Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Менску забаранілі праводзіць велікодныя набажэнствы каля зачыненага Чырвонага касьцёлу


Пробашч Чырвонага касьцёлу Ўладзіслаў Завальнюк моліццца на ганку сьвятыні, 11 кастрычніка 2022 году
Пробашч Чырвонага касьцёлу Ўладзіслаў Завальнюк моліццца на ганку сьвятыні, 11 кастрычніка 2022 году

Менскія ўлады адмоўна адказалі на просьбу каталіцкай парафіі Сьвятых Сымона і Алены дазволіць велікодныя службы ў плябаніі і на прылеглай тэрыторыі Чырвонага касьцёлу, які быў зачынены ўвосень 2022 году пасьля невялікага пажару.

Чыноўнікі расцанілі просьбу як заяўку на масавае мерапрыемства.

У паведамленьні парафіяльнага камітэту гаворыцца:

«Паважаныя вернікі, у гэтым годзе Велікодныя сьвяты для нашых парафіі асаблівыя. Маем нагоду бліжэй дакрануцца і перажыць зьнявагі, адкінутасьць і боль нашага Збаўцы. На вялікі жаль, наша сьвятыня да гэтага часу зачыненая. Чырвоны касьцёл, які ў пасхальныя дні з малітвай напаўнялі тысячы вернікаў, зараз пусты. Наш Збавіцель, Які прыняў страшэнныя пакуты за ўсіх людзей, імі ж — людзьмі — выгнаны са сьвятыні.

Мы зьвярталіся да ўладаў з просьбай дазволіць Богаслужэньні на Велікодныя ўрачыстасьці, аднак атрымалі адказ — нельга. Вось такое «пасхальнае віншаваньне».

Таксама вернікі на сваім сайце апублікавалі афіцыйны адказ Менгарвыканкаму на двух старонках.

Зь яго вынікае, што просьбу аб велікодным набажэнстве каля храму ўлады расцанілі як заяўку на масавае мерапрыемства, для правядзеньня якога трэба загадзя аплачваць паслугі міліцыі, мэдыкаў і камунальнікаў.

Пасьля пераліку падзеяў мінулай восені, зьвязаных зь невялікім пажарам і наступных забаронаў на выкарыстаньне вернікамі Чырвонага касьцёлу, а таксама спасылак закон «Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў» і на адпаведныя пастановы Савету міністраў, зьвязаныя з правядзеньнем масавых мерапрыемстваў, чыноўнікі пішуць:

«Зьвяртаем Вашу ўвагу на тое, што пададзеная Вамі заява не адпавядае патрабаваньням артыкулаў 5,6 і 9 Закону, а таксама патрабваньням вышэйпададзеных пастановаў Савету міністраў... Менгарвыканкам не ўзгадняе правядзеньне заяўленых масавых мерапрыемстваў і паведамляе аб недапушчальнасьці парушэньня грамадой дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь».

Ліст падпісаў намесьнік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран.

  • Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі. Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
  • 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
  • 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі Св. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
  • Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
  • Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG