«Ніякага сэксу ў нас не было». Як зьмяніліся інтымныя стасункі беларусаў пасьля 2020 году

Каляж

Беларускі расказалі, як рэвалюцыя і вайна паўплывала на іхную сэксуальнасьць.

Мы пагаварылі зь беларускамі пра тое, як падзеі 2020 году і пасьля зьмянілі іхныя адносіны ў пары, як уплываюць на стасункі рэвалюцыя, вайна, эміграцыя і антыдэпрэсанты.

«Вельмі цяжка разводзіцца, калі зьбіраеш торбы і ўцякаеш з краіны»

Надзея* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС) брала ўдзел у пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе. Потым уцякла ад перасьледу ва Ўкраіну. З пачаткам поўнамаштабнай вайны яна з мужам і дзіцем выехала ў Польшчу. Са словаў Надзеі, у 2020 годзе ў іх былі «клясычныя адносіны».

«Калі мы вырашалі, хто будзе хадзіць на мітынгі, а хто заставацца зь дзіцем, зьявіліся новыя грані стасункаў. Мы былі ячэйкай грамадзтва, падпольнай ячэйкай. Там было ўжо не рамантыкі, трэба было функцыянаваць. Дамаўляліся, хто будзе апекавацца дзіцем, калі нехта з нас „сядзе“. У жніўні зьнікла нешта цёплае. Трэба было проста выжыць», — успамінае суразмоўца.

У 2021 годзе, працягвае яна, рэпрэсіі «залезьлі ў хату».

«Ніхто з нас ня мог ліквідаваць саму прычыну, дык мы змагаліся з наступствамі, дробнымі сваркамі: калі раскіданыя шкарпэткі могуць давесьці да шалу, а раней проста пераступіла б церазь іх», — успамінае жанчына.

Тады Надзея зь дзіцем выехалі зь Беларусі, муж затрымаўся дома.

«Мне было настолькі цяжка і балюча, што я думала, што мы разьвядзёмся. Ён быў разьбіты, але не гаварыў мне пра свой стан. Ён ня мог ніяк наважыцца, каб паехаць да нас. А мне здавалася, што яму ня надта хочацца. На шалях пераважвалі ня мы. Я думала тады, што прыйду да мяжы, прывяжу свой шлюбны пярсьцёнак да каменя і кіну ў Беларусь», — расказвае пра свой адчай Надзея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяз грантаў і офісу на Мангэтане. Як беларусы замежжа папулярызавалі сваю культуру за паўвека да YouTube і TikTok

Калі муж прыехаў ва Ўкраіну празь некалькі месяцаў, сужэнцам было цяжка памірыцца. Тое, што чалавек так доўга ня ехаў да сям’і, Надзея перажывала як здраду. Ёй было складана адной у чужой краіне наладжваць жыцьцё з нуля.

«Мне здавалася, хай бы лепш сабе палюбоўніцу завёў. Тады я думала, што ў нас ужо ня склеіцца. Потым ужо я зразумела, што яго разьбіла дэпрэсія», — апавядае беларуска.

Ва Ўкраіне іхныя стасункі пачалі наладжвацца, але найбольш «склеіла» сям’ю вайна.

«Вельмі цяжка разводзіцца, калі зьбіраеш торбы і ўцякаеш з краіны. Побач з намі разрываліся снарады. Мяне кідала ў крайнасьці, а муж заставаўся цьвярозым», — успамінае суразмоўца першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі на ўкраінскую тэрыторыю.

Яна хацела адправіць мужа зь дзіцем за мяжу, а сама застацца ва Ўкраіне. Сабрала ўжо рэчы: ім у дарогу, сабе ў мэтро. Аднак малое дзіця было моцна напужанае і не адпускала ад сябе маці. Паехалі разам, тры дні да польскай мяжы.

«Гэта закрытая прастора, пастаянны стрэс, дзіця на ўзводзе. Мы неяк пераплавіліся ў гэты момант, прымірыліся, што нам трэба знайсьці словы, і знайшлі іх», — успамінае жанчына.

