Адхіленьне беларускіх і расейскіх гімнастаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах пакінулі ў сіле

Гімнасты на спаборніцтвах у Менску. Архіўнае фота

Выканкам Міжнароднай фэдэрацыі гімнастыкі (FIG) 12 траўня пакінуў у сіле адхіленьне беларускіх і расейскіх спартоўцаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах.

Пра гэта паведамляе на прэс-служба арганізацыі.

«Пасьля новай ацэнкі сытуацыі з расейскімі і беларускімі спартоўцамі і афіцыйнымі асобамі выканкам FIG лічыць, што захады, ужо прынятыя 1-2 сакавіка 2023 году і заснаваныя на артыкуле 13.3 статуту FIG, застаюцца ў поўнай сіле безь якіх-небудзь далейшых зьмен. FIG будзе пастаянна адсочваць агульную сытуацыю і можа перагледзець гэтыя меры ў залежнасьці ад разьвіцьця абставін», — гаворыцца ў паведамленьні выканкаму FIG, апублікаванага па выніках паседжаньня, якое праходзіла у Антальлі (Турэччына) 12 траўня.

Спартоўцам Расеі і яе саюзьніка Беларусі быў забаронены ўдзел у спаборніцтвах у большасьці алімпійскіх відаў спорту пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 года.

Апошні раз FIG падоўжыла забарону на ўдзел спартоўцаў і афіцыйных асобаў з Расеі і Беларусі ў сваіх спаборніцтвах 3 сакавіка.

28 сакавіка выканкам МАК рэкамэндаваў дапускаць да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах расейскіх і беларускіх спартоўцаў, якія публічна не выказваліся ў падтрымку вайны ва Ўкраіне і не зьвязаныя зь сілавікамі, толькі ў якасьці нэўтральных атлетаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спартовыя чыноўнікі 36 краін выказаліся катэгарычна супраць выступаў атлетаў зь Беларусі і Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна байкатуе чэмпіянат сьвету па дзюдо праз удзел Беларусі і Расеі