«Найбольшыя наступствы ад санкцый адчуваюць кампаніі, якія базуюцца ў Эўропе»
— «Імагуру» прэзэнтавала новае дасьледаваньне пра стартап-экасыстэмы ў выгнаньні. Хто праводзіў яго, каго апытвалі?
— Тэма дасьледаваньня — «Як беларускія стартапы спраўляюцца з крызісам і санкцыямі». Правялі яго каманда стартап-хабу «Імагуру» і цэнтр Envision пры падтрымцы Эўразьвязу. Фармат — «глыбінныя інтэрвію».
Мы пагаварылі зь лідэрамі 11 кампаній, прычым, каб вы разумелі маштаб, гэта не маленькія стартапы, а буйныя кампаніі. Сукупная іх ацэнка перавышае 5 мільярдаў эўра. Сукупны гадавы абарот перавышае 1 мільярд эўра. Гэта сапраўды бізнэсы, якія ў нармальнай сытуацыі змаглі б стаць, з аднаго боку, гонарам Беларусі, з другога — пазытыўна ўплываць на эканамічнае разьвіцьцё краіны.
А ў сёньняшняй сытуацыі гэтыя ўсе бізнэсы вымушаны былі пераехаць, і цяпер яны знаходзяцца ў краінах Эўразьвязу, ЗША і Вялікай Брытаніі. Але маюць беларускіх заснавальнікаў.
Большасьць стартап-кампаній адказалі, што яны адчуваюць нэгатыўныя наступствы ад санкцый. Прычым, што важна адзначыць, санкцыі з пункту гледжаньня іх бізнэсу не зьяўляюцца ключавым бар’ерам. Аднак санкцыйная хваля прыкметная і для тых, хто знаходзіцца ў Эўропе, і хто знаходзіцца ў ЗША. Дарэчы, найбольшыя наступствы ад санкцый адчуваюць кампаніі, якія базуюцца ў Эўропе.
Далей мы запыталіся, якія магчымыя антыкрызісныя захады яны прымалі. І, зразумела (можа, гэта ня толькі зьвязана з санкцыямі, але і з вайной ва Ўкраіне), галоўным крокам стала рэлякацыя. Але гэта ўжо ня проста рэлякацыя, а перарываньне ўсіх сувязяў зь Беларусьсю.
Па нашых зьвестках, зь Беларусі з тэхналягічнага бізнэсу пераехалі больш за 100 тысяч чалавек.
«Прадстаўляць беларускі бізнэс за мяжой дастаткова складана»
— Я правільна зразумела, што заснавальнікі менавіта інавацыйнага бізнэсу (у адрозьненьне ад традыцыйнага) ня хочуць адаптоўвацца ўнутры Беларусі і парываюць сувязі з краінай? Вас гэта не трывожыць? І наагул, у Беларусі ў ПВТ хтосьці яшчэ застаўся?
— Так, вы правільна зазначылі, гэта ключавое адрозьненьне паміж традыцыйным бізнэсам і інавацыйным бізнэсам. Відавочна, што традыцыйнаму бізнэсу цяжэй пераехаць, ён вымушаны адаптавацца да санкцый, знаходзячыся ўнутры Беларусі.
Што тычыцца інавацыйнага бізнэсу, вялізныя выдаткі ідуць на рэлякацыю. 11 кампаній, якіх мы апыталі, патрацілі каля 10 мільёнаў эўра на рэлякацыю. І гэта ня проста пераезд супрацоўнікаў, пэрсаналу — кампаніі закрылі свой бізнэс у Беларусі і выйшлі са складу Парку высокіх тэхналёгій.
Што да ПВТ, безумоўна, там засталіся кампаніі. Але калі гаварыць пра найбуйнейшыя, яны выйшлі з ПВТ і ня лічаць магчымым працаваць у Беларусі. Я наўмысна ня буду называць кампаніі, якія выйшлі. Гэтая інфармацыя вядомая, можна здагадацца, пра каго ідзе гаворка.
Кампаніі закрываюць бізнэс у Беларусі і выяжджаюць. Гэта важная кампанэнта сёньняшніх рэалій: прадстаўляць беларускі бізнэс, быць беларусам за мяжой дастаткова складана, не адмовіўшыся ад прывязкі да беларускага офісу.