Калі сям’я прыехала ў Польшчу, то яны былі ўжо іншымі людзьмі, чым да 2020 году, думае беларуска. Муж пасьля візыту да псыхоляга пачаў прымаць антыдэпрэсанты. Яму стала лягчэй.

«Цяпер у нас больш партнэрскія адносіны. Шмат падзелу абавязкаў па хатніх справах, адказнасьці за дзіця», — пералічвае Надзея зьмены.

Яна зазначае, што антыдэпрэсанты кепска ўплываюць на патэнцыю.

«Аднак да таго, як муж пачаў прымаць антыдэпрэсанты, гаворка ішла пра тое, ці будзе ён увогуле функцыянаваць нармальна, ці здолее ўстаць паесьці. Калі выбіраць ягоны першапачатковы стан або адсутнасьць паўнавартаснай блізкасьці цяпер, без пытаньняў лепей антыдэпрэсанты», — падсумоўвае яна.

Надзея думае, што нельга сказаць адназначна, ці іхныя адносіны палепшыліся, ці пагоршыліся за гэтыя тры гады.

«Калі чалавеку кепска, ён робіць балюча таму, хто найбліжэй. Я не магу задушыць Лукашэнку, але магу трохі „падушыць“ свайго мужа. Адносіны ня сталі менш рамантычнымі. Муж заўсёды пільнуе, каб у мяне была сьвежая ружа. Але яны сталі менш ідэалістычныя. Я ўжо ведаю, што нічога ня будзе, калі ня скажаш прама, а можа, ня будзе і калі скажаш прама. Больш прымаю тое, як ёсьць», — разважае беларуска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Высыпацца, адпачываць, гладзіць жывёл і памятаць, што я ня бог». Псыхоляг раіць, як працягваць жыць і не адчуваць за гэта віну

«Ніякага сэксу ў нас не было»

Яўгенія* (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) брала ўдзел у пратэстах 2020 году. У стасунках са сваім хлопцам знаходзіцца больш за 5 гадоў. Цяпер яны абое ў эміграцыі.

«Я прыняла беларускую трагедыю як сваю асабістую. Ранкам 9 жніўня прачнулася і пайшла на вуліцу рыдаць, а потым пайшла галасаваць. Я сабе сказала, што ўвечары пачнецца нешта вельмі кепскае і мне нельга будзе праяўляць эмоцыі», — успамінае дзяўчына.

Празь некалькі месяцаў пасьля выбараў яна зьвярнулася да псыхоляга, а потым і да псыхіятра — па таблеткі.

«Яна ў мяне запыталася, што адбылося. Я сказала: „Вы што, ня бачыце? Вось у навінах пішуць“. Яна кажа: „А вы тут пры чым?“. Я адказваю: „Я пры ўсім. Гэта ўсё мае праблемы! Усе гэтыя відосікі з ГУБАЗіКам“», — тлумачыць яна, як перажывала 2020 год.

Пратэсты 2020 году моцна адбіліся на стане ейным і ейнага хлопца, расказвае Яўгенія. Толькі цяпер, праз тры гады, яны пачалі вырашаць іх.

«Ніякага сэксу ў нас не было. Было не да таго ад стрэсу. Не было такой думкі: „Зараз прыйдзем дадому з маршу, зоймемся“. На адной акцыі мы ўбачылі дзяўчыну з плякатам „Ніякага сэксу пры дыктатуры“. Бедны мой хлопец штурхнуў мяне ў плячо і кажа: „Эх, праўда ж“. І такі ён быў сумны», — успамінае дзяўчына.

