Выданьне адзначае, што ўжо 22 дні невядомыя стан і месцазнаходжаньня палітвязьняволенага кандыдата ў прэзыдэнты, які быў лідэрам незалежных апытаньняў 2020 году, Віктара Бабарыкі.
Таксама, падкрэсьлівае WP, няма зьвестак пра Марыю Калесьнікаву, Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і іншых палітвязьняў. У артыкуле згадваецца і перасьлед адвакатаў палітзьняволеных.
«Раней адвакаты і праваабаронцы ў Беларусі, прынамсі, маглі адсочваць іх [палітвязьняў] месцазнаходжаньне. Цяпер рэжым, здаецца, выкарыстоўвае яшчэ больш рэпрэсіўную тактыку, як у Паўночнай Карэі, дзе зьняволеныя гвалтоўна зьнікаюць на месяцы ці гады», — піша The Washington Post.
«Увесь сьвет мусіць запатрабаваць ад дыктатара адказу: дзе Віктар Бабарыка? Пакажы нам, што ён жывы. Што сталася з астатнімі? Нельга дапусьціць, каб беларускія палітвязьні зьніклі», — заклікаюць аўтары Washington Post.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хвароба Лукашэнкі мусіла перакрыць навіну пра зьнікненьне Бабарыкі?Некалькі тыдняў таму стала вядома, што Віктара Бабарыку шпіталізавалі ў лякарню ў ноч з 24 на 25 красавіка, далейшае месцазнаходжаньне палітвязьня невядомае.
11 траўня ў Эўрапарлямэнце прынялі рэзалюцыю аб Беларусі: «Бесчалавечнае абыходжаньне і шпіталізацыя вядомага апазыцыянэра Віктара Бабарыкі».
«Парлямэнт заклікае ўлады Беларусі спыніць жорсткае абыходжаньне з былым кандыдатам у прэзыдэнты Віктарам Бабарыкам і іншымі палітычнымі зьняволенымі і неадкладна і безумоўна вызваліць іх», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
16 траўня каманда Віктара Бабарыкі паведаміла, што ніводная ўстанова сыстэмы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, у тым ліку падведамасныя лякарні, не ўзяла на сябе адказнасьць пацьвердзіць, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў іх.
Сваякі працягваюць дабівацца асабістага прыёму ў начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Раней яны былі ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе ім сказалі, што Віктара ў іх няма.
Таксама аднаму з валянтэраў, які зьвярнуўся ў СІЗА на Валадарскага, тады «паведамілі, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў шпіталі «ў Калядзічах».
У Калядзічах пад Менскам ужо 10 гадоў будуюць СІЗА са шпіталём на замену «Валадарцы», так што можа ісьціся пра турэмны шпіталь.
Тэлеграм-канал @MAYDAYMog з спасылкай на інфармацыю ад былога вязьня, які адбываў тэрмін у ПК-1 у Наваполацку, празь некаторы час пасьля зьнікненьня Бабарыкі паведамляў, што той больш не прыпісаны да атраду, у якім знаходзіўся да шпіталізацыі.
Мужчына пацьвердзіў валянтэрам, што Бабарыка ў апошні час знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу. Таксама экс-прэтэндэнт у прэзыдэнты сутыкаўся зь «вялікім прэсінгам» з боку супрацоўнікаў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека заклікала спыніць практыку нядопуску адвакатаў да сваіх кліентаў у турмах