Пагаварылі зь ім пра беларусаў у La Scala, гібель тырана ў клясычных опэрах, удзел у опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха» у Лёндане і будучыя канцэрты на цэнтральных плошчах Беларусі.
Сьцісла
- Страціў упарадкаваны лад жыцьця, страціў Радзіму. Але любы крызіс — магчымасьць для росту. Ня ведаю, ці быў бы я, напрыклад, у La Scala, калі б вымушана не пакінуў Беларусь.
- Каб выхаваць аднаго сьпевака, трэба ня менш часу, чым, напрыклад, вайсковага лётчыка. Трэба 10-15 гадоў. І тое, што адбываецца ў беларускай опэры, гэта шкодніцтва.
- Клясычны сюжэт «Дзікага паляваньня караля Стаха» мусіць перажывацца кожным пакаленьнем нанова. Гэта будзе праект ХХІ стагодзьдзя і кожнага з нас у гэтай гісторыі. Адказы будуць рэлевантныя часу.
- Мы абавязкова вернемся, у нас будуць яшчэ канцэрты на цэнтральных плошчах, будзем разам сьпяваць самыя файныя песьні і самыя лепшыя опэры.
Пра La Scala як Эвэрэст для опэрнага сьпевака
— Раскажыце пра вашу партыю на сцэне аднаго з найлепшых опэрных тэатраў сьвету. Чым для беларускага опэрнага сьпевака адметная опэра Антаніна Дворжака «Русалка»?— Найперш гэта вялікі гонар удзельнічаць у такой пастаноўцы. Для кожнага опэрнага сьпевака гэта зьяўляецца такім Эвэрэстам, які трэба заваяваць. Ці вялікая галоўная партыя, ці партыя другога пляну, як у маім выпадку, — усё адно надзвычай прыемная зьява ў творчай біяграфіі. Асабіста для мяне гэта ўнікальны досьвед.
«Русалка» Дворжака — клясычны сюжэт позьняга рамантызму, адзін з найвыдатнейшых прыкладаў чэскай сымфанічнай і опэрнай традыцыі. Гэты твор Дворжак называў 11-й сымфоніяй, таму што аркестар адыгрывае там надзвычай важную ролю, ня менш важную, чым самі сьпевакі. Там шмат цікавага адбываецца ў аркестры, у партытуры і сцэнічна.
Дворжак пісаў гэтую опэру ў канцы ХІХ стагодзьдзя, гэта адзін з апошніх ягоных твораў. І мы бачым, што гэта ня толькі позьні рамантызм, але і ўжо праглядаем рысы імпрэсіянізму і нават экспрэсіянізму, шмат даволі цікавых музычных плыняў.
— Наколькі я ведаю, вы павінны былі выступаць у La Scala раней, але не атрымалася, бо не маглі выехаць з ЗША празь неабходнасьць афармленьня пэўных дакумэнтаў. Тады таксама меліся сьпяваць у опэры Дворжака?
— Не, тады меўся сьпяваць у опэры Маснэ «Таіс» (паводле апавяданьня Анатоля Франса), у якой я сьпяваў шмат гадоў таму. Гэтая опэра рэдка выконваецца на сцэне. І кіраўніцтва La Scala зьвязалася са мной, бо я выконваў галоўную ролю Атанаэля. Усім вядомая інтэрмэдыя з гэтай опэры, гэтая мэлёдыя звычайна ў балеце выконваецца. Я быў гатовы ехаць, але тады не атрымалася, бо былі цяжкасьці з атрыманьнем працоўнай візы (трэба атрымліваць працоўныя візы нават на кароткатэрміновыя кантракты ў Італіі). Тады я вельмі шкадаваў. Але цяпер атрымалася, гэтым разам я тут.
— Беларусам ня так проста трапіць у Мілян і ня так лёгка купіць квіткі (яны дарагія). Тым ня менш раскажыце, калі прэм’ера?
— Прэмʼера адбудзецца 6 чэрвеня. Мы маем шэсьць вечароў, апошні спэктакль 22 чэрвеня. Рэжысэрка пастаноўкі — славутая італьянская рэжысэрка Эма Дантэ. Яна ўжо другі раз супрацоўнічае з La Scala. Дырыжэр — чэскі маэстра Томаш Гануc, адзін з найлепшых спэцыялістаў у сьвеце ў Дворжаку. Вялікая асалода — працаваць зь ім і з Эмай. Гэты досьвед — у скарбонку сьпеваку. Яшчэ ёсьць у нас выкладчык чэскай мовы, бо ёсьць своеасаблівыя цяжкасьці ў вымаўленьні, зашмат зычных, але мы не здаёмся. Кажуць, што ў нас няблага атрымліваецца. Нават мой сябра чэх Іржы Райніс (ён сьпявае партыю лесьніка) кажа, што я малайчына.
