Харвацкі гурт зь песьняй пра вусатага дыктатара на трактары выйшаў у фінал «Эўравізіі». ВІДЭА

Скрыншот зь відэа: «Эўравізія», YouTube, вусаты дыктатар з кліпу харвацкага гурту «Let 3»

Гурт «Let 3» выконвае песьню пра вусатага дыктатара, які носіць вайсковую форму, пагражае сьвету ядзернай зброяй і езьдзіць на трактары.

Харвацкі гурт «Let 3» зь песьняй «Mama ŠČ» выйшаў у сьпіс пераможцаў першага паўфіналу сьпеўнага конкурсу «Эўравізіі», што адбыўся 9 траўня ў брытанскім Лівэрпулі. Гэты гурт выйшаў у фінал разам з 9 іншымі ўдзельнікамі, паведамляе «Белсат».

Гурт «Let 3» выконвае песьню, у якой высьмейвае вусатага дыктатара, атачэньне якога любіць чырвона-зяленыя колеры, а сам ён носіць вайсковую форму, пагражае сьвету ядзернай зброяй і езьдзіць на трактары.

У першым паўфінале было паказана 15 кампазіцыяў, 10 зь якіх адкрылі сваім выканаўцам шлях да фіналу конкурсу. У фінал выйшлі выканаўцы з Харватыі, Малдовы, Швайцарыі, Фінляндыі, Чэхіі, Ізраілю, Партугаліі, Швэцыі, Сэрбіі і Нарвэгіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не бярэ ўдзелу ў «Эўравізіі» трэці раз запар, але беларусы могуць прагаласаваць

Кліпы паўфіналістаў можна пабачыць на YouTube-канале конкурсу.

Летась на «Эўравізіі» перамаглі ўкраінцы Kalush Orchestra зь песьняю «Стэфанія». Паводле правілаў конкурсу, наступны раз «Эўравізія» мелася прайсьці ў краіне пераможцаў. Але з прычыны вайны ва Ўкраіне конкурс перанесьлі ў Аб’яднанае Каралеўства, прадстаўнік якога заняў другое места на «Эўравізіі-2022».

Цырымонія адкрыцьця прайшла 7 траўня, першы паўфінал — 9 траўня, другі паўфінал заплянаваны на 11 траўня, а фінал — на 13 траўня. Паўфіналы і фінал пачынаюцца а 21:00 паводле цэнтральнаэўрапейскага часу, у Беларусі гэта 22:00.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі гурт Naviband і ўкраінская сьпявачка Tayanna запісалі песьню на беларускай і ўкраінскай мовах. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З прычыны расейскай ваеннай агрэсіі «Эўравізія-2023» пройдзе ў Вялікай Брытаніі ад імя Ўкраіны