Апошняй навіной пра Мікалая Аўтуховіча, якая трапіла ў СМІ, былі зьвесткі пра ўступленьне ў сілу вынесенага яму прысуду. Паводле аднаго з сваякоў Аўтуховіча, зь якім пагаварыла Свабода, для адбыцьця пакараньня палітвязьня могуць накіраваць у Жодзінскую турму, аднак нядаўна Мікалай яшчэ знаходзіўся ў горадзенскай вязьніцы.
«Апошні ліст ён адправіў 17 красавіка. Напісаў тады, што яшчэ ў турме Горадні. Дадаў, што ў яго „ўсё нармальна“ і што ён гатовы да новага этапу выпрабаваньняў у сваім жыцьці», — паведаміў у размове са Свабодай сваяк Аўтуховіча.
Публікуем вытрымку зь ліста Мікалая Аўтуховіча, якая ёсьць у рэдакцыі.
«Не перажывайце за мяне. Такая мая доля, такі мой шлях у гэтым жыцьці. Справядлівасьць для мяне ёсьць грунтам любога дабрабыту. Буду заканчваць, каб пасьпець укінуць ліст сёньня. Усім прывітаньне і вялікі дзякуй, што клапаціліся пра мяне ўвесь гэты час. Зараз пачнецца наступны этап выпрабаваньняў», — напісаў Аўтуховіч з Горадзенскай турмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд разгледзеў апэляцыю па «справе Аўтуховіча». З Аўтуховіча зьнялі адзін артыкул, Гарачкінай скарацілі тэрмін зьняволеньняУ другой частцы ліста вязень падзякаваў людзям, якія яму дапамагаюць.
«Зараз, дзякуючы агульнай падтрымцы, я маю ўсё неабходнае. Вельмі шмат каму я хацеў бы сказаць словы ўдзячнасьці, але пакуль зрабіць гэта не магу».
Мікалай Аўтуховіч у 2014 годзе ўжо сядзеў у горадзенскай турме, калі адбываў пяцігадовы тэрмін за нібыта незаконныя дзеяньні са зброяй. Па яго словах, з таго часу ў сыстэме шмат што зьмянілася.
«Піша, што ўсё нібыта нармальна, але гэтак ён пісаў і тады, калі насамрэч быў у дрэнным стане. Вядома, што яму патрэбныя пэўныя лекі, але іх нельга трымаць у камэры, і праз гэта шмат цяжкасьцяў. Таксама непакоімся, што далей і гэтага можа ня быць, бо ў турме, куды яго хутка павязуць, умовы і нормы перадачаў будуць яшчэ горшыя», — расказаў сваяк Мікалая Аўтуховіча пра яго стан.
У кастрычніку 2022 году Гарадзенскі абласны суд асудзіў Мікалая Аўтуховіча на 25 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з артыкуламі пра тэрарызм, здраду дзяржаве і заклікі да санкцый. Віны Мікалай Аўтуховіч не прызнаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міколу Аўтуховічу ствараюць у турме «спэцыяльныя ўмовы»«Настойвае на сваёй невінаватасьці»
Па справе Мікалая Аўтуховіча былі асуджаныя яшчэ 11 чалавек, сярод якіх былая актывістка АГП Вольга Маёрава. Яе асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня, у тым ліку за ўдзел у злачыннай арганізацыі і заклікі да санкцый. Сваяк Маёравай у размове са Свабодай паведаміў, што ліставаньне зь ёю па-ранейшаму адбываецца зь вялікімі перапынкамі.
«Некаторыя лісты не даходзяць, што бачна са зьместу наступных. Няма адказу на пытаньні ці ўзьнікаюць несупадзеньні», — патлумачыў сваяк асуджанай.
Паводле суразмоўцы, апошні ліст ад Вольгі Маёравай прыходзіў на пачатку вясны. Зь яго вынікала, што палітзьняволеная ведала, куды яе адправяць адбываць пакараньне — у Гомельскую жаночую калёнію. Але ці адбылося ўжо гэта, зьвестак пакуль няма.
