Аляксандар Клюеў — сакратар Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, грамадзкі актывіст. Раней жыў у Беларусі, працаваў у ІТ, зараз займаецца грамадзкім сэктарам. Аляксандар вучыўся ў БДУІРы, але на 4-м курсе яго адлічылі праз тое, што быў адным з заснавальнікаў студэнцкага страйкаму. Цяпер Аляксандар жыве ў Польшчы.
«Я заўсёды цікавіўся мовазнаўствам, беларусістыкай. Зь першага курсу займаюся на валянтэрскіх пачатках перакладамі ўсялякага праграмнага забесьпячэньня, ІТ-тэрміналёгіяй. Таксама зараз даволі шчыльна займаюся „Вікіпэдыяй“ і некаторымі іншымі праектамі, зьвязанымі зь беларускай мовай», — апавядае Клюеў.
Зьбіраць базу ІТ-тэрмінаў на беларускай мове Аляксандар пачаў яшчэ ў 2018-2019 гадах, калі актыўна ўдзельнічаў у перакладзе Telegram.
«У нас сфармавалася даволі моцная супольнасьць з навічкамі, а таксама прафэсійнымі перакладчыкамі, якія разьбіраюцца ў пазыцыі Інстытуту мовазнаўства і беларускай мове. У некаторых пытаньнях мелі экспэртызу ў глясарыях Samsung, Google, Microsoft. Мы бралі напрацоўкі старэйшых спэцыялістаў і на падставе гэтага штосьці разьвівалі».
Аляксандар кажа, што сабраў усе пытаньні, спрэчныя моманты перакладу ў асобную табліцу.
«Асабліва гэтаму паспрыяў праект Ubuntu. Калі мы пачалі перакладаць, там вельмі шмат было пытаньняў, блытаніны ў тэрміналёгіі. Прыходзілі абсалютна новыя людзі, якія не былі ў кантэксьце папярэдніх размоваў, а так можна было проста ім даць табліцу са спасылкамі, як Samsung перакладаў, як Google, на каго лепей глядзець, якіх правілаў стылю мы прытрымліваліся. Так я пачаў зьбіраць гэты глясарый».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяз грантаў і офісу на Мангэтане. Як беларусы замежжа папулярызавалі сваю культуру за паўвека да YouTube і TikTokПасьля таго, як у Аляксандра канфіскавалі тэхніку сілавікі, ён страціў доступ да рэдагаваньня старой табліцы, хаця ёй працягвалі карыстацца людзі.
«Я зрабіў копію той табліцы, узяў яшчэ табліцу іншага чалавека, які даволі моцную сабраў базу тэрмінаў. Нешта дадаў са сваіх перакладаў, да чагосьці дадумаўся, устаўляў у таблічку, неяк прыводзіў усё гэта да ладу, рыхтаваў і вырашыў усё ж такі апублічыць, каб людзі карысталіся».
Актывіст кажа, што ў працэсе фармаваньня тэрміналёгіі ёсьць некалькі фазаў.
«Спачатку робіцца аналіз таго, як ужываюць тэрмін у спэцыяльным, прафэсійным коле (тыя ж айцішнікі) і як звычайныя людзі. Гэта ўсё зьбіраецца ў нейкую базу, уніфікуецца. Я ня маю лінгвістычнай адукацыі, так што я больш браў працы іншых людзей, якія гэтую адукацыю маюць. У тым ж Google i Microsoft такія людзі ёсьць. Таксама я занатоўваў свае спробы».
Аляксандар расказвае, чаму ў ягонай базе тэрмінаў ёсьць некаторыя разыходжаньні з працамі папярэднікаў. Напрыклад, перакладчык падкрэсьлівае, што не прымае перакладу account як «конт». Тэрмін «дадатак» у матэрыялах групы kamputerm — адпаведнік ангельскіх add-in і ad-on, а ў Аляксандра — supplement.
«Ёсьць пытаньні ў мэтадалёгіі выпрацоўкі некаторых тэрмінаў, наколькі яны абапіраюцца на рэальны ўзус (агульнапрынятая практыка. — РС). Вось тое ж „конта“ хутчэй выглядае як інавацыя, я так разумею, што гэта зьвязана з польскім словам і са словам „акаўнт“. Яно выглядае лягічна ў нейкім этымалягічным сэнсе, але, напэўна, ня мае ўзусу ў грамадзтве, яно не зразумелае канцавым карыстальнікам і тут ідзе проста мэтадалягічнае парушэньне.
І быў „account“ — „уліковы запіс“, я так мяркую, што гэта проста калькаваньне ідзе ад „учётная запись“. Думаю, што ўзялі бухгальтарскі тэрмін і адаптавалі; мабыць, яшчэ параўналі словаўжываньне „account“ — „уліковы запіс“ і прыйшлі да такой высновы, што больш падставы мае такі варыянт».
