязьніцу.
«За 7 дзён зьмяніў 4 камэры. У кожнай было па некалькі палітычных, але ў асноўным хуліганы і алькаголікі, якія на нас, палітычных, моцна крыўдавалі. Маўляў, праз нас іх таксама жорстка надглядаюць, замучылі рэгулярнымі праверкамі, абмяжоўваюць курэньне. Хоць насамрэч бачыў, як ахоўнікі ім праз „кармушкі“ давалі прыкурыць, то бок ставіліся да хуліганаў як да „сацыяльна блізкіх“, а да нас — як да ворагаў народу», — прыгадвае Ян Дзяржаўцаў.
Паводле суразмоўцы, палітычныя вязьні, якіх ён сустрэў у віцебскім ІЧУ, былі пакараныя за камэнтары і падабайкі ў тэлефонах. Некаторыя — за забароненую сымболіку. На памяці ў актывіста і тое, як ахоўнікі абышліся з сукамэрнікам Аляксеем.
«Мы сядзелі ў адной камэры двойчы. Першым разам ён быў цалкам адэкватны — расказваў пра сябе, задаваў разумныя пытаньні. Потым нас разлучылі, а пасьля мы зноў апынуўся зь ім у адной камэры. Але тады Аляксея ўжо было не пазнаць. Ён загаворваўся, мог крычаць, грукаць у дзьверы. І вось аднойчы нас усіх вывелі з камэры, а яго пакінулі аднаго. Потым з калідора мы бачылі, як у нашу камэру ўварваліся некалькі ахоўнікаў з палкамі. Чулі шум, крыкі, удары. Калі ж нас вярнулі, Аляксей быў моцна пабіты. Неўзабаве яго з камэры забралі, а нас апыталі. Маўляў, што зь ім адбывалася? Правяральнік сказаў, што на Аляксея завялі справу, нібыта гэта ён напаў на ахоўнікаў. Ведаю, што яму зламалі рэбры і каленную рэпку, ён трапіў у рэанімацыю. Але што зь ім было далей, мне невядома».
Сон без матраца і пасьцельнай бялізны на жалезных пласьцінах, адсутнасьць перадач, нястачу лекаў Дзяржаўцаў зьведаў на сабе асабіста. А яшчэ — біцьцё па нагах ды іншых частках цела.
«Спаць не давалі: за ноч тры праверкі, удзень яшчэ тры. Прычым з выхадам на калідор і стаяньнем тварам да сьцяны з вывернутымі рукамі. Было нормай, калі б’юць па нагах ці нізе сьпіны, маўляў, чаго стаіш ня так, як ім трэба. Абавязкова з мацюкамі, прычым менавіта адносна палітычных. «Дык вы, б..., бацьку ня любіце? Мы вас прымусім яго любіць, с...!» — перадае актывіст некаторыя з пачутых у калідоры ІЧУ выразаў ахоўнікаў.
У апошні дзень арышту на Яна Дзяржаўцава склалі пратакол аб тым, што нібыта «спаў на стале» — за гэта яму пагражаў карцар. Але яшчэ большая пагроза, згадвае актывіст, чакала ад сплянаванай правакацыі, якую ён своечасова прадухіліў. Паводле актывіста, яму тройчы спрабавалі падкінуць наркотыкі. Першая такая спроба была яшчэ ў 2014 годзе ў будынку ІВС на Маскоўскім праспэкце.
«З прычыны маіх праблем са здароўем не выношу цыгарэтнага дыму, таму ў ІЧУ напісаў заяву, каб мяне зьмясьцілі ў камэру, дзе ня кураць. І вось у новай камэры да мяне раптам саджаюць чалавека, які адразу дастае цыгарэты і спрабуе закурыць. Я абураюся, прыходзіць ахоўнік і цыгарэты ў яго забірае. Але пасьля гэтага сукамэрнік дастае з абутку пакуначак, кажа, што гэта «клясны наркотык», ды прапануе мне пакурыць разам зь ім! Здагадваюся, што гэта правакацыя, і адразу зноў выклікаю ахоўніка. Ня ведаю, што б было, калі б замарудзіў. Зьявіўся б у камэры спэцыфічны дым, сказалі б потым, што абодва «курылі траўку», — апавёў Ян Дзяржаўцаў пра той выпадак. Актывіст не выключае, што калі б трапіў у турму зноў, такое магло б паўтарыцца.
Спадар Дзяржаўцаў згадвае, як даведаўся пра пагрозу новага арышту. Паводле актывіста, ужо на выхадзе з ізалятара, адзін зь міліцыянтаў напаўголасу папярэдзіў яго пра небясьпеку ў выпадку, калі ён застанецца ў Беларусі.
«Сказаў, што мяне выпускаюць толькі на два дні, а ў панядзелак зноў па мяне прыйдуць, і ўжо зь вязьніцы ня выйду. Гэта можа быць папярэджаньне чалавека, які мне спачувае, а можа, і форма выцісканьня з краіны. Але ў любым выпадку на такія словы мусіў рэагаваць. Таму давялося тэрмінова зьбіраць рэчы».