Яўгенія зазначыла, што іхная інтымная блізкасьць была раней пабудаваная на падпарадкаваньні і дамінаваньні. Пасьля 2020 году пары цяжка было прайграваць гэтыя ролі ў асабістым жыцьці, калі яны бачылі гвалт на вуліцах Беларусі ўжо не ў гульні, а ў рэальнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што ты тут забыў?». Расказваем пра беларускамоўны падкаст аб псыхалёгіі і гістарычнай памяці

Псыхоляг параіла кліентцы вяртаць інтымную блізкасьць, бо «жыцьцё працягваецца і нельга сябе забіваць на радасьць ворагам». Да таго ж спэцыялістка адзначыла, што сама блізкасьць з часам ня вернецца, варта над гэтым працаваць.

«Усё (сэксуальнае жыцьцё) было „па нулях“ года паўтара. Пакуль у статус-кво яно не вярнулася ні кропелькі. Цяпер ты такі ходзіш і думаеш, як вярнуць жыцьцё ў рэчышча, каб ворагі былі не задаволеныя, што я жывая і здаровая», — разважае Яўгенія.

Яна мяркуе, што самае галоўнае ў такой сытуацыі — гаварыць з партнэрам. Па-другое, суразмоўца пачала прымаць антыдэпрэсанты, каб пачаць нармальна функцыянаваць, а потым адмяніла іх, бо яны зьніжаюць лібіда.

«У мяне рукі трэсьліся штодня. Я была вельмі напружаная. Сядзіш сьціснутая, як камень, і чакаеш, калі зможаш сябе адпусьціць, калі ня будзе ніякай небясьпекі», — апісвае свой стан Яўгенія.

Пасьля 2020 году пара пераехала за мяжу. Там эмацыйны стан палепшыўся. Яўгенія расказвае, што калі яны паехалі на адпачынак у Амстэрдам, яна нават аднойчы пакурыла марыхуану. Гэта дазволіла расслабіцца.

«Я заўважыла, што ў мяне ёсьць цікі ва ўсім целе, ад ног да галавы, што арганізм заціснуты. Я зразумела, што так нічога ў сэксуальных адносінах не атрымаецца. Тады я адзначыла, што адчуваю, калі мяне бяруць за руку. Я вельмі даўно гэтага не заўважала», — успамінае яна.

Дзяўчына прызнаецца, што з 2020 году яны ў асноўным абмяркоўвалі з хлопцам навіны: каго затрымалі, каго пабілі, хто памёр. Толькі цяпер яны пачынаюць гаварыць больш пра сябе, пра свае адносіны.

«Небясьпека ў тым, каб засяродзіцца на сабе, на сваёй нешчасьлівасьці, і перастаць заўважаць праблемы іншага. Я некалькі месяцаў, як па раскладзе, выходзіла на вуліцу і рыдала. Аказваецца, мой хлопец дома перажываў тое самае. А лепей жа разам перажываць», — робіць выснову суразмоўца.

Яўгенія кажа, што калі сэкс быў «на нулі», іхныя адносіны з хлопцам трымаліся на сяброўстве.

«Мы доўга адно аднаго знаем. Калі ты доўга знаходзісься зь некім у адной прасторы, то рэальна атрымліваць ад гэтага задавальненьне, толькі калі чалавек табе добры сябар. Мы знайшлі адно ў адным сяброў. Можам парагатаць разам. Я разумею, што побач родная душа, ён мяне зразумее, падтрымае. Калі пускаць пад адкос адносіны, то з кімсьці іншым, а ня з тым, хто табе самы родны», — кажа Яўгенія.

Дзяўчына верыць, што неўзабаве іхная пара пройдзе чарговы крызіс у адносінах, выкліканы рэвалюцыяй, пераездам, пошукам новай працы, агульным стрэсам, і стасункі стануць якасна лепшымі, бо яны перажылі гэта ўсё разам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як гэта ўсё перажыць. Псыхоляг адказвае на пытаньні чытачоў Свабоды

«Аскеза — спосаб быць салідарным з тымі, каму горш»

Студэнтка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Валерыя Баравец напісала магістарскую працу пра тое, як беларуская рэвалюцыя паўплывала на сэксуальнасьць. Яна разглядала ня столькі псыхалягічны, колькі сацыялягічны аспэкт. Ейная гіпотэза такая: пастаяннае назіраньне за гвалтам і прыніжэньнем народу ў 2020 годзе магло паўплываць на сэксуальнае жыцьцё беларусаў.