І другі захад, які кампаніі стараліся рэалізаваць — гэта дапамога Ўкраіне. І вельмі дакладна беларусы выказваюць сваю пазыцыю ў дачыненьні ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне. За год беларускія кампаніі аказалі дапамогу Ўкраіне на суму больш за 5 мільёнаў эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша мэта — расьці як панэўрапейскі стартап-хаб». Чым будзе займацца «Імагуру» ў Варшаве«З 11 апытаных заснавальнікаў кампаній толькі адзін адказаў, што для яго Беларусь закрытая назаўсёды»
— А ці будуць гэтыя кампаніі з замежжа падтрымліваць Беларусь? Па вашых адчуваньнях, яны будуць дапамагаць Беларусі, ці з часам усе сувязі разарвуцца?
— Я згодна, што ёсьць рызыка страты для Беларусі гэтых бізнэсаў. Моладзь лёгка знаходзіць сябе ў іншых краінах, гэта адукаваная частка грамадзтва, яна прыносіць карысьць эканоміцы іншых краінаў. Калі ёсьць сям’я і дзеці, яны хутка асымілююцца ў іншых краінах. І думкі пра Беларусі зьнікаюць.
З другога боку, мы якраз задавалі пытаньне пра страту сувязяў зь Беларусьсю. З 11 апытаных заснавальнікаў кампаній толькі адзін адказаў, што для яго Беларусь закрытая назаўсёды. Большасьць кампаній гатовая вяртацца (натуральна, пры стварэньні пэўных умоваў, што ў Беларусі адбудуцца перамены).
Безумоўна, калі мы кажам «вяртаньне», могуць быць розныя варыянты: інвэстыцыі ў Беларусь, адкрыцьцё офісу, фізычны пераезд. Бо па сутнасьці буйныя кампаніі становяцца ўжо міжнароднымі, не беларускімі. Але яны могуць вярнуць частку людзей у Беларусь. Яны могуць наймаць на працу беларусаў у свой бізнэс. Так ці інакш, гэтыя людзі вераць, што перамены адбудуцца, і частка зь іх падтрымлівае праекты салідарнасьці зь беларусамі і сёньня.
Так, рызыка страты гэтых людзей вялікая, але пакуль у іх яшчэ ёсьць надзея. Мне здаецца гэта вельмі важным; на фоне таго, што вельмі шмат дэпрэсіўнага адбываецца ў беларускім камьюніці, гэта пазытыўная вестачка, якая дадае ўсім нам аптымізму. Бо якраз буйным кампаніям прасьцей за ўсё заявіць пра свой разрыў зь Беларусьсю і забыцца на яе. Ім не патрэбна Беларусь. Гэта яны патрэбны Беларусі, і яны гатовыя дапамагаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Радасьць і гонар за таленавітых беларусаў». Тацяна Марыніч пра добрае ў 2021-м«З боку Эўразьвязу патрэбна візавая падтрымка, пытаньні легалізацыі»
— А якая падтрымка з боку Эўразьвязу неабходная беларускім стартапам за мяжой і беларусам, што застаюцца ў краіне?
— Наш бізнэс заўсёды прывык разьлічваць на сябе. Хтосьці нават пажартаваў, што «калі мы прызвычаіліся працаваць у Беларусі, зможам працаваць і ў любым пункце сьвету».
З боку Эўразьвязу патрэбна візавая падтрымка, пытаньні легалізацыі. А ўсё астатняе, што тычыцца бізнэсу, яны зробяць самі. Мне здаецца, гэта таксама вельмі важны трэнд і для дэмакратычных сіл, і для Эўразьвязу: межы зь Беларусьсю закрываць нельга, неабходна даць магчымасьць і людзям, і бізнэсам заставацца на сувязі, інакш усе нітачкі парвуцца і беларускі бізнэс будзе вымушаны арыентавацца ў бок Расеі. Гэта, на жаль, можа скончыцца вельмі сумна. Таму магчымасьць пабудовы бізнэсу з Эўропай трэба пакінуць.
Для тых, хто знаходзіцца па-за Беларусьсю, вельмі важна захаваць кантакты з разумнымі людзьмі, якія думаюць і пры гэтым застаюцца ў краіне. Для гэтага важныя адкрытыя межы. Для думаючых, нармальных людзей дзьверы на Захад мусяць быць адчыненыя. Інакш мы іх пакідаем сам-насам у вялікай турме пад назвай «Беларусь». І гэта працуе супраць усіх нас. Наша будучыня — у захаваньні кантактаў і дыяспары, і тых людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апытаньне Imaguru: 58% беларускіх стартапаў зьехалі з краіны