Сьцісла:
- Прапагандысты нічога ня кажуць у сытуацыі, калі няма палітычных установак, што казаць
- Лукашэнка ня мог не паехаць у Маскву. Яму сказалі ехаць — і ён мусіў
- Трэба спрабаваць размаўляць з тымі (я лічу, вельмі нешматлікімі) людзьмі ў сыстэме, якія могуць пачуць і ўспрыняць хоць нейкія адносна лібэральныя варыянты.
— Чаму Менск увёў кантроль на мяжы з Расеяй? Чым выкліканы гэты крок, якія ягоныя мэты, на вашую думку — рэальныя пытаньні бясьпекі ці нейкія палітычныя і прапагандысцкія матывы?
— Мне падаецца, што перш за ўсё гэта зьвязана з пытаньнямі бясьпекі. Наўрад ці гэта палітычны крок, зьвязаны зь нейкім палітычным «мэсыджам». Менск ведае, што праз расейскую мяжу і людзі ўцякаюць зь Беларусі, і наадварот, з таго боку людзі пранікаюць у Беларусь.
Таму гэта можа быць нават і ўзгоднена з расейскімі ўладамі, бо і Масква мае праблему ў тым, што расейцы ўцякаюць у Беларусь праз гэтую адкрытую мяжу. Так што стаіць задача перакрыць гэтыя шляхі.
— Але чаму тады такую задачу беларускія памежнікі не выконваюць разам і сумесна з расейцамі? Ці ў расейцаў няма на такое сродкаў і сілаў? Ці рэч у тым, што Лукашэнка адкрыта заявіў пра недавер расейскім памежнікам, калі паведаміў, што той чалавек, які абвінавачваецца ў тэракце ў аэрапорце ў Мачулішчах, пранік у Беларусь праз латвійска-расейскую, а потым расейска-беларускую мяжу?
— Так, гэта вельмі істотны аргумэнт за тую вэрсію, што гэта можа і ня быць узгодненай з Масквой пазыцыяй, а выключна беларускай ініцыятывай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Instagram — разнарадкі на падпіскі, на YouTube — стаўка на расейскіх гледачоў. Як беларуская прапаганда працуе ў сацсетках— Ці можа кантроль на мяжы з Расеяй выклікаць незадавальненьне Масквы, бо расейскія грамадзяне маюць праблемы падчас перасячэньня мяжы і могуць выказваць сваё абурэньне? Ці абурэньне ўласных грамадзянаў ужо не хвалюе ня толькі Менск, але і Маскву?
— Пакуль расейцы, якія стаялі на мяжы, абураюцца толькі ў сацыяльных сетках, а мэдыя пра гэта пакуль заўважна ня пішуць. Крэмль усё ж рэагуе на погляды сваіх грамадзянаў, але тут гэтая тэма пакуль не дасягнула істотнага ўзроўню, мае даволі малы рэзананс.
— У беларускай прапагандзе адна з галоўных каштоўнасьцяў — Беларусь і Расея маюць саюзную дзяржаву, няма межаў, поўная братэрская інтэграцыя. Як увядзеньне кантролю на беларуска-расейскай мяжы будзе патлумачана прапагандыстамі? Дагэтуль яны неяк дзіўна маўчаць.
— Якраз гэта гаворыць за тое, што ўвядзеньне кантролю на мяжы — гэта быў
даволі нечаканы і тэрміновы крок, выкліканы пытаньнямі бясьпекі. Бо калі б гэта быў палітычны крок, то ўсё было б ідэйна падрыхтавана і прапаганда далучылася б да яго тлумачэньня. Яны нічога ня кажуць у сытуацыі, калі няма палітычных установак, што казаць. Я нават ня ўпэўнена, што яны нешта будуць тлумачыць з гэтай нагоды. Толькі ў тым выпадку, калі сытуацыя стане палітычнай. Яны ўвогуле нічога ня кажуць, і грамадзтва даведалася пра кантроль на мяжы толькі з сацыяльных сетак людзей, якія гэтую мяжу перасякалі.