Так, Аляксандар прызнаецца, што мае пэўныя пытаньні да мэтадалёгіі, якую выкарыстоўвала група Kamputerm.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У міліцыі гаварылі, што згвалцяць мяне». Як журналіст раёнкі і аўтар славутага стрыму пасьля перасьледу трапіў у Нью-Ёрк
«Хочацца прасоўваць ідэі злучэньня правапісаў»
База ІТ-тэрмінаў, якую зрабіў Клюеў, напісаная афіцыйным правапісам. Гэта зроблена для таго, каб адны і тыя ж тэрміны можна было выкарыстоўваць у розных апэрацыйных сыстэмах, праграмах.
«Гэта і пытаньне ў матэрыяльнай базе акадэмічнага правапісу, колькі там усялякіх слоўнікаў, прац аб этымалёгіі ёсьць, наколькі яна ўжываецца ў грамадзтве, наколькі больш зразумелая, пашыраная. У клясычным правапісе няма тых жа граматычных слоўнікаў і іншага. Я не зьяўляюся нейкім ненавісьнікам клясычнага правапісу, я сам калісьці ўжываў яго, але зь цягам часу перайшоў да акадэмічнага і яго прасоўваю. Хаця таксама хочацца пашыраць ідэі злучэньня правапісаў, бо мова ў нас адна. І таму пытаньні „акадэміі“ і „клясыкі“ — гэта больш пытаньні палітыкі, а не мовазнаўства».
У сваёй базе тэрмінаў Аляксандар пакідае пераклад слова, які цяпер больш ужываецца.
«Калі браць з самага нуля, адмаўляць нейкія рэчы, напрацоўкі акадэміі, можна вельмі шмат часу змарнаваць на высьвятленьне дробных пытаньняў, якія ўжо вырашылі больш адукаваныя людзі. Я пакідаю слова «блакіраваць», бо цяпер такая норма больш пашыраная, больш выкарыстоўваецца, але я дапускаю, што зь цягам часу, калі будзе зьмяняцца практыка словаўжываньня, можа паўстаць форма «блакаваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не вяртайцеся ў Беларусь, пакуль Лукашэнка пры ўладзе». Гутарка з кіраўніком фонду BYSOL Андрэем Стрыжаком
«Гуляеш у Minecraft, а вакол цябе беларуская мова»
Усяго на стварэньне базы тэрмінаў пайшло каля 4 гадоў, кажа Аляксандар.
«Гэтая праца ідзе недзе з 2018-2019 году, потым быў перапынак і пасьля вярнуўся, пачаў перакладаць ужо праграмы, гульні. Вось у базе ёсьць некаторыя мае напрацоўкі зь перакладу гульні ProjectZomboid. Я памятаю момант, калі я рэдагаваў табліцу і так шмат было напрацовак, я так хутка „ўбіваў“ усё, што ў мяне зводзіла рукі», — усьміхаецца перакладчык.
Табліца перараблялася некалькі разоў, дапаўнялася і рэдагавалася, дадае Аляксандар.
«Былі рэвізіі, новыя камэнтары ўзьнікалі. Напрыклад, тэрмін „image“ зараз перакладаецца як „відарыс“, а ў той жа „Вікіпэдыі“ працягваюцца дыскусіі, маўляў, лепей гаварыць „выява“. Гэта ўсё абмяркоўваецца, я пакуль што захоўваю тую ж самую пазыцыю, але паважаю пазыцыю апанэнтаў».
Аляксандар Клюеў кажа, што пакуль атрымліваў пазытыўную рэакцыю на створаны глясарый.
«Калегі і знаёмыя павагу выказалі. Па сутнасьці, людзі, якія даўно і сур’ёзна займаюцца перакладам праграмнага забесьпячэньня на беларускую мову і ведаюць праблемы кампутарнай тэрміналёгіі, для іх гэтая таблічка не навінка, гэта проста сабранае ў адным месцы тое, што ўсе ведаюць больш-менш. Таксама мне было прыемна, што людзі, якія па-расейску размаўляюць, сказалі, што такі глясарый — гэта крута».
На пытаньне, навошта цяпер людзям ІТ-тэрміналёгія па-беларуску, Клюеў адказвае так:
«Гэта пра нашу нацыянальную традыцыю, выпрацоўка нашай нацыянальнай традыцыі навукі, асяродзьдзя, асьветы грамадзтва з боку беларускай мовы. Гэта комплекс. Бо вучыць беларускую мову трэба ня толькі з падручнікаў. Вось нават калі гуляеш у Minecraft, а вакол цябе беларуская мова — і дзеткам будзе прасьцей, ды і дарослым карысна».
Цяпер Аляксандар займаецца праграмай LanguageTool, а таксама іншымі праектамі.
«Я паляпшаю там правілы ў граматыцы, таксама „Вікіпэдыяй“ шмат займаюся, перакладам гульні ProjectZomboid. Яшчэ ў Twitter раблю цікавыя публікацыі: часам зачаплюся за нейкі тэрмін, пачну дасьледаваць — і выкладаю лонгрыды з маімі разборамі. Бывае, бачу нейкія непасьлядоўнасьці ў акадэмічных слоўніках ці нейкія памылкі факталягічныя і на іх раблю заўвагі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус выдаў кнігу пра эміграцыю, выручка ад якой пойдзе на дапамогу палітзьняволеным