Сытуацыя ў гэтай сфэры, на думку аўтараў, працягвала пагаршацца, бо ўсе аспэкты жыцьця грамадзтва ў краіне знаходзяцца пад кантролем ураду «пасьля фальсыфікаваных выбараў 2020 году, у выніку якіх ва ўладзе застаўся прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка».
Складальнікі дакумэнту адзначаюць, што беларускія афіцыйныя ўлады затрымалі і прыцягнулі да суду «прынамсі 20 хрысьціянскіх рэлігійных лідэраў за меркаваную палітычную дзейнасьць, некаторых вымусілі ўцячы з краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2022 годзе сама меней 24 сьвятары зазналі перасьлед з боку ўладаў, — «Хрысьціянская візія»У справаздачы згадваецца затрыманьне «чатырох маці беларускіх салдатаў за ўдзел у малебнах аб міры ў праваслаўным Сьвята-Духавым саборы ў Менску».
Адзначаецца, што на пачатку году ў Беларусі набылі моц папраўкі да Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць «паўторную крымінальную адказнасьць у выглядзе штрафу або пазбаўленьня волі на тэрмін да 2 гадоў за індывідуальную дзейнасьць у незарэгістраваных або прымусова ліквідаваных няўрадавых арганізацыях, у тым ліку рэлігійных».
У справаздачы згадваецца закрыцьцё пасьля «загадкавага пажару» касьцёла сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл) у Менску, «сымбалю палітычнай апазыцыі рэжыму Лукашэнкі падчас пратэстаў 2020 году». Аўтары зьвярнулі ўвагу на тое, што чыноўнікі «так і не назвалі графік адкрыцьця касьцёла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Менску забаранілі праводзіць велікодныя набажэнствы каля зачыненага Чырвонага касьцёлуПасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касьцёлу ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсіяў, якія адбыліся ў адказ на масавыя пратэсты. Некаторыя сьвятары прайшлі праз затрыманьні, суды і арышты з палітычных матываў, некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
- Чырвоны касьцёл быў зачынены на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі. Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацыяў і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцыяў».
- 6 кастрычніка з парафіяй скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі праводзіць набажэнствы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
- У сярэдзіне лютага 2023 году вернікі і сьвятары змаглі агледзець Чырвоны касьцёл знутры. Прадстаўнікі касьцельнага камітэту пазьней адзначылі на парафіяльным сайце, што ў залі для набажэнстваў не было знойдзена «сьлядоў узгараньня, сажы і іншых бачных пашкоджаньняў».