«У яе зьявіліся праблемы са здароўем, таму трэба скарэктаваць харчаваньне. Дзеля гэтага рэгулярна пасылаю ёй харчовыя пасылкі і ведаю, што яны даходзяць. Водгук такі, што гэта карысна і патрэбна. 31 сакавіка Вярхоўны суд разглядаў апэляцыю, фактычна ўсім прысуд пакінулі бязь зьменаў, ва ўсякім разе, тэрміны засталіся тыя ж велізарныя. Што яна пра гэта кажа? Невядома, але дакладна, што яна так і не прызнала віну, настойвае на сваёй невінаватасьці», — паведаміў сваяк Вольгі Маёравай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігуранты «справы Аўтуховіча» заявілі аб пагрозе іх жыцьцю і здароўюПрацэс над «групай Аўтуховіча» доўжыўся 5 месяцаў. Некаторыя абвінавачаныя ў судзе заявілі пра зьбіцьцё і катаваньні, а таксама пра жудасныя ўмовы ўтрыманьня.
«Быў пэрыяд, калі Вольгу раз за разам кідалі ў карцар. Толькі выйдзе — зноў пакараньне карцарам, і гэтак некалькі разоў. А бывала, што безь перапынку сядзела і месяц у карцары. Але цяпер пра такое не паведамляе, таму ёсьць надзея, што ёй сядзіцца крыху лепш, хоць асабліва на паляпшэньне ўмоваў не разьлічваем. Турма ёсьць турма. Можа што зьменіцца толькі ў калёніі. Паглядзім», — сказаў сваяк Вольгі Маёравай.
«На мыліцах яму зручней, чым з пратэзам»
Сярод фігурантаў справы Мікалая Аўтуховіча таксама літаратар і грамадзкі актывіст з Баранавічаў Уладзімер Гундар, якога асудзілі спачатку на 18 гадоў зьняволеньня, але ўжо пасьля працэсу ў Горадзенскім абласным судзе дадалі яшчэ 2,5 года. Гундар — інвалід, у яго няма адной нагі. Сваякі, зь якімі ўдалося пагаварыць, згадалі падзеі, якія спрычыніліся да новага працэсу паводле абвінавачаньня ў зьнявазе супрацоўніка пракуратуры.
«Канваіры прынесьлі Ўладзімера ў суд разьдзетага, без кашулі, і зьмясьцілі ў жалезную клетку ды прыкавалі кайданкамі да прутоў. Ён пратэставаў супраць суду, адмаўляўся ў ім удзельнічаць. І яго абурыла, што пракурор глядзела на тое, як зьдзекуюцца з інваліда, але нічога не рабіла, не спыніла канваіраў. Ён даволі рэзка выказаўся на яе адрас, і за гэта яму далі новы тэрмін. Цяпер агулам мае 20 гадоў», — расказаў Свабодзе сваяк Гундара.
Паводле суразмоўцы, Гундар па-ранейшаму моцны духам і ня скардзіцца. За кратамі палітвязень шмат чытае, вывучае Біблію.
«Запісвае свае думкі адносна прачытанага і дасылае іх у лістах, называе гэтыя запісы «складанкамі», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Гундара асудзілі на 2,5 года ў трэцяй крымінальнай справе, цяпер ягоны тэрмін зьняволеньня складае 20 гадоўПаводле суразмоўцы, у турме Ўладзімер Гундар не карыстаецца пратэзам, перасоўваецца пераважна на мыліцах.
«Яму гэтак зручней. Было спатканьне, і ён казаў, што адчувае сябе лепш. І сапраўды выглядаў бадзёра, ня так, як падчас суду. Тады ён двойчы трымаў галадоўку, адзін раз галадаваў „на сухую“ ажно 11 дзён, моцна схуднеў і выглядаў вельмі слабым. А цяпер яму лепей. У камэры зь ім яшчэ тры вязьні, усе цікавыя людзі, ёсьць што абмеркаваць, а гэтак час ідзе хутчэй. Але хутка яго мусяць этапаваць, вось толькі куды — пакуль нам невядома. Можа ўжо адправілі куды, толькі нам яшчэ нічога ня кажуць», — расказалі Свабодзе сваякі Ўладзімера Гундара.
Паводле праваабаронцаў, з 12 фігурантаў справы аб «тэрарыстычнай групоўцы Аўтуховіча» віну цалкам прызналі толькі два абвінавачаныя.