Такія «візыты» могуць быць зьвязаныя з расейскімі спэцслужбамі, піша выданьне «Агенство».
У прыватнасьці, стала вядома аб выпадку рэзкага занядужаньня кіраўніцы фонду «Свободная Россия» Натальлі Арно (Будаевай) у першых днях траўня сёлета. Арно праводзіла ў Празе сустрэчы, прысьвечаныя сытуацыі ў Расеі, адчула здранцьвеньне цела і болі ў розных частках арганізму, гаворыцца ў публікацыі са спасылкай на двух яе неназваных знаёмых.
Па словах аднаго зь іх, незадоўга да зьяўленьня сымптомаў Арно выявіла, што дзьверы ў яе гатэльны нумар у Празе былі адчыненыя, а ў памяшканьні адчуваўся староньні пах, падобны на «водар танных духоў».
На наступную раніцу Наталія Арно паляцела ў ЗША, дзе жыве ўжо каля 10 гадоў пасьля таго, як пад ціскам Крамля была змушаная пакінуць Расею. Там кіраўніца фонду, якая ўжо мае амэрыканскае грамадзянства, зьвярнулася да лекараў, а таксама да ўладаў. ФБР пачало расьсьледаваньне. Аб яго выніках суразмоўцы «Агенства» ня ведаюць. Сама Арно адмовілася абмяркоўваць тэму, не адмаўляючы, аднак, што інцыдэнт меў месца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калектыўная Ціханоўская» для расейскай апазыцыі. Меркаваньне расейскага палітыка Дзьмітрыя ГудковаПазьней, ужо пасьля выхаду матэрыялу, Наталія Арно пракамэнтавала артыкул у сябе ў фэйсбуку. Паводле яе, яна не была ўпэўненая, што хацела анародаваць сытуацыю.
«Але паколькі ўжо зьявіўся артыкул, то пракамэнтую... Ёсьць падазрэньне, што падчас маёй нядаўняй паездкі ў Эўропу мяне атруцілі, магчыма, нейкім рэчывам, якое ўзьдзейнічае на нэрвовую сыстэму. Расьсьледаваньнем займаецца адна (ці нават не адна) заходняя спэцслужба, у мяне да гэтага часу нэўрапатычныя сымптомы, але агулам адчуваю сябе значна лепш».
Сярод іншага яна адзначыла, што «расейцам, якім прыйшлося выехаць з пуцінскай Расеі... трэба разумець, што ў ворага доўгія шчупальцы».
Яшчэ дзьве крыніцы выданьня расказалі, што з сымптомамі атручэньня за некалькі месяцаў да ўварваньня Расеі ва Ўкраіну сутыкнуўся былы амбасадар ЗША ў Кіеве і Ташкенце Джон Гэрбст. Цяпер ён займае пасаду старэйшага дырэктара Эўразійскага цэнтру Атлянтычнай рады. Гэрбст — вядомы крытык расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.
Знаёмы з дыпляматам кажа, што па факце рэзкага пагаршэньня здароўя Гэрбста ФБР тады ж пачынала расьсьледаваньне. Сам экс-амбасадар ад камэнтароў адмовіўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі апазыцыянэру Ўладзіміру Кара-Мурзу прысудзілі 25 гадоў зьняволеньняУ публікацыі са спасылкай на двух суразмоўцаў згадваецца яшчэ адзін выпадак, што адбыўся гэтай вясной у Эўропе: з расейскай журналісткай, якая зь нядаўняга часу жыве ў эміграцыі. Яе імя рэдакцыя не прыводзіць з этычных меркаваньнящ. У красавіку, калі ў Бэрліне праходзіла арганізаваная Міхаілам Хадаркоўскім сустрэча расейскіх апазыцыянэраў, журналістка зьвярнулася да нямецкіх лекараў з прычыны праблем са здароўем.
Сама яна сказала «Агентству», што яе сымптомы, «магчыма, зьявіліся яшчэ да канфэрэнцыі», але пра іх характар і наступнае лячэньне гаварыць адмовілася. На гэтай жа канфэрэнцыі ў Бэрліне прысутнічала Натальля Арно. Менавіта адтуль яна пасьля прыляцела ў чэскую сталіцу.
Таксама выданьне піша пра журналіста-расьсьледніка, аднаго з кіраўнікоў Bellingcat Хрысту Грозева. Але яго выпадак, як адзначаецца, зьвязаны не зь меркаваным атручэньнем, а з уварваньнем у ягоны пакой у гатэлі. Узломшчыкі маглі атрымаць доступ да інфармацыі ў асабістых тэхнічных прыладах журналіста. Сам Грозеў пацьвердзіў, што зь ягонага нумару прапаў тэлефон. Ад далейшых камэнтароў ён адмовіўся. Гэта адбылося летам 2022 году ў Чарнагорыі, у дні прысьвечанай Расеі журналісцкай канфэрэнцыі.
Bellingcat публікуе расьсьледаваньні, у якіх часта згадваюцца спэцслужбы Масквы, вядомыя палітыкі і фінансісты. Сярод найбольш гучных такіх расьсьледаваньняў — акалічнасьці атручэньня апазыцыянэра Аляксея Навальнага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Маскве завочна арыштаваў кіраўніка «Bellingcat» Хрыста Грозева