Інспэктары Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) наведалі Чарнобыльскую АЭС і шэраг іншых прадпрыемстваў у зоне адчужэньня, каб пераканацца ў адсутнасьці незаяўленых ядзерных матэрыялаў і праверыць інфармацыю аб канструкцыі ядзернай устаноўкі.
Як паведаміла Дзяржаўная інспэкцыя ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны, інспэкцыя праходзіла ў межах выкананьня Дагавору аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі.
«Заўваг з боку інспэктараў не было», — адзначаецца ў паведамленьні Дзяржінспэкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ вырашыла накіраваць місіі на ўсе АЭС Украіны, у тым ліку на закрытую Чарнобыльскую і акупаваную ЗапароскуюІнспэктары МАГАТЭ рэгулярна працуюць на ўсіх украінскіх АЭС (Ровенскай, Хмяльніцкай і Паўднёваўкраінскай). Зь верасьня 2022 году яны знаходзяцца і на станцыі ў Запарожжы, тэрыторыю якой акупавалі расейскія вайскоўцы.
Чарнобыльская АЭС толькі ў жніўні 2022 году змагла аднавіць перапрацоўку адпрацаванага ядзернага паліва — празь пяць месяцаў пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЧАЭС аднавіла перапрацоўку адпрацаванага ядзернага паліва пасьля дэакупацыі ад расейскіх войскаўЧарнобыльская АЭС — месца найбуйнейшай катастрофы ў гісторыі атамнай энэргетыкі, якая адбылася ў 1986 годзе. Цяпер яна не выпрацоўвае электраэнэргіі, але там знаходзяцца спэцыялісты, каб кантраляваць сыстэмы закансэрваванай станцыі.
Украінская кампанія «Енергоатом» заяўляла, што расейскія войскі будавалі фартыфікацыйныя збудаваньні ў так званым Рудым лесе (самай забруджанай тэрыторыі Чарнобылю) і атрымалі значныя дозы апраменьваньня. У Мінабароны РФ гэтай інфармацыі не камэнтавалі.
Цяпер Служба бясьпекі Ўкраіны расьсьледуе крымінальную справу па факце захопу расейскімі войскамі Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, які разглядаюць як акт ядзернага тэрарызму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чарнобылі ўпершыню пасьля пачатку вайны ва Украіне запрацавалі радыяцыйныя дэтэктары