Працэсія Божага Цела ў Менску ў 2023 годзе заплянаваная на нядзелю 11 чэрвеня. Гэта штогадовая масавая працэсіяя каталіцкіх вернікаў, якія выходзяць на цэнтральныя вуліцы гарадоў, каб сьведчыць пра сваю веру ў Хрыста, прасіць Божага дабраслаўленьня для гораду, народу і ўсяго сьвету, піша Katolik.life.
Летась працэсія праходзіла ў Менску ўпершыню пасьля двухгадовага перапынку. Сотні вернікаў ішлі па праспэкце Незалежнасьці ад касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы да Чырвонага касьцёла і рабілі прыпынкі каля алтароў, у тым ліку ля Вечнага агню на плошчы Перамогі.
Сёлета ў цэнтры Менску католікі правядуць працэсію Божага Цела ўпершыню без прыпынку ля Чырвонага касьцёла.
«На вялікі жаль, каля нашай сьвятыні, якая патрабуе асаблівай увагі і малітвы, алтар упершыню за 33 гады не заплянаваны», — паведаміла парафія ў гонар святых Сымона і Алены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камісія ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе заявіла пра пагаршэньне сытуацыі са свабодай веравызнаньня ў БеларусіЧырвоны касьцёл закрыты ўжо больш за 7 месяцаў
- Чырвоны касьцёл закрылі на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
- Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацыяў і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцыяў».
- 6 кастрычніка з парафіяй скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла.
- 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі праводзіць набажэнствы ў плябані, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
- У сярэдзіне лютага 2023 году вернікі і сьвятары змаглі агледзець Чырвоны касьцёл знутры. Прадстаўнікі касьцельнага камітэту пазьней адзначылі на парафіяльным сайце, што ў залі для набажэнстваў не было знойдзена «сьлядоў узгараньня, сажы і іншых бачных пашкоджаньняў».