Як праходзілі выбары ў віцебскай гімназіі № 4
Сярод рэчаў і дакумэнтаў, якія Ян Дзяржаўцаў прыхапіў з дому і змог перавезьці празь мяжу, — некалькі фота і відэа. У тым ліку відэа, зробленае ў 2020 годзе на 15-м выбарчым участку Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі № 19, што месьціўся ў віцебскай гімназіі № 4.
На тых выбарах Дзяржаўцаў быў зарэгістраваны як назіральнік ад партыі КХП-БНФ па суседнім, 14-м участку. Але 9 жніўня да сапраўднага назіраньня за падлікам галасоў яго не дапусьцілі.
«Нас трымалі па-за памяшканьнем, нават наблізіцца не далі», — згадвае актывіст тое, як праходзіў падлік галасоў. Паводле афіцыйных вынікаў, Лукашэнка сабраў на ўчастку 80%, але Ян Дзяржаўцаў у праўдзівасьць гэтай лічбы ня верыць. Доказам называе відэа, якое ўдалося зьняць ягонаму знаёмцу на 15-м участку адразу пасьля падліку галасоў і перадаць потым назіральнікам.
«Большы стос зь бюлетэнямі — гэта тыя, якія былі пададзеныя за Сьвятлану Ціханоўскую, а скрайні, значна меншы стос, — бюлетэні за Аляксандра Лукашэнку. Але ў выніку ўсё перавярнулі з галавы на ногі і прыпісалі дыктатару тое, чаго ён ня меў», — мяркуе Ян Дзяржаўцаў.
Дасьледчыкаў віцебскіх Курапат спрабавалі заблытаць
Хлусьню і сьвядомы падман улады выкарыстоўваюць і ў змаганьні з грамадзкімі ініцыятывамі, мяркуе Ян Дзяржаўцаў. Актывіст згадвае гісторыю расстралянай у Хайсах жанчыны, імя якой ім удалося вызначыць, нягледзячы на ўсе перашкоды.
«Яе імя — Вольга Данцыт. Ёй было ўсяго 28 гадоў. Паводле нацыянальнасьці яна была латышкай. А расстралялі як ворага народу. Хоць які зь яе вораг? Яна працавала настаўніцай у Віцебску, у латыскай школе № 30 — тады яшчэ былі школы для розных народаў, якія насялялі Беларусь. А як мы яе ідэнтыфікавалі? О, гэта цэлы дэтэктыў», — прызнаецца Дзяржаўцаў.
Паводле дасьледчыка, пачалося з таго, што сярод рэчаў, выкапаных з магілы расстраляных у Хайсах, аказаўся кавалак жаночага грэбеня. На тым кавалку ўдалося прачытаць ледзь бачныя літары, надрапаныя цьвіком ці іголкай — Оля Данці. Але канчатку прозьвішча не было, і знайсьці чалавека, якому той грэбень належаў, доўга не ўдавалася.
«Мы працягвалі шукаць. Архіў КДБ для грамадзкасьці дагэтуль закрыты, але можна правяраць паводле іншых крыніц: дзяржаўных архіваў, кніг пра рэпрэсіі, па прыватных лістах, успамінах. Нарэшце сябар нашай ініцыятывы знайшоў у інтэрнэце зьвесткі, што цалкам прозьвішча ахвяры можа гучаць як Данцыт. І мы зьвярнуліся праз інтэрнэт да грамадзянаў — можа хто ведае пра Вольгу Данцыт? Неўзабаве зь дзяржаўнай установы прыйшоў ліст, што мы памыляемся, насамрэч прозьвішча чалавека нібыта ня Данцыт, а Данцык. Але мы знайшлі зьвесткі, што гэта габрэй зь Берасьцейскай вобласьці, такім чынам, і тут улады хлусілі. У выніку нам удалося пацьвердзіць, што насамрэч гэта настаўніца Вольга Аляксандраўна Данцыт, народжаная ў 1910 годзе, расстраляная ў 1938 у Хайсах», — кажа Ян Дзяржаўцаў.
Дасьледчык расказаў, як наведваў вёску Матушова ў Лёзьненскім раёне, дзе нарадзілася маладая настаўніца. Знайшоў магілу яе роднай сястры. Сёстры былі зь сям’і латышоў, якія набылі ў Беларусі зямлю яшчэ за часамі царскай Расеі. Аказалася, што амаль увесь шматлікі род латышоў Данцытаў у Беларусі быў рэпрэсаваны.
«Мяне зьдзівіў іх дом. Прыгожыя дзьверы, інакшы мэханізм замкоў, запораў. Цудоўна аздобленыя бэлькі, вокны. Каля дому глыбокі цагляны склеп. Бачна, што калісьці быў дагледжаны сад. Людзі ўсё рабілі на стагодзьдзі, сумленна і надзейна. І вось гэтых людзей назвалі ворагамі народу і аднаго за адным зьнішчылі, як зьнішчылі тысячы самых разумных і працавітых беларусаў, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў. Лічу, гэта дараваць сталінскаму рэжыму нельга, як нельга дараваць і таго, што робіць зь беларусамі сёньняшні рэжым Лукашэнкі — саджае ў турмы, выціскае з краіны яе лепшых грамадзянаў», — мяркуе Ян Дзяржаўцаў.