Стартап-хаб «Імагуру», задачай якога было прасоўваньне маладога бізнэсу, працаваў у Беларусі больш за 7 гадоў. За гэты час «Імагуру» дапамог стварыць больш за 300 стартапаў, прыцягнуў у беларускі бізнэс больш за 100 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў, сьцьвярджаюць яго стваральнікі.
У красавіку 2021-га холдынг «Гарызонт», у якога «Імагуру» арандаваў трохпавярховы будынак на вуліцы Фабрыцыюса ў Менску, без тлумачэньня прычын не працягнуў стартап-хабу дамову арэнды. Праз паўгода, у красавіку 2021-га, «Імагуру» адкрыў офіс у Вільні, а ў сакавіку 2023 году — у Варшаве (Imaguru Startup HUB Warsaw).
«Наша мэта — расьці як панэўрапейскі стартап-хаб»
«Імагуру» — гэта ня толькі сьцены, а найперш людзі, супольнасьць, пераканана сузаснавальніца стартап-хабу Наста Хамянкова.
«Мы заўсёды хацелі, каб „Імагуру“ быў месцам, дзе разьвіваецца іншая думка, крэатыўнасьць, ініцыятыва — ад ідэі да стварэньня каманды, да разьвіцьця, росту.
Так склаліся абставіны, што нашыя стартапы сталі выяжджаць зь Беларусі, і мы таксама паехалі за імі, каб іх падтрымліваць, каб захаваць нашу супольнасьць, каб даць ёй магчымасьць далей разьвівацца.
Наша місія — захаваць і разьвіваць беларускую стартап-супольнасьць, даць нашым стартапам магчымасьці для росту, стаць гульцом у сыстэме стартапаў Польшчы і Літвы. Яны нас ведаюць яшчэ зь Беларусі, калі мы арганізоўвалі падзеі і запрашалі іх. Ну а цяпер мы апынуліся тут», — дзеліцца Наста Хамянкова.
Рыхтавацца да адкрыцьця офісу ў Варшаве пачалі даўно, шлях быў доўгі: умяшалася вайна. Пляцоўка ў цэнтры Варшавы каля мэтро «Ронда ONZ» была ня першая — патрацілі шмат рэсурсаў, сіл, нэрваў, пакуль яе знайшлі, зрабілі рамонт. У інтэр’ерах хабу шмат дэталяў, якія нагадваюць суайчыньнікам пра ідэнтычнасьць, пра Беларусь (незвычайная мапа Менску, фатаздымкі, графіка), падкрэсьлівае Наста.
Дапамаглі з распрацоўкай плятформы Politzek.me
Адным зь першых івэнтаў быў хакатон «Hack for Politzek», які правялі 17 сакавіка.
«У „Імагуру“ разам з камандай politzek.me сабралі 9 камандаў айцішнікаў з розных краінаў, і яны за 48 гадзін зрабілі функцыянальныя рашэньні для сайту для сем’яў і сяброў палітвязьняў.
Тым больш што пасьля пратэстаў пацярпела шмат айцішнікаў. Іх дагэтуль затрымліваюць. Стараемся дапамагаць ім, прыцягваем да іх увагу ўсяго сьвету.
Быў у нас адзін такі кейс. Мы перапісваліся з заснавальнікам стартапу, ён знаходзіцца ў вязьніцы. Камунікацыі ішлі праз адваката.
Заснавальнік цікавіўся адной спэцыфічнай праблемай. Мы ўбачылі, што аўтарытэтнае інтэрнэт-выданьне TechCrunch аб стартапах, інавацыях робіць канфэрэнцыю. Зарэгістраваліся, запісалі яе на відэа, расшыфравалі і перадалі праз адваката раздрукаваны тэкст на ангельскай мове — атрымалася, нібыта гэты стартап-фаўндэр сам паўдзельнічаў у канфэрэнцыі.
Галоўны рэдактар TechCrunch Майк Бутчэр (Mike Butcher) дапамагае прыцягваць увагу да рэпрэсій у Беларусі, публікуючы фота беларускіх айцішнікаў, якія знаходзяцца ў вязьніцах», — расказала сузаснавальніца хабу.
«Імагуру» адкрыты для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў
Пасьля першага пасьпяховага хакатону «Hack for Politzek» у «Імагуру» быў тыдзень мерапрыемстваў для жанчын — у тэхналёгіях, інвэстыцыях, якія лічацца больш «мужчынскімі» сфэрамі. У Вільні і Варшаве ў адзін час стартавала аксэлерацыйная праграма — каб прыцягнуць стартапы зь Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, працягвае Наста.
