У Гомельскім абласным судзе ў закрытым судовым пасяджэньні 10 траўня вынесьлі прысуд па крымінальнай справе Віктара Яроменкі. Яго абвінавацілі ў распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці альбо звады паводле ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу і іншых злачынствах.
Працэс, які пачаўся 21 красавіка, вёў судзьдзя Руслан Царук. Акалічнасьці справы, апроч прысуду, пакуль праваабаронцам невядомыя.
«Вясна» паведамляе, што Яроменка прызнаны вінаватым таксама ў заведамым пастаўленьні іншай асобы ў небясьпеку заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). На падставе ч.1 арт. 157 Крымінальнага кодэксу яму прызначылі 1 год і 6 месяцаў зьняволеньня.
Шляхам частковага складаньня вынесеных пакараньняў Яроменку канчаткова прысудзілі 5 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму. Мабільны тэлефон, які належыць абвінавачанаму, канфіскаваны ў даход дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 траўня: У Горках затрымалі барбэра; у Менску новы вырак за ўдзел у пратэстах 2020-гаВыданьне Most і праект блогера Андрэя Павука «Рудабельская паказуха» прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»
Інтэрнэт-рэсурс Most прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Адпаведнае рашэнне МУС Беларусі прыняла 17 траўня, заўважыў праваабарончы цэнтар «Вясна».
У красавіку Most падаў скаргу ў Мінінфарм на «немэтазгоднае выкарыстаньне» сродкаў судом Крупскага раёну, які ўжо другі раз прызнаў ягоны TikTok «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Most — рэгіянальнае мэдыя ў Беластоку для беларусаў па абодва бакі мяжы. Рэдакцыя Most — каманда беларускіх журналістаў у вымушанай эміграцыі.
Таксама «экстрэмісцкім фармаваньнем» прызнаны Youtube-праект блогера Андрэя Павука «Рудабельская паказуха». Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, такое рашэньне прынятае МУС з прычыны «публічных заклікаў да санкцыяў, дыскрэдытацыі і абразы службовых асобаў, арганізацыі дзейнасьці па падрыхтоўцы зьдзяйсьненьня замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь».
Паведамляецца, што «асобы, якія ўдзельнічаюць ці ажыцьцяўляюць любую перадачу зьвестак прадстаўнікам „Рудабельскай паказухі“, прызнаюцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармаваньня і будуць прыцягнутыя да адказнасьці па арт. 361-1 КК Беларусі (да 7 гадоў пазбаўленьня волі)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выданьне Most, чый TikTok двойчы прызналі экстрэмісцкім, падало скаргу ў Мінінфарм за «нямэтавае расходаваньне грошай»Верхнядзьвінскую актывістку Валянціну Болбат адправілі за краты на 30 дзён
Валянціну Болбат затрымалі 30 красавіка, але пасьля гэтага жанчыне стала дрэнна, таму яна на некаторы час трапіла ў бальніцу.
Днямі яна напісала ў Фэйсбуку, што чакае суду паводле двух пратаколаў: па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне). 17 траўня яе знаёмыя ў сацсетках паведамілі, што Болбат асудзілі на 30 дзён арышту. Вядома, што працэс адбыўся 10 траўня ў судзе Верхнядзьвінскага раёну, пішуць праваабаронцы «Вясна назірае».
Напрыканцы 2022 году Валянціну Болбат ужо тройчы асудзілі паводле адміністрацыйных спраў. Таму яна таксама мусіць сплаціць 130 базавых велічыняў, а таксама заплаціць за ўтрыманьне ў ЦІПе. Вядома, што яна спрабавала ўзяць на гэта крэдыт, але ёй адмовілі.
Чарговае папаўненьне «Сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», у яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Научно-Технический·LAB-66·Лабораторный журнал беларуского химика», «Чат дартаньянов», «БЕЛАРУСКАЯ ВЫВЕДКА/BELARUSIAN INTELLIGENCE», «Двор НикРус», «Беларусы Замежжа»;
- Суполка ў «Одноклассниках» «Я ПРОТИВ ЭТОГО РЕЖИМА»;
- Інфармацыйная прадукцыя, разьмешчаная ў Telegram-канале «ByProsvet», у электронных газэтах «Беларускi час» (выпускі № 1, 2), «Голас Беларусі» (выпуск № 1);
- Электронная газэта «Слово Беларусов» (выпускі 23-25);
- Усе сацсеткі праекту «Сообщество железнодорожников Беларуси»;
- Facebook-старонка «Мой Минск: политика, история, социология».
- Тэлеграм-канал «Беларусы Замежжа» (пра гэта паведаміла «Берасьцейская Вясна»).