Такім чынам яны выказваюць нязгоду з «захопам рынку перавозак на Ўсход беларускімі і расейскімі кампаніямі», паведамляе Radio Lublin.
Удзельнікі акцыі сьцьвярджаюць, што беларускія прадпрыемствы «наносяць удар па польскай транспартнай галіне», захопліваючы рынак. Гэтыя кампаніі «больш канкурэнтаздольныя, таму што ідуць проста ў Расею», што недаступна для польскіх перавозчыкаў.
«Мы патрабуем забараніць уезд беларускіх і расейскіх паўпрычэпаў у Польшчу, — цытуе радыёстанцыя прадстаўніка польскай кампаніі Казімежа Блажэйчыка. — Па нашай транспартнай галіне б’юць беларускія кампаніі з замежным капіталам, якія рэгіструюцца ў Польшчы. Беларусы масава ствараюць фірмы ў Польшчы, езьдзяць на паўпрычэпах [зь беларускімі нумарамі]. Гэтыя кампаніі — фікцыя: у іх няма нармальнай дакумэнтацыі, нармальнай бухгальтэрыі, транспартнай базы. Такая кампанія сёньня ёсьць, а заўтра яна будзе «глючыць»: ня будзе плаціць ні падаткі, ні людзям».
Па словах прадстаўніка галіны, гэты пратэст зьяўляецца «праявай бясьсільля», таму што польскія кампаніі «павінны працаваць, а не пратэставаць». Праблема ж, на яго думку, выклікана «дзіравымі санкцыямі», якія былі ўведзены Эўразьвязам у дачыненьні да Расеі.
Паводле інфармацыі ўдзельнікаў акцыі пратэсту, у 2022 годзе «выхадцы з Украіны, Беларусі і Расеі паадкрывалі ў Польшчы каля дзьвюх тысяч транспартных кампаній, гэта каля пяці тысяч аўтамабіляў. Яны сьцьвярджаюць, што беларускія кампаніі «заніжаюць тарыфы», выйшлі на польскі рынак і фактычна адбіраюць у мясцовых перавозчыкаў заказы, пры гэтым размова ідзе «ня толькі аб Усходзе, таму што яны вязуць грузы і на Захад».
«Пратэст перавозчыкаў і зьвязаная з гэтым блякада датычацца экспартнага кірунку з Польшчы», — паведаміла камісар Палаты падатковай адміністрацыі ў Любліне Мажэна Семянюк.
Radio Lublin зазначае, што «цяпер пратэстоўцы прапускаюць «адну машыну за гадзіну», а транспарт, які ідзе зь Беларусі, «пакуль езьдзіць свабодна». Удзельнікі акцыі пратэсту папярэджваюць, што калі зь імі не пачнуць размаўляць, яны перакрыюць і зваротны кірунак, а таксама пункт пропуску зь Літвой, празь які таксама заяжджаюць беларускія і расейскія перавозчыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія дальнабойнікі пачалі акцыю пратэсту паблізу беларускай мяжы23 сакавіка польскія грузавыя кампаніі правялі папераджальную акцыю, каб сярод іншага дамагчыся забароны на рэгістрацыю ў краіне кампаній-перавозчыкаў з расейскім і беларускім капіталам «на кальцавой дарозе, без уезду ў Варшаву». Пратэстоўцы далі ўраду 14 дзён на тое, каб адрэагаваць на выстаўленыя патрабаваньні.
У рамках абмежавальных мер у дачыненьні да Расеі за вайну супраць Украіны і роля Беларусі ў ваеннай агрэсіі Эўразьвяз з 9 красавіка 2022 года забараніў беларускім перавозчыкам перамяшчаць грузы аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзітам.
Улады ў Менску ў адказ на гэта з 16 красавіка забаранілі перамяшчэньне зарэгістраваных у ЭЗ цягачоў праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу ў Беларусь. Выключэньне зроблена для транспарту, які ідзе праз пэўныя пункты пропуску ў спэцыяльна вызначаныя месцы для правядзеньня грузавых апэрацый і перачэпліваньня. Для гэтага было выдзелена 14 пунктаў мытнага афармленьня і зон чаканьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі для палякаў цяпер найгоршае становішча ў сьвеце» — Канцылярыя прэзыдэнта ПольшчыНовы віток «транспартнай вайны» пачаўся неўзабаве пасьля таго, як у Беларусі з палітычных матываў асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі журналіста, актывіста неафіцыйнага Саюзу палякаў Анджэя Пачобута.
10 лютага Польшча на няпэўны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі. У адказ 17 лютага ўрад Беларусі абмежаваў уезд на тэрыторыю Беларусі для польскіх грузавых аўтамабіляў і цягачоў.
Міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі 23 сакавіка заявіў, што калі беларускія ўлады адпусьцяць Пачобута, памежны пераход у Баброўніках будзе адкрыты на наступны дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек са сталі», аскетычны ў турэмным жыцьці, іграў панк-рок. 8 фактаў пра палітвязьня Анджэя Пачобута, якому споўнілася 50 гадоўЗакрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.