«Калі мы гаворым пра стартапы беларусаў у Польшчы — гэта, адпаведна, кампаніі, зарэгістраваныя ў Эўрапейскім зьвязе, Брытаніі, ЗША, іншых краінах з заснавальнікамі зь Беларусі. Тое самае адбываецца цяпер і з украінскімі стартапамі. Гэта ў большасьці сваёй эўрапейскія кампаніі (ацэньваючы рызыкі, якія ёсьць) з сузаснавальнікамі з Украіны.
Дык вось, мы павінны імкнуцца, каб і беларускія, і ўкраінскія стартап-супольнасьці сталі часткай эўрапейскай супольнасьці. Такую будучыню для сябе мы бачым. Таму мы адкрытыя для ўсіх, і мова зносін у нас у „Імагуру“ ангельская», — кажа Наста Хамякова.
Работнікам ІТ, якія жадаюць дапамагаць Беларусі, патрэбны дапамога людзей з сацыяльнай і грамадзянскай сфэры, якія могуць увесьці іх у кантэкст праблематыкі.
«І тады спалучэньне айцішнікаў і грамадзянскіх ініцыятываў, актывістаў нараджае новыя праекты — на мяжы ІТ і грамадзянскай супольнасьці. Таму „Імагуру“ адкрыты для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў — тут можна працаваць, ладзіць івэнты, хакатоны», — запрашае да супрацоўніцтва сузаснавальніца хабу.
PandaDoc — першая кампанія-аднарог у выгнаньні
З гонарам Наста Хамянкова адзначае, што ў «Імагуру» ёсьць адзін стартап — кампанія-аднарог (Unicorn company), якая мае ацэнку на рынку ў больш як 1 мільярд даляраў. Гэта PandaDoc, якая вымушаная была пакінуць Беларусь празь перасьлед. Чацьвярых яе супрацоўнікаў у верасьні 2020 года затрымалі, яны пэўны час правялі за кратамі. Кампанія-«аднарог» адкрыла офісы ў Польшчы і ва Ўкраіне.
«Калі мы сустракаемся на нейкіх тусоўках, адзін з заснавальнікаў PandaDoc кажа, што „Імагуру“ — першы стартап-хаб у выгнаньні». А мы адказваем, што PandaDoc — першы Unicorn у выгнаньні», — жартуе сузаснавальніца «Імагуру».
«Зусім не абавязковае фізычнае вяртаньне ў краіну. Галоўнае — мэнтальнае»
На пытаньне, ці ёсьць спадзеў, што калі ў Беларусі адбудуцца перамены, большасьць спартапаў, праграмістаў вернуцца ў краіну, Наста адказала, што звычайна ў стартапаў няма прывязкі да аднаго грунту ці краіны.
«Мы так баімся гэтага „фізычнага“ невяртаньня ў краіну! Гэтыя людзі занятыя ў „эканоміцы ведаў“, і ў іх павінны быць галава і кампутар. Зусім не абавязковае фізычна вяртацца ў краіну. Галоўнае — мэнтальнае вяртаньне. Ня важна, што сёньня яны ў Польшы, заўтра на Балі, пасьлязаўтра ў ЗША — але яны вяртаюць веды ў краіну.
Ёсьць такі тэрмін „digital nomad“ (лічбавыя качэўнікі). Гэта людзі, якія па паўгода-году хочуць пажыць у іншых краінах, зь сем’ямі пераяжджаюць. Галоўнае, каб яны свой талент, веды накіравалі на разьвіцьцё Беларусі. Гэта такая каштоўнасьць!» — перакананая Наста Хамянкова.
Яна кажа, што ёсьць шмат прыкладаў пасьпяховых людзей, якія жывуць на Захадзе, але фінансуюць стартапы ў Беларусі, інвэстуюць у эканоміку, ладзяць праграмы па адукацыі, выдаткоўваюць гранты, то бок свае грошы інвэстуюць назад у Беларусь.
«У стартапаў ёсьць такая культура „giving back“: калі мае карані зь Беларусі, усё, што я дасягнула, чаго дамаглася, я назад мушу аддаць: веды, рэсурсы ў выглядзе грошай, фандрайзінг для Беларусі.
Чаму гэта будзе абавязкова працаваць? Таму што гэта працуе ў іншых краінах. Калі я думаю пра новую Беларусь, Беларусь будучыні, адзінае, што дае пазытыў — мы будзем мець такі досьвед! Уявіце, колькі людзей будуць ведаць, як у краіну прыцягнуць таленты», — перакананая сузаснавальніца «Імагуру» у Варшаве Наста Хамянкова.