Сьмяротны прысуд ім вынесьлі за абразу святыняў і прарока Мухамада. Прыкметы блюзьнерства суд выявіў у іх пастах у інтэрнэце.
Як паведамляе іранскае інфармагенцтва «Мізан» са спасылкай на прэс-службу суду, Юсэф Мэхрад і Сардола Фазэлі-Зарэ нібыта вялі ў сацыяльных сетках акаўнты «антыісламскай накіраванасьці». У прыватнасьці, згадваюцца іх пасты з абразамі прарока, яго маці і імамаў, і прапаганда атэізму. Мэхрад апублікаваў у сацсетках відэаролік са спальваньнем Карану.
Суд лічыць, што Мэхрад мадэраваў ня менш як 15 антырэлігійных каналаў у інтэрнэце.
Праваабарончая група Iran Human Rights асудзіла пакараньне Мэхрада і Фазэлі-Зарэ.
«Гэта ня толькі барбарскі акт сярэднявечнай жорсткасьці, але і замах на свабоду самавыяўленьня», — заявіў яе дырэктар Махмуд Аміры-Магадам.
Згодна з падлікамі Iran Human Rights, з пачатку гэтага году ў Іране прыведзеныя ў выкананьне больш за 200 сьмяротных прысудаў, летась — 582. У тым ліку сьмяротныя прысуды выносіліся ўдзельнікам грамадзянскіх пратэстаў, якія праходзілі ў Іране пасьля сьмерці Махсы Аміні.
У верасьні 2022 году ў Іране пачаліся пратэсты, зьвязаныя з гібельлю 22-гадовай актывісткі Махсы Аміні, арыштаванай паліцыяй нораваў за парушэньне закону аб нашэньні хіджабу. Улады Ірану жорстка падаўлялі пратэсты з ужываньнем сілы. Праваабаронцы паведамлялі аб гібелі больш за 500 чалавек, у тым ліку больш за 400 удзельнікаў пратэстаў і некалькіх дзясяткаў супрацоўнікаў сілавых структур, каля 18 тысяч былі затрыманыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране ў грамадзкіх месцах усталёўваюць «разумныя камэры», каб выяўляць жанчын без хіджабаў