Наша трупа інтэрнацыянальная, з усяго сьвету. У мяне невялікая партыя Паляўнічага, але яе звычайна сьпяваюць сьпевакі з голасам, бо гэта ляйтматыў, тэма фатуму. Мой герой выконвае песьню пра белую лань, якую ня трэба чапаць, у яе ня трэба страляць. І ён як паляўнічы папярэджвае прынца, каб той не страляў у тую лань, бо яна можа прынесьці яму шмат бяды. Але прынц ня слухаецца.
Гэтую партыю я сьпяваю першы раз у першай дзеі, потым яна зьяўляецца ў другой дзе ляйтматывам у аркестры, калі сустракаюцца прынц і русалка. Выбітная музыка, мэлёдыка. Асалода працаваць. Можна сачыць за маім інстаграм-акаўнтам, дзе спрабую рабіць дзёньнік. Мы ня можам усё публікаваць, таму што гэта частка прадукцыі і ўласнасьці тэатру. З таго, што можна, я раблю кароценькія справаздачы ў сваіх сацсетках. Сачыце на афіцыйным канале тэатру La Scala і youtube-канале. Акрамя асноўнай партыі Паляўнічага, я сьпяваю яшчэ кавэр ролі галоўнага пляну бас-барытону Водніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў, звольнены ў Менску за ўдзел у пратэстах, дэбютуе ў La ScalaПра беларусаў у La Scala
— У кастрычніку ў La Scala паставіў «Маленькага прынца» беларускі дырыжор Віталь Алексяёнак, цяпер вы будзеце сьпяваць у опэры Дворжака. Ці вы зь Віталем першыя беларусы ў La Scala?
— Не. Першым беларусам, які сьпяваў у La Scala, быў Міхась Забейда-Суміцкі, выбітны беларускі сьпявак, які сьпяваў тут у сэзонах 1932, 1933 і 1934 гадоў. Я вывучаю архіў, каб знайсьці дакладныя зьвесткі. Ён сябраваў з Максімам Танкам, сустракаўся з Уладзімерам Караткевічам. Бываў у Беларусі пасьля вайны, і гэта наша першая зорачка, наш маэстра, які сьпяваў у La Scala. А ў гісторыі незалежнай Беларусі там сьпявала наша Каця Семянчук, мецца-сапрана, яна працуе ў Пецярбурзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не прыходзіцца апраўдвацца, што я беларус». Беларускі дырыгент выступае ў Ля Скаля, пад бомбамі ў Харкаве і для беларускіх палітвязьняў— Нядаўна абмяркоўвалі магчымую хваробу і адыход Аляксандра Лукашэнкі. Творы клясычнай опэры маюць багата сюжэтаў, калі паміраюць тыраны ці калі іх забіваюць. Як вы глядзіце на такое разьвіцьцё падзеяў у кантэксьце твораў клясычнай музыкі?
— На ўсё воля Божая. Кожны чалавек з гэтым мусіць сустрэцца, ці то ён злыдзень, ці то ён праведны чалавек. Трэба кожнаму даваць справаздачу перад Богам. Як чалавек зь хрысьціянскімі перакананьнямі я перш за ўсё стараюся, каб самому даць добры прыклад, каб не шкадаваць аб марна праведзеных на зямлі гадах. Звычайна культура і асабліва опэра — адлюстраваньне працэсаў, якія праходзяць у грамадзтве ў гістарычным кантэксьце. Бадай што ўсе опэры Вэрдзі, пачынаючы з «Макбэта», пра гэта. І «Атэла», і ўсе астатнія ягоныя опэры. «Барыс Гадуноў» з расейскай культуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хопіць біць сябе ў грудзі». Славуты опэрны сьпявак Сільчукоў — пра звальненьне і пра пераасэнсаваньне гімну «Магутны Божа»Пра страчаныя карані і новыя магчымасьці
— Ільля, што вы страцілі, а што набылі ў выніку вымушанага ад’езду зь Беларусі? Як опэрны сьпявак і чалавек?
— Гэта заўсёды выклік. Страціў упарадкаваны лад жыцьця, страціў Радзіму. У кожнага мастака, у кожнага чалавека, калі вырываюцца карані, гэта заўсёды балюча. Не магу сказаць, што адʼезд зь Беларусі ня меў на мяне нэгатыўнага ўплыву. Я сумую, перажываю за Айчыну. Кожны дзень сачу за навінамі. Гэта адмоўна адбіваецца на сьпеваку, на артысту і на любым чалавеку.
Па-другое, гэта магчымасьці і выклікі самому сабе. Любы крызіс — магчымасьць для росту. Калі выбару няма, ты робіш крок у невядомае, і пасьля адчыняюцца новыя дзьверы і новыя магчымасьці. І дзякуй Богу за гэта. Таму я не сказаў бы, што шкадую. Я ня ведаю, ці быў бы я, напрыклад, у La Scala, калі б ня быў змушаны выехаць. Мы ня ведаем. Я ня ведаю. Але ёсьць тое, што ёсьць, і я ўдзячны Богу за ўсё, што атрымліваецца ў жыцьці, за сустрэчы з новымі сябрамі, за творчыя праекты, за сьлёзы і за радасьць.
— Як вы думаеце, а што страціў беларускі опэрны тэатар пасьля вымушаных ад’ездаў і звальненьняў вялікай колькасьці музыкаў?
— Гэта проста страта ўсяго. Кожная творчая адзінка зьяўляецца ўнікальнай. Трупы нацыянальных тэатраў зьбіраюцца дзесяцігодзьдзямі. Каб выхаваць аднаго сьпевака, трэба ня менш часу, чым, напрыклад, вайсковага лётчыка. Трэба 10-15 гадоў. Калі губляецца гэты чалавек для культуры, гэта страта, якую немагчыма перакрыць цягам дзесяцігодзьдзяў. І тое, што адбываецца ў беларускай опэры, не магу станоўча ацаніць. Гэта шкодніцтва.
— У вас была мара, каб як мінімум па адным опэрным тэатры стала ў кожным абласным цэнтры Беларусі. З таго, што вам вядома, ці ёсьць куды і на каго хадзіць у Беларусі аматарам клясычнай музыкі цяпер?
— У мяне няма адказу на гэтае пытаньне, бо я больш за два гады не знаходжуся ў Беларусі. Я ведаю, што людзі ходзяць у опэру, таму што гэта для іх, з аднаго боку, выйсьце ў нейкі ідэальны сьвет, каб пазьбегнуць гэтай рэчаіснасьці. Для другіх гэта немагчыма, таму што гэта будзе як падстаўляць тых, хто быў вымушаны выехаць, таму неэтычна ісьці ў тэатар. Кожны робіць выбар сам, я не магу на яго ўплываць. І ня ведаю, што б я сам рабіў у гэтых абставінах, бо я цяпер ня ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы жывём у часы дзікага паляваньня». Халезін, Хадановіч, Сільчукоў і Падгайская пра бэстсэлер Караткевіча ў лёнданскім тэатрыПра сучаснае прачытаньне Караткевіча
— З опэры Солтана «Дзікае паляваньне караля Стаха» у беларускім опэрным тэатры ня так даўно прыбралі рэплікі «Раман, выходзь!», асьцерагаючыся, магчыма, паралеляў ці з Раманам Бандарэнкам, ці з Раманам Пратасевічам. Вы будзеце выконваць галоўную ролю ў «Дзікім паляваньні» на сцэне лёнданскага тэатру Barbican у пастаноўцы Халезіна, з музыкай Падгайскай, лібрэта Хадановіча і з дырыгентам Алексяёнкам. Чаго вы чакаеце ад удзелу ў такім зорным праекце?
— Цэнзура і вырэзваньне опэрных тэкстаў нагадваюць мне «1984» Оруэла, які мы ўсе чыталі, і нам здавалася некалькі гадоў таму, што такое ўвогуле немагчыма — крамсаць нажнічкамі-чараўнічкамі газэты, часопісы, лібрэта і ўсё астатняе. Але нават Караткевіча можна падчысьціць. Гэта ўсё і сьмех, і грэх. Мы робім гэтую працу наноў. І для мяне, і для Мікалая Халезіна сюжэт «Дзікага паляваньня караля Стаха» рэлевантны часу — таму, што мы перажываем. Таму я пагадзіўся ўдзельнічаць у гэтым праекце.
Я думаю, што што клясычны сюжэт мусіць перажываецца кожным пакаленьнем нанова. Таму гэта ня будзе праектам Солтана. Гэта будзе праект ХХІ стагодзьдзя і кожнага з нас у гэтай гісторыі, уключаючы кампазытарку Вольгу Падгайскую ў першую чаргу. Клясыку мы пераасэнсоўваем зноў і зноў, і адказы будуць рэлевантныя часу. Таму я не лічу, што гэта будзе той самы Беларэцкі, які быў у канцы1980-х — пачатку 1990-х, якога дужа файна выконваў маэстра Скарабагатаў.
