Кіраўніца Эўрапейскай камісіі Ўрзуля фон дэр Ляен 9 траўня прыехала ў Кіеў, калі ва Ўкраіне ўпершыню адзначаюць Дзень Эўропы замест традыцыйнага для постсавецкай прасторы Дня Перамогі.
«Добра вярнуцца ў Кіеў, дзе каштоўнасьці, якія мы зьберагаем, абараняюць штодзень. Таму гэта такое дарэчнае месца для сьвяткаваньня Дня Эўропы», — напісала Урзуля фон дэр Ляен на сваёй старонцы ў Twitter раніцай 9 траўня.
Прэзыдэнтка Эўракамісіі прывітала рашэньне прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага «зрабіць 9 траўня Днём Эўропы і тут, ва Ўкраіне».
А 4-й гадзіне раніцы 9 траўня расейскія войскі зноў абстралялі Ўкраіну, — на гэты раз крылатымі ракетамі «Калібар» і Х-101/Х-555.
Сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны зьнішчылі 23 з 25 запушчаных расейскіх ракет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ноч на 9 траўня расейцы выпусьцілі па тэрыторыі Ўкраіны 25 крылатых ракет9 траўня 2023 году, згодна з указам Уладзіміра Зяленскага, ва Ўкраіне ўпершыню адзначаюць Дзень Эўропы. У сваім звароце 8 траўня ўкраінскі прэзыдэнт заявіў, што накіраваў у Вярхоўную Раду законапраект, у якім прапануе вызначыць 8 траўня Днём памяці і перамогі над нацызмам у Другой усясьветнай вайне 1939–1945 гадоў.
Дагэтуль ва Ўкраіне 8 траўня адзначалі Дзень памяці і прымірэньня, а 9 траўня — Дзень перамогі над нацызмам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пастанавіў, што замест Дня перамогі 9 траўня ва Ўкраіне будуць сьвяткаваць Дзень Эўропы