Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што Расея выводзіць з тэрыторыі Беларусі свае войскі, якія раней накіроўваліся для падрыхтоўкі і далейшага перакіданьня на тэрыторыю Ўкраіны для ўдзелу ў баявых дзеяньнях.
«Паводле нашых зьвестак на тэрыторыі суседняй краіны знаходзяцца каля 2,5 тысяч вайскоўцаў Расейскай Фэдэрацыі, якія, як правіла, залучаныя да падрыхтоўкі і навучаньня, знаходзяцца на палігонах Беларусі», — сказаў Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
У той жа час, паводле яго, украінскі бок не назірае на беларускай тэрыторыі дастатковай колькасьці расейскіх сіл для правядзеньня паўторнага наступу.
«Колькасьць расейскіх войскаў цяпер значна меншая, чым было яшчэ некалькі месяцаў таму. Як мы раней паведамлялі, колькасьць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі магла дасягаць і 10-11 тысяч у адзін момант. Але, як правіла, тыя падразьдзелы, якія праходзілі падрыхтоўку, Расея выводзіла на сваю тэрыторыю, каб папоўніць свае сілы на ўсходзе нашай краіны, дзе вядуцца поўнамаштабныя баявыя дзеяньні. Цяпер мы бачым, што больш выводзяць падразьдзелаў зь Беларусі, але іхнай замены практычна не адбываецца», — патлумачыў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Андрэй Дземчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далучыўся да агрэсара, бо не было іншага выйсьця». Пра які канец вайны марыць ЛукашэнкаУ лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў аб дамоўленасьці з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўзмацніла мабільнымі групамі СПА свае межы зь Беларусьсю і РасеяйУ студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.
Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.
Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне суперніка зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы павіншавалі беларускіх памежнікаў з 9 траўня плякатамі пра перамогу над «рашызмам» і гімнам Украіны