Беларускім студэнтам, лекарам і навукоўцам, якія прыехалі ў Эстонію да пачатку маштабнай вайны, дазволілі падаваць дакумэнты на ВНЖ

Сьцяг над эстонскім парлямэнтам

Урад Эстоніі ўхваліў вынятак з санкцыйнага рэжыму, у адпаведнасьці зь якім студэнты, лекары і навукоўцы зь Беларусі і Расеі, якія прыбылі ў краіну да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, могуць падаць дакумэнты на атрыманьне новага дазволу на жыхарства.

Пра гэта паведамляе прэсавая служба эстонскага ўраду.

Ва ўрадзе Эстоніі адзначылі, што гэтае выключэньне не азначае аўтаматычнага атрыманьня названымі катэгорыямі грамадзян дазволаў на жыхарства (ВНЖ). «Кожнае хадайніцтва будзе разгледжана асобна, у кожным выпадку ўлады будуць ацэньваць, ці ёсьць у чалавека падставы для атрыманьня дазволу на жыхарства», — адзначылі ў прэсавай службе ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турыстычныя, працоўныя, гуманітарныя. Візавы гід для беларусаў

Вынятак у санкцыйным рэжыме тычыцца тых людзей, якія здалі ўсе неабходныя іспыты па эстонскай мове або прайшлі эстонамоўную вучэбную праграму і валодаюць эстонскай мовай як мінімум на ўзроўні B2. У той жа час, як адзначылі ў прэсавай службе эстонскага ўраду, на акадэмічных работнікаў патрабаваньне валодаць мовай не распаўсюджваецца.

Цяпер у эстонскіх ВНУ навучаецца 298 грамадзянаў Расеі і Беларусі, на якіх распаўсюджваецца санкцыйны рэжым. Выключэньне, як удакладнілі ва ўрадзе, распаўсюдзіцца найперш на тых 78 студэнтаў, якія завяршаюць навучаньне па эстонамоўнай праграме.

Паводле зьвестак Дэпартамэнту здароўя Эстоніі, у 2022–2023 годзе ў краіне зарэгістраваныя дзесяць лекараў, якія прыбылі на працу з Расеі, і дзевяць — зь Беларусі. Што тычыцца навукоўцаў, то, паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі і навукі Эстоніі, цяпер у эстонскіх ВНУ працуюць тры акадэмічныя работнікі, якія падпадаюць пад выключэньне з санкцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 пытаньняў і адказаў пра тое, як беларусу-ўцекачу легалізавацца ў Эўразьвязе

Эстонія спыніла выдачу дазволаў на жыхарства і кароткатэрміновых візаў з мэтай навучаньня для грамадзянаў Расеі і Беларусі летам 2022 году. Таксама грамадзянам Расеі і Беларусі абмежавалі магчымасьць атрымаць сэзонную працу, калі ў іх няма доўгатэрміновай нацыянальнай візы. Раней яны маглі атрымаць дазвол на кароткатэрміновае працаўладкаваньне па турыстычнай візе, выдадзенай у любой іншай краіне Шэнгенскай зоны.

Эстонія, Літва і Латвія раней дамовіліся абмежаваць уезд расейцаў у ЭЗ праз свае межы. Выключэньні будуць зробленыя толькі для кіроўцаў фураў, дыпляматаў і грамадзянаў, якія ўяжджаюць зь сямейных і гуманітарных прычын.