9 траўня шэсьце «Несьмяротнага палку» адбылося на падворку Сьвята-Елісавецінскага манастыра ў Менску, у ім узялі ўдзел дыпляматы амбасады Расеі ў Беларусі, паведамляе прэс-служба амбасады ў Тэлеграме і публікуе фота шэсьця.
На відэа, якое апублікаваў тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія», відаць шэсьце, якое аб’ядноўвае ў сабе хрэсны ход і шэсьце прарасейскіх актывістаў: з крыжамі і абразамі, пад песьню «Кацюша», з расейскімі сьцягамі зь літарай «Z» на іх, георгіеўскімі стужкамі і сьцягам НОД.
Таксама «Хрысьціянская візія» публікуе фота манахіні Аляксандры, кіраўніцы групы ў манастыры, якая займаецца выкананьнем заявак для расейскіх вайскоўцаў: на ім яна пазуе для фота з расейскім сьцягам зь літарай Z на ім.
Напярэдадні паведамлялі, што ўлады Менску адмянілі шэсьце «Несьмяротны полк», якое плянавалі правесьці прарасейскія актывісты ў Беларусі. Як расказаў старшыня аргкамітэту прапагандысцкай акцыі Валерый Драко, «Менгарвыканкам без тлумачэньня прычын зьмяніў фармат правядзеньня мерапрыемстваў 9 траўня 2023 году, шэсьце „Несьмяротнага палку“ адмяняецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Расеі зьбіраўся ісьці на чале калёны «Несьмяротнага палку», але Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні гэтай акцыі- Сьвята-Елісавецінскі манастыр вядомы тым, што адкрыта падтрымлівае расейскую ваенную агрэсію ва Ўкраіне. Прычым робіць гэта ня толькі на ўзроўні рыторыкі, але і зьбірае грошы на рыштунак для расейскіх вайскоўцаў.
- Акцыя «Несьмяротны полк» пачалася ў Расеі ў 2012 годзе як грамадзкая ініцыятыва — прайсьці шэсьцем з партрэтам свайго рэальнага сваяка, які загінуў або прынамсі ўдзельнічаў у Другой сусьветнай вайне. Крэмль узяў гэтую ідэю для прапагандысцкай акцыі, якую праводзяць па ўсёй Расеі, а таксама пракрамлёўскія актывісты за яе межамі — часам пад іншымі назвамі. Акцыі «Несьмяротны полк» праходзілі і ў Беларусі.
- Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну стваральнікі «Несьмяротнага палку», якія выступілі супраць вайны, папрасілі ня зьвязваць іх з будучымі шэсьцямі з прычыны зьмены пачатковага зьместу акцыі.