— Я нядаўна спэцыяльна перачытала гэты твор Караткевіча і перагледзела фільм Рубінчыка паводле «Дзікага паляваньня караля Стаха» са сцэнаром Караткевіча. І мяне ўразіла, наколькі не адпавядае пэрсанажу Беларэцкага, які ў кнізе моцны, рашучы чалавек, расейскі актор Барыс Плотнікаў, якога спэцыяльна на гэтую ролю запрасіў Рубінчык. Якая вашая трактоўка гэтага вобразу?
— З экранізацыямі заўсёды так. Мне адразу ўспамінаецца экранізацыя «Сівой легенды» Караткевіча. Калі мы працавалі над опэрай «Сівая легенда», я паглядзеў экранізацыю, нуар-фільм з Іварам Калныньшам. Мне таксама здалося, што гэта «не з таго лесу», не адпавядала майму ўражаньню, таму, што я чытаў у «Сівой легендзе», што ў нас у опэры Смольскага было.
Я яшчэ мушу паглядзець Рубінчыка. Я чытаў «Дзікае паляваньне караля Стаха» таксама даўно, і буду перачытваць перад праектам. Але мне здаецца, што тое, як мы бачым Беларэцкага, трэба шукаць найперш у асобе самага Караткевіча. Гэта будзе ключык да разуменьня. Уся супярэчлівасьць самога Караткевіча, ягоная надзея, вера ў будучыню Беларусі, беларушчыны, разам з гэтым такі смутак. Супярэчлівасьць яго натуры; тое, як ён глядзеў на сьвет; ягонае каханьне і таксама гісторыя ягонага жыцьця. Гэта ўсё і ёсьць Беларэцкі, на маю думку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У 2022-м адбудуцца тэктанічныя зьмены». Сільчукоў — пра беларускую ДНК і пакутнікаў, што сталі Нябеснай вартайПра будучыя канцэрты ў Беларусі
— Аўдыторыя Свабоды Premium пераважна знаходзіцца ў Беларусі. Вялікая частка беларускіх творцаў былі вымушаныя выехаць і цяпер з розным посьпехам працягваюць выступаць за мяжой. Што б вы сказалі людзям у Беларусі, для якіх важная і неабходная беларуская культура, як у гэтай сытуацыі заставацца яе спажыўцом?
— Самае страшнае — страціць надзею. Не губляйце надзеі, сябры. І ня бойцеся. Мушу зноў і зноў паўтарыць славутыя словы Яна Паўла Другога палякам у гады камуністычнага прыгнёту: «Ня бойцеся, ня бойцеся, ня бойцеся». Усе свае высілкі і намаганьні ў сваім жыцьці я прыкладаў для таго, каб ня страціць надзею і не баяцца. Таму што чалавек застаецца чалавекам, толькі калі ён спадзяецца на лепшае і калі ён не губляе надзеі і стараецца змагацца са сваім страхам. Я лічу, што ўсё ў нас атрымаецца. Мы абавязкова вернемся, у нас будуць яшчэ канцэрты на цэнтральных плошчах, будзем разам сьпяваць самыя файныя песьні і самыя лепшыя опэры.
- Ільля Сільчукоў нарадзіўся ў Менску ў 1982 годзе. Скончыў гімназію-каледж пры Беларускай акадэміі музыкі, вакальныя аддзяленьні Менскай музычнай вучэльні і потым Беларускай акадэміі музыкі. З 2005 году быў салістам Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. Ляўрэат 16 міжнародных конкурсаў вакалістаў. Быў адным з трох гранд-фіналістаў у тэлепраекце «Вялікая опэра» на канале «Россия-Культура». Мае мэдаль Францішка Скарыны. Удзельнічаў у пратэстах 2020 году. Сільчукова звольнілі зь Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі восеньню 2020 году за тое, што зьняўся ў відэа «Культура за страйк». Пасьля гэтага сьпявак выехаў у ЗША, выступаў у амэрыканскіх, францускіх тэатрах.
- Старонкі Ільлі Сільчукова ў telegram, YouTube, Facebook , Instagram.
- ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў адмовіўся ад званьня ляўрэата прэзыдэнцкай прэміі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Госпэл-сьпевакі з 24 краін сьвету запісалі гімн «Магутны Божа» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славуты опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў выпусьціў кліп на хрысьціянскі гімн «Магутны Божа»