Улады Ірану пачалі ўстаноўку ў грамадзкіх месцах камэр відэаназіраньня, перадае агенцтва Reuters. У паліцыі краіны заявілі, што такая мера павінна прадухіліць «супраціўленьне закону аб нашэньні хіджаба».
«Разумныя камэры» будуць сачыць за жанчынамі, якія ня носяць хіджаб або завязваюць яго недастаткова шчыльна.
У заяве паліцыі пазначана, што жанчынам, якія на відэа будуць абвінавачаныя ў няправільным нашэньні галаўной хусткі, пашлюць «папераджальныя паведамленьні». Ці будзе сьледам за папярэджаньнем штраф, у паліцыі не ўдакладнілі.
Жанчыны ў Іране абавязаны насіць хіджаб з 1979 году, калі да ўлады ў краіне прыйшлі радыкальныя ісламісты. За адсутнасьць хіджаба або за яго няправільнае нашэньне ім пагражаюць штрафы ці арышт. Нярэдкія таксама выпадкі вулічных нападаў на жанчын, якія недастаткова прыкрываюць галаву.