У Кіеве абвясьцілі аб стварэньні ўкраінска-беларускага хабу, які будзе папулярызаваць валянтэрскі рух і дапамагаць беларускім і ўкраінскім вайскоўцам на фронце.
«Летась, калі пачалася актыўная фаза вайны, я меў гонар ачоліць Кіеўскі абласны цэнтар валянтэраў, і практычна кожны трэці ў гэтым цэнтры быў беларус. Гэта факт. Яны працавалі натхнёна і шмат, ня менш, чым украінцы — яны вывозілі людзей разам з нашымі валянтэрамі з Ірпяня, дастаўлялі лекі на часова акупаваныя тэрыторыі Кіеўскай вобласьці. Фактычна з гэтага моманту і пачалося наша сынэргетычнае ўзаемадзеяньне», — сказаў кіраўнік Агенцтва дэмакратыі і інфармацыйных свабод Юры Фядоранка на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.
Паводле яго, цяпер супраца лягічна фармалізуецца ў супольным праекце.
«У нашага хабу будзе некалькі напрамкаў дзейнасьці. Першы — гэта дапамога байцам, якія цяпер знаходзяцца на перадавой, незалежна ад таго, беларусы гэта ці ўкраінцы. Мы будзем рабіць максымум намаганьня, каб дапамагчы ўсім, хто патрабуе нашай дапамогі. Другі — юрыдычны, напрацоўка „дарожных мап“ для вырашэньня ключавых праблем беларусаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, пачынаючы ад легалізацыі. Трэці напрамак — дапамога дзецям», — удакладніў Юры Фядоранка.
Беларуская актывістка Ірына Лукашэнка паведаміла, што першая падзея ў хабе адбудзецца 21 траўня, і яна будзе прымеркаваная да Дня палітвязьняў Беларусі, які быў вызначаны пасьля сьмерці ў турме Вітольда Ашурка.
«З 24 лютага шмат беларусаў ня зьехалі з Украіны. Мы ўсе былі, дапамагалі і тут, і ў Польшчы, падтрымлівалі і рабілі ўсё магчымае. Толькі пра нас вельмі мала ведаюць і мала гавораць, таму, уласна, хаб будзе расказваць пра валянтэраў, таму што нас вельмі шмат і мы ўсе салідарныя з Украінай», — дадала яшчэ адна беларуская актывістка Алена Жаркевіч.
Дарадца Асацыяцыі гарадоў Украіны і Ўкраінскай асацыяцыі раённых і абласных рад Іван Фурсенка дадаў, што, апроч дапамогі і папулярызацыі валянтэрскага руху, хаб зможа стаць плятформай для камунікацыі між беларусамі і ўкраінцамі.
«Хаб будзе папулярызаваць нашы дачыненьні, дапаможа абменьвацца ў тым ліку і культурнымі дасягненьнямі, бо нашы культуры глыбока зьвязаныя гістарычна. Гледзячы на гісторыю, мы мусім выбудоўваць нашы супольныя крокі ў будучыню», — адзначыў Іван Фурсенка.
Беларуская блогерка Тацяна Мартынава дадала, што хаб мае таксама выконваць інфармацыйную функцыю, паколькі беларусы і ўкраінцы мала ведаюць адзін пра аднаго. «Хаб, які ствараецца — гэта дзьверы для таго, каб мы больш ведалі адзін пра аднаго, месца, куды зможа прыйсьці любы чалавек, таму што цяпер, па сутнасьці, беларусам ісьці няма куды. Я вельмі спадзяюся, што мы будзем карысныя і беларусам, і ўкраінцам», — мяркуе Тацяна Мартынава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўзмацніла мабільнымі групамі СПА свае межы зь Беларусьсю і Расеяй ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Эўракамісіі паведаміла, калі Ўкраіна можа пачаць перамовы пра ўступленьне ў Эўразьвяз