Дзяніс Урбановіч ваюе на баку ўкраінцаў другі год. Падчас чарговага вяртаньня з-пад Бахмуту на ратацыю ён расказаў Свабодзе пра тое, што там адбываецца цяпер.
Паводле Ўрбановіча, расейцы пачалі абстрэльваць абаронцаў Бахмуту боепрыпасамі, якія раскідаюць «аскепкі» белага фосфару — хімічнага рэчыва, забароненага паводле міжнародных канвэнцый аб вайне. Пра ўжываньне фосфарных боепрыпасаў расейцамі ў Бахмуце таксама заяўляла камандаваньне сіламі спэцыяльных апэрацый Узброеных сіл Украіны.
«Тое, што я бачыў, адбывалася па начах, падчас абстрэлаў. Не было зразумела, гэта працуе „арта“ (артылерыя. — РС) расейцаў ці гэта ракеты. Але не авіяцыя. Проста прыляціць нешта, узарвецца, а разрыў — як фаервэрк, белыя агеньчыкі зь неба падаюць. Аднаго разу мы ледзь ня трапілі пад такі абстрэл — пасьпелі адысьці за некалькі хвілінаў. Пашанцавала. Гэта дакладна быў белы фосфар — іншыя разрывы такога віду ня маюць», — расказвае Дзяніс Урбановіч.
Выкарыстаньне боепрыпасаў з фосфарнымі рэчывамі рэглямэнтуецца шэрагам міжнародных дамоваў. Расея афіцыйна не прызнавала, што прымяняе такія боепрыпасы супраць Украіны.
Дзяніс Урбановіч расказвае, што пасьля падобных выбухаў бачыў на зямлі «скруткі» белага рэчыва памерам з пушку запалак. Паводле яго, пра тое, што расейскія войскі ўжываюць такія боепрыпасы, іх папярэджвалі камандзіры. Інструкцыя забараняе дакранацца да кавалкаў белага фосфару рукой ці спрабаваць неяк стрэсьці рэчыва, калі яно трапіла на адзежу.
«Адзінае выйсьце — хутка распранацца. Пазбаўляцца ад адзежы, амуніцыі, усяго, на што трапіў белы фосфар. Ні ў якім разе не спрабаваць яго заліць вадой. Рэчыва прапальвае вопратку, потым да касьцей чалавечыя тканкі, вельмі цяжка тады залечваць гэтыя раны. У нашых каліноўцаў такіх ранаў няма, шанцуе. Але ведаю, што некаторыя ўкраінцы ад гэтага пацярпелі. Расейскія войскі не саромеюцца ўжываць белы фосфар, хоць ён лічыцца хімічнай зброяй. Яны адмаўляюць нават, што маюць такую зброю, але мы бачым яе сьляды ўсё часьцей», — расказаў Дзяніс Урбановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой бацька фактычна ў закладніках». Дзяніс Урбановіч адрэагаваў на візыт ГУБАЗіКа да родных«Самалёт, пад якім здымаўся Пазьняк, яшчэ на нашай тэрыторыі»
Паводле Дзяніса Ўрбановіча, баі ў Бахмуце не спыняюцца ні на дзень.
«Прайшоў Вялікдзень каталіцкі, потым праваслаўны, цяпер прайшоў Дзень перамогі. Але ў Бахмуце сьвятаў не бывае, там баі ні зь якой прычыны не спыняюцца. Расейцы ўсё гэтак жа ўпарта лезуць наперад, гінуць, але атакуюць. Мы баронімся. Баі ідуць за кожную вуліцу, за кожны дом. Яны нешта захопяць, але потым мы гэта адбіваем. У нас яшчэ недзе 7% тэрыторыі гораду, заходняя частка. Той самалёт на ўезьдзе ў горад, побач зь якім фоткаўся Зянон Пазьняк, калі прыяжджаў на пачатку году ў Бахмут, яшчэ на нашай тэрыторыі. Мяркую, месяц напэўна зможам гэтак утрымліваць Бахмут, а то і больш. А там паглядзім», — сказаў суразмоўца.
Паводле Дзяніса Ўрбановіча, нядаўнія зьвесткі пра тое, што пад Бахмутам вайскоўцы УСУ разьбілі дзьве роты расейцаў, адпавядаюць рэчаіснасьці.
