З Аляксеем Маскалёвым сустрэўся адвакат Уладзімір Біліенка, якому мужчына расказаў пра затрыманьне, пабіцьцё беларускімі сілавікамі і экстрадыцыю ў Расею, паведамляе «ОВД-Инфо».
Так, Аляксей расказаў, што яго затрымалі 30 сакавіка ў горадзе Смалявічы восем беларускіх сілавікоў. Пры затрыманьні яго моцна білі рукамі і нагамі па грудзях і сьпіне, адбілі цягліцу на правай назе, а таксама нанесьлі некалькі ўдараў па галаве, у тым ліку білі яго галавой аб сьцяну.
Аляксей зазначыў, што перад затрыманьнем не званіў нікому па тэлефоне, падкрэсьліўшы, што тэлефона ў яго з сабой наогул не было, — раней СМІ паведамлялі, што адсачыць мужчыну сілавікі змаглі праз уключаны тэлефон.
Пасьля гэтага на Маскалёва надзелі кайданкі, вельмі моцна іх зацягнуўшы, і адвезьлі ў ІЧУ. Мужчына дадаў, што ад кайданкоў у яго да гэтага часу не аднавілася інэрвацыя кісьцяў рук: ён не адчувае вялікіх пальцаў. Па словах Аляксея, у ІЧУ ён правёў 2-3 дні, пасьля яго перавялі ў турму, дзе трымалі каля тыдня.
У Расею яго вывезьлі людзі ў цывільным адзеньні на легкавым аўтамабілі без ведамасных пазнак. На тэрыторыі краіны спачатку яго даставілі ў ІЧУ Смаленску, дзе ён прабыў два дні, а потым у СІЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запатрабаваў узмацніць пакараньне расейцу Маскалёву, якога раней выслалі зь БеларусіАляксея Маскалёва затрымалі ў Беларусі ў канцы сакавіка празь дзень пасьля вынясеньня яму прысуду. Аляксей знаходзіўся ў СІЗА Жодзіна. 12 красавіка СМІ пісалі, што яго ўжо экстрадавалі ў Расею, аднак дакумэнтальных пацьверджаньняў яго экстрадыцыі ў Расею няма. Улады Беларусі і Расеі на запыты адвакатаў не адказвалі.
Увагу сілавікоў сям’я Маскалёвых прыцягнула пасьля таго, як у красавіку 2022 году Маша Маскалёва, дачка Аляксея, намалявала на занятках жанчыну, якая стаяла ля сьцяга Ўкраіны і загароджвала дзіця ад ракет, якія ляцяць з боку Расеі. Дырэктарка школы выклікала паліцыю: на наступны дзень дзяўчынку зьнялі з заняткаў і разам з бацькам Аляксеем Маскалёвым і службай апекі павезьлі ў аддзяленьне.
Паліцыя знайшла ў сацсетках Аляксея камэнтары ў падтрымку Ўкраіны, а таксама карыкатуры на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Пасьля гэтага на яго спачатку склалі пратакол паводле артыкулу аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі і аштрафавалі. Затым распачалі супраць яго крымінальную справу аб паўторнай «дыскрэдытацыі» войска. У канцы сьнежня пасьля ператрусу ў кватэры яго затрымалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы ў Менску расеец Маскалёў знайшоўся ў СІЗА Жодзіна, чакае рашэньня аб эстрадыцыі