Акупацыйныя ўлады Крыму паведамілі аб часовым спыненьні руху электрычак на перагоне Сімферопаль — Севастопаль у выніку сыходу з рэек вагонаў са збожжам.
Як паведаміў кіраўнік акупацыйных уладаў Сяргей Аксёнаў, цяпер вядуцца аднаўленчыя работы, а Фэдэральная служба бясьпекі Расеі высьвятляе прычыны здарэньня. Для пасажыраў паабяцалі арганізаваць перавоз аўтобусамі.
Паводле зьвестак тэлеграм-каналу «Крымский ветер», спыненьне чыгуначнага руху ў Сімферопальскім раёне Крыму адбылося ў выніку выбуху у 8:20. З рэек сышлі 11 вагонаў са збожжам, усяго састаў складаўся з 23 вагонаў.
На месцы выбуху ўзьнікла варонка дыямэтрам 12 мэтраў.
Кіраўніцтва Крымскай чыгункі паведаміла, што здарэньне адбылося ў выніку «ўмяшаньня староньніх асоб у працу чыгуначнага транспарту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ў ноч на 18 траўня ў некалькі хваляў зноў атакавала Ўкраіну. Амаль усе ракеты зьбіліТаксама стала вядома, што пад Казаньню спалілі 4 рэлейныя шафы, праз што адбыўся збой у графіку руху 5 цягнікоў.
Раней дывэрсіі на чыгунцы адбыліся ў Бранскай вобласьці, партызаны спалілі ў тым ліку цеплавоз, прыпісаны да Гомельскага дэпо. Расейскія сілавікі пачалі пошукі двух падазраваных, але нікога не знайшлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бранскай вобласьці Расеі зноў дывэрсія на чыгунцы