«Так, гэта было і вельмі нас усіх парадавала. Але гэта невялікая перамога. То яны нас, то мы іх. Баі працягваюцца».
Дзяніс Урбановіч таксама кажа, што ніякага адводу з Бахмуту вагнэраўцаў 10 траўня, як пагражаў камандзір расейскіх наймітаў Прыгожын, не адбылося.
«Ды і не магло нічога такога быць. Адпачатку ён блефаваў. Па-першае, нікуды яны не падзенуцца, бо свае не дадуць ім адысьці. Па баках ад іх ваююць расейскія рэгулярныя часткі, як ім адыходзіць? Ніхто не дазволіць. Па-другое, і заява Прыгожына, што нібыта ім не хапала снарадаў, была адпачатку лухтой. Снарадаў ім давалі дастаткова заўсёды, агонь зь іх боку ніколі ня быў меншым. Лічу, Прыгожын проста спрабаваў падмануць украінцаў. Каб думалі, што „вось які ў рускіх раздрай, хутка пабягуць“. Але насамрэч яны бегчы яшчэ не зьбіраюцца — сілаў і матывацыі ім хапае. Як былі зомбі, як лезьлі па сваіх трупах наперад, гэтак і лезуць», — сказаў добраахвотнік.
Паводле назіраньняў Дзяніса Ўрбановіча, цяпер расейцы ваююць крыху інакш, больш арганізавана, але хапае ў іх і «ранейшага бардаку».
«Авіяцыю часьцей пачалі выкарыстоўваць. Гэты бедны Бахмут пляжаць зноў і зноў, ужо ня толькі артылерыяй, але і з самалётаў разбіваюць ушчэнт апошнія дамы. Неяк рызыкнуў і знарок падняўся на ўзвышша, каб паглядзець адтуль на тое, што засталося ад гораду. Жывога месца няма, а ўсё бамбяць і бамбяць. Другое, што дронаў у іх стала болей. Тактыку наступаў удасканалілі — цяпер часьцей ідуць у бой маленькімі групамі, спрабуюць „прасачыцца“, знайсьці ў нас шчыліну, а ня пруць, як раней, у лабавую. Але бывае, што трапляюць пад удары сваёй жа артылерыі. Такое на свае вочы бачыў. Няўзгодненасьці і бардаку ў іх меней ня стала», — падзяліўся назіраньнямі пра дзеяньні расейскага боку Дзяніс Урбановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зноў зьбіраюся на фронт». Вялікая размова зь Дзянісам Урбановічам«У нас зброя добрая, сучасная»
Ці бачыць баец палку Каліноўскага прыкметы таго, што неўзабаве пачнецца абяцаны контранаступ Узброеных сілаў Украіны? На такое пытаньне Дзяніс Урбановіч адказвае павольна, падбіраючы кожнае слова.
«Мы выконваем сваю задачу, і нам цяжка сказаць, будзе контранаступ ці не. У нас тая ж зброя, што і была — добрая, сучасная. У суседзяў таксама мала што зьмянілася. У іх ёсьць цяжкая тэхніка; калі трэба, яны нам заўсёды дапамагаюць, могуць і танк даць у падтрымку. Магчыма, недзе сілы назапашваюцца, прыходзіць новая тэхніка, але мы пэўна нічога сказаць ня можам. Надвор’е стаіць сонечнае, думаю, зямля падсохла і ўмовы для контранаступу сасьпеюць. Але калі ён пачнецца, мы ня ведаем», — сказаў Дзяніс Урбановіч.
Падчас аднаго з баёў у траўні Дзяніс Ўрбановіч зноў быў кантужаны, але кажа, што няцяжка. Аказалі мэдычную дапамогу і ўсё прайшло без наступстваў. Праз два дні Дзянісу Ўрбановічу зноў ісьці на баявое заданьне ў абароне Бахмуту.
«У Бахмут цяпер заходзім пешкі, бо дарога прастрэльваецца, на машыне не рызыкуем. Ідзём, як у абцугі. Разумеем, што вораг імкнецца перарэзаць гэтую гарлавіну, бо абаронцы гораду тады застануцца ў акружэньні. Але дапамагаем адзін аднаму, каб гэтага не адбылося. Таму нічога, вялікага страху няма. Спадзяюся, выстаім і пераможам», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра сьмерць на вайне думаеш толькі першы месяц». Добраахвотнік «Туз» пра Ўкраіну і перамогу