17 траўня стала вядома, што беларускія добраахвотнікі панесьлі страты пад украінскім Бахмутам. Прэс-служба палка Каліноўскага паведаміла пра аднаго загінулага і чацьвярых зьніклых бязь зьвестак. Пазьней яны паведамілі, што ўсё пяць байцоў загінулі.
Як стала вядома Свабодзе, адным з загінулых пад Бахмутам быў заснавальнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі.
Што вядома пра загінулага ва Ўкраіне Міраслава Лазоўскага
Лазоўскаму было 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, у 1995 годзе ўступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёну» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі. Сябры «Белага легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсьцяў у 1996–1999 гадах. Арганізацыя спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х. Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» зьявіліся ў 2008 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі ў справе выбуху 3 ліпеня 2008 году, аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На кароткі час затрымалі фігуранта «справы патрыётаў» Міраслава ЛазоўскагаУ 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную сэрыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджваньне навукова-папулярных выданьняў аб гісторыі Беларусі. Працаваў у выдавецтве «Кнігазбор», якое зьліквідавалі ўлады ў студзені 2023 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пачалася, разьвівалася і развалілася «справа Белага легіёну»У сакавіку 2017 году Міраслава Лазоўскага разам з больш як трыма дзясяткамі чалавек арыштавалі ў так званай «справе патрыётаў». Першапачаткова яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 артыкулу 293 («Падрыхтоўка масавых беспарадкаў»). Затым дадалі артыкул 287 («Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня»). За кратамі Лазоўскі правёў некалькі месяцаў, выйшаў на свабоду ў чэрвені. Крымінальная справа неўзабаве была прыпыненая, а пасьля закрытая.
Неўзабаве пасьля гэтага Міраслаў ажаніўся са сваёй дзяўчынай Сьвятланай. Пара выбрала для гэтага гадавіну бітвы пад Воршай 8 верасьня.
«Каб ніколі не забывацца на дзень шлюбу», — тлумачыў свой выбар Міраслаў у інтэрвію «Новаму часу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы лідэр «Белага Легіёну» Лазоўскі затрыманы і зьбіты, у кватэры адбыўся ператрусПасьля пратэстаў 2020 году Міраслаў Лазоўскі пераехаў ва Ўкраіну. З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў, свайго удзелу ў баявых дзеяньнях не афішаваў.