Камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па міграцыі, уцекачах і перамешчаных асобах заклікаў дзяржавы зрабіць «юрыдычныя і практычныя крокі» для прыняцьця беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць сваю краіну праз рэпрэсіі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, піша BPN.
«У аднагалосна ўхваленым праекце рэзалюцыі, заснаваным на дакладзе Пола Галеса (Люксэмбург), камітэт заявіў, што „беларускі народ — гэта ня тое ж самае, што рэжым Лукашэнкі“, і да яго ня трэба ставіцца дыскрымінацыйным чынам праз удзел рэжыму ў вайне супраць Украіны », — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ПАРЭ.
Адзначаецца, што «большасьць беларусаў у выгнаньні жадаюць толькі аднаго — вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь», але пакуль гэта ня здарылася, уладам іншых дзяржаў трэба «зрабіць усё магчымае», каб беларусы маглі заставацца ў прымаючых краінах «на законных падставах» і ў «дастойных умовах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык аб беларускіх уцекачах у ПАРЭ: «Рада Эўропы адрозьнівае рэжым ад народу Беларусі»Парлямэнтары «віталі намаганьні Літвы і Польшчы па пошуку прававых і практычных рашэньняў, якія даюць магчымасьць зрабіць беларусаў у выгнаньні больш жаданымі гасьцямі», але падкрэсьлілі, што «можна зрабіць больш», і заклікалі да «нестандартных рашэньняў».
«Камітэт падрыхтаваў шэраг практычных рэкамэндацый па спрашчэньні легальнага ўезду і знаходжаньня [беларусаў] па-за межамі Беларусі, паездак па ЭЗ для „выгнаньнікаў“ і іх сем’яў, а таксама крокі па забесьпячэньні іх абароны ад рэпрэсій, магчымасьці доступу да сваіх банкаўскіх рахункаў і вядзеньня бізнэсу», — гаворыцца ў паведамленьні.
«Дзяржавы і парлямэнты мусяць падтрымліваць дэмакратычныя сілы [Беларусі] у выгнаньні, грамадзянскую супольнасьць і адвакатаў, заахвочваць беларускую адукацыю і культуру рознымі спосабамі», — лічаць чальцы міграцыйнага камітэта ПАРЭ.
Чакаецца, што адпаведны даклад будзе вынесены на абмеркаваньне ПАРЭ ў чэрвені.
Паводле ацэнак Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, ад 200 000 да 500 000 беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну праз палітычныя рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За што нас так ня любяць?» Як беларусам супрацьстаяць непрыязнаму стаўленьню да сябе