Мне нават цікава, што прапаганда будзе казаць, як яны гэта будуць тлумачыць. У мяне самой не хапае фантазіі наконт таго, што яны могуць прыдумаць.
— Лукашэнка паехаў у Маскву на 9 траўня, нават зь відавочнымі праблемамі са здароўем, і пры тым, што адпаведныя мерапрыемствы былі заплянаваныя ў Менску. Не было шанцаў адмовіцца, ня мог не паехаць?
— Ня мог не паехаць. Яму сказалі ехаць — і ён мусіў. Зь іншага боку, можа, гэта было важна і самому Лукашэнку — бо ён адчувае сябе адзіным саюзьнікам Масквы, які ня можа прапусьціць такую падзею.
— Наколькі цяперашняе абмеркаваньне значнай часткай грамадзтва здароўя Лукашэнкі можа быць сур’ёзнай праблемай для іміджу Лукашэнкі як такога баявога і спартовага палітыка? Кожная прапушчаная ім нарада нараджае новыя чуткі і размовы пра стан здароўя.
— Андрэй Казакевіч добра камэнтаваў для Радыё Свабода, што Лукашэнку можна адхіліць ад улады, толькі калі ён будзе ў коме — і то трэба паглядзець на чалавека, які прыме гэтае рашэньне.
Глядзіце, што адбылося. Кепскі стан здароўя Лукашэнкі паказалі расейскія мэдыя. Беларускія афіцыйныя прапагандысты ў адказ спрабавалі зарэтушаваць гэтую сытуацыю, калі далі кадры, як Лукашэнка адносна ўпэўнена ідзе і ўскладае вянкі на плошчы Перамогі ў Менску. Відавочна, гэта было зроблена, каб паказаць, што ня ўсё так кепска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што важна ведаць пры пераходзе мяжы з Расеі ў Беларусь. Парады і засьцярогі ад кіраўніка BySol Андрэя СтрыжакаЗразумела, што сытуацыя з станам здароўя Лукашэнкі, напэўна, турбуе ягонае атачэньне. Гэта ім паказвае, што ўсё можа зьмяніцца, і вельмі раптоўна.
— А ці можа Масква сама (магчыма, ведаючы трошкі больш за звычайных людзей пра стан здароўя Лукашэнкі) пачаць ужо разьвіваць гэтую тэму ў сваіх інтарэсах? Ці пакуль такіх прыкметаў няма?
— Пакуль такіх прыкметаў няма. Пакуль яны проста паказалі тое, што ёсьць. Наўрад ці ў гэтых кадрах з Масквы быў нейкі наўмысны намер.
З улікам таго, якое невялікае месца займае Беларусь у публічнай прасторы Расеі — наўрад ці можна меркаваць, што яны наўмысна разыгралі такую сцэну, паказаўшы такі стан здароўя Лукашэнкі.
— Зараз усе актыўна абмяркоўваюць палітычныя сцэнары пасьля магчымага фізычнага сыходу Лукашэнкі. Ці змогуць на разьвіцьцё падзеяў паўплываць дэмакратычныя сілы?
— Скажу банальнасьць, але трэба мець плян наконт таго, як спрабаваць размаўляць з тымі (я лічу, вельмі нешматлікімі) людзьмі ў сыстэме, якія могуць пачуць і ўспрыняць хоць нейкія адносна лібэральныя варыянты. Нашым дэмакратычным сілам трэба працаваць над тым, каб яны ведалі і маглі данесьці ідэі транзыту ўлады да людзей у сыстэме.
Праблема ў тым, што сілавікі ва ўладзе будуць трымацца за ўладу, таму вельмі цяжка гаварыць выключна пра мірны транзыт. Сытуацыя вельмі складаная, і сапраўды трэба мець даволі ясны і выразны плян дзеяньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці даляціць Лукашэнка на саміт у Нью-Ёрк і навошта яго запрасіла ААН? Меркаваньні Паўла Латушкі і Крысьціны Рыхтэр