Камандуючы Абʼяднанымі сіламі Узброеных сіл Украіны Сяргей Наеў адзначыў, што зараз пагроз новага наступленьня на Ўкраіну як зь Беларусі, так і з тэрыторыі Курскай і Бранскай абласцей Расеі няма.
Камандуючы ўкраінскімі войскамі Сяргей Наеў 3 траўня прыбыў у Паўночную апэратыўную зону — на мяжу зь Беларусьсю.
Паводле Наева, колькасьць расейскіх войскаў у Беларусі зараз складае 2,5 тысячы чалавек. Пры гэтым, зазначыў ён, пагроз наступу зь Беларусі на Ўкраіну сёньня няма.
«Сытуацыя ў Паўночнай апэратыўнай зоне стабільна кантраляваная. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь працягвае знаходзіцца авіяцыйная групоўка Расейскай Фэдэрацыі, а таксама расейская групоўка наземных сіл агульнай колькасьцю да 2,5 тысячы чалавек. На тэрыторыі Бранскай і Курскай абласьцей Расеі знаходзіцца групоўка колькасьцю да 17 тысяч асоб», — заявіў Наеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцечкі дакумэнтаў ЗША паказваюць, што інфармацыя пра магчымасьць новага наступу зь Беларусі была дэзынфармацыяй Крамля- У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
- 10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў аб дамоўленасьці з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.
- У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.
- Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.
- Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне суперніка зь Беларусі.