Валерыя пагаварыла з 11 чалавекамі, якія жылі ў Беларусі ў 2020 годзе. Сярод іх большасьць жанчын, ёсьць гомасэксуальны мужчына. Узрост прыкладна ад 20 да 45 гадоў.

Валерыя Баравец

Псыхолягі, зь якімі гаварыла студэнтка, патлумачылі, што многія беларусы пасьля 2020 году знаходзяцца ў дэпрэсіўным і трывожным стане. Да таго ж многія прымаюць антыдэпрэсанты. Усё гэта зьніжае лібіда. Валерыя спрабавала разгледзець ня толькі прамы, несьвядомы ўплыў пратэстаў на сэксуальнасьць, але і тое, як беларусы памянялі сьвядома сваё стаўленьне да блізкасьці пасьля рэвалюцыі. Паводле назіраньняў студэнткі, ейная невялікая выбарка падзялілася на дзьве крайнасьці.

«У першым выпадку людзі кажуць: „Вось бахнула рэвалюцыя — і ў мяне адсекла лібіда“. У другім выпадку гавораць наадварот: „Быў стрэс, трэба было некуды скідваць эмоцыі і — шалёнае лібіда“», — апісвае яна.

Некаторыя рэспандэнты ўжывалі выраз «згвалтаваныя дзяржавай». Адна з апытаных дзяўчат, якая прайшла празь зьняволеньне, выказала думку, што тыя, хто выходзіць з турмы, адчуваюць тое самае, што і ахвяры сэксуальнага гвалту, бо перажылі падобнае прыніжэньне, дзеліцца вынікамі працы Валерыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісьменьнік Сяргей Календа: «Я бачу свайго сына грамадзянінам сьвету. Зь Беларусі»

Яшчэ адна беларуска, якая раней любіла сэксуальныя гульні ў падпарадкаваньне, прыйшла да высновы, што пасьля 2020 году можа ўступаць у блізкія адносіны толькі на пазыцыі роўных.

«Гэта пабудова лібэральнага грамадзтва зь нізоў», — мяркуе магістрантка.

Валерыя заўважыла, што гомасэксуальныя апытаныя разважалі інакш, чым гетэрасэксуальныя. Яны сутыкнуліся з траўматычнасьцю з боку дзяржавы значна раней за 2020 год. У гэтую групу можна аднесьці і беларуску з палітычных колаў, якая сутыкнулася зь несправядлівасьцю ў дзяржаве раней, дадае студэнтка.

«Я зразумела, што калі фармуецца дэмакратычная культура грамадзтва, вельмі небясьпечна далей не заўважаць гэтых людзей, адкладваць іхныя правы на потым, адкладваць правы жанчын на потым і казаць, што „цяпер ня час“. Мы вельмі моцна рызыкуем замяніць шыла на мыла», — адзначае суразмоўца.

Валерыя заўважыла, як выхаваньне ў дзяцінстве можа ўплываць на тое, як беларускі ставіліся да маршаў і да мужчынаў на іх. Адна рэспандэнтка расказвала, што яна хадзіла на агульныя маршы, а не на жаночыя, бо адчувала, што мужчыны могуць яе абараніць. Аказалася, што ейны бацька быў праваабаронцам і зь дзяцінства яна прывыкла, што мужчына абараняе слабых.

Да таго ж студэнтка адкрыла, што некаторыя беларусы сьвядома ўстрымліваюцца ад сэксуальных стасункаў дзеля салідарнасьці з палітвязьнямі.

«Аскеза — гэта спосаб быць салідарным з тымі, каму горш, хто пакутуе, над кім гэты гвалт працягваецца дагэтуль», — тлумачыць суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жанчыны паміраюць псыхалягічна, становяцца рабамі сацыяльнай нормы». Як хатнія абавязкі прыводзяць да